Галадоўка Казуліна, пры ўсёй павазе да мужнасьці, пакінула дваістае ўражаньне. І ня толькі ў мяне.

Размаўляў сёньня па чарзе з двума палітолягамі.

Уладзімер Роўда лічыць, што самаахвярны крок Казуліна выглядае акурат тым маральным узорам, якіх бракуе нашай апазыцыі. Такім чынам, маўляў, былы рэктар мае шанец стаць бясспрэчным лідэрам апазыцыі, згуртаваць яе нарэшце вакол сваёй асобы.

А вось Юры Чавусаў кажа: "Хацеў бы паглядзець у вочы таму, хто параіў вылучыць менавіта такія патрабаваньні!".

Сапраўды, калі пакінуць убаку высокую тэму гераізму, то застаецца прагматычнае пытаньне аб мэтах, сродках і выніках.

"Элемэнтарнае правіла любой галадоўкі палягае у тым, што патрабаваньні мусяць быць выканальнымі", — нагадвае Чавусаў.

Так, калі вернікі змагаюцца за храм ці права яго пабудаваць, то дамагчыся свайго цалкам рэальна. І мы бачылі гэта на сьвежых прыкладах.

А што ў нашым выпадку?

Ці верыў хто хоць на каліва, што высокае начальства пасыпле галаву попелам: каемся, нелегітымныя мы! Сыходзім, вось вам ключы ад кабінэтаў!

Цяперашняя ўлада ня лічыць сябе нелегітымнай. Не пакутуе на маральныя згрызоты. Таму патрабаваньне сысьці апрыёры страчвае сэнс. Яго наверсе проста ня чуюць.

Астатнія ж пункты — і увогуле не да кіроўных вярхоў.

Што, Лукашэнка мусіць яднаць апазыцыю? Ці — ставіць пытаньне пра свой рэжым у Радзе бясьпекі ААН?

Фактычна былі вылучаны ўльтыматумы адразу ўсім бакам — і рэжыму, і лягеру ягоных апанэнтаў, і міжнароднай супольнасьці. Праграма-максымум! Ня болей рэалістычная, чым дактрына пабудовы камунізму.

Так, палітрада АДС праштампавала нейкія паперы, прадыктаваныя найперш, мусіць, меркаваньнямі гуманізму (чалавек за кратамі між жыцьцём і сьмерцю).

Камэнтатары адзначалі, што заявы з апазыцыйнага кіраўніцтва жонка Казуліна выцягвала ледзь ці не абцугамі.

Але ці паспрыяла гэта хоць каліва рэальнаму згуртаваньню?

Ня кажучы ўжо пра тое, што аб'ядноўваць калёны (замест таго каб кідацца палемічнымі камянямі) варта было перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Але два кандыдаты цягнулі коўдру ў розныя бакі нават на плошчы Каліноўскага...

Нарэшце, экспэрты адразу адзначылі, што "беларускае пытаньне" ў яго сёньняшнім выглядзе ня ёсьць кампэтэнцыяй Рады бясьпекі ААН. Так бы мовіць, нефармат.

Натуральна, празь пагрозу канкрэтнаму чалавечаму жыцьцю і міжнародная супольнасьць схамянулася. Прыняла і, мусіць, яшчэ прыме колькі там рэзалюцыяў.

Аднак ці адбудзецца такім чынам прарыў у беларускім пытаньні?

Праблема, бадай, ня столькі ў недахопе ўвагі да яго, колькі ў браку рэальных вагароў узьдзеяньня.

І вырашаецца гэтая праблема не галадоўкамі. Яна ёсьць прадметам карпатлівай і, калі хочаце, пераважна лятэнтнай дзейнасьці палітычных гульцоў ды паліттэхнолягаў.

Увогуле палітыка — мастацтва магчымага. У ёй мусіць быць моцны прагматычны, тэхналягічны чыньнік.

Між тым у найноўшай гісторыі Беларусі ім найспрытней навучылася карыстацца менавіта ўлада. А дзейнасьць, назавем умоўна, дэмакратычных сілаў увесь час грашыла і па сёньня грашыць рамантызмам і дылетанцтвам.

Так, гераізм варты таго, каб зьняць капялюш.

Так, лягеру апанэнтаў рэжыму патрэбна болей рашучых, пасыянарных асобаў.

Але варта казаць і пра іншае.

Экстрым ня ёсьць панацэяй.

Жэст адчаю не заўжды ёсьць самым моцным.

У нашым выпадку аналітыкі адзначаюць і такі момант, як паступовая дэвальвацыя самой зьявы галадовак.

Сапраўды, па-першае, грамадзтва слаба інфармаванае.

Па-другое, яно збольшага занадта інэртнае, апалітычнае, каб можна было запаліць масу адным палымяным сэрцам Данка.

Па-трэцяе, як ні жахліва, народ прызвычайваецца да навінаў пра тое, што зноў нехта галадае. Так даўно прызвычаіліся да крывавых рэпартажаў зь Іраку, і ўжо мала хто ўдаецца ў дэталі.

Палітоляг Юры Чавусаў зазначае: наступнаму палітычнаму галадоўніку застаецца хіба пайсьці на сьмерць!

Рызыкну дадаць, што і такі трагічны фінал наўрад ці пахісьне рэжым.

Варта шукаць іншы грунт, іншыя мэтады.

Мне падабаецца выслоўе Анатоля Франса: "Самая рэдкая мужнасьць — гэта мужнасьць думкі".

Дзеля высокіх мэтаў яшчэ не аднойчы спатрэбіцца ня толькі гераізм марскога пяхотніка, але й інтэлект прафэсара Казуліна. Дай бог яму здароўя!

P.S. Для цікаўных: вось што аўтар пісаў у дзень, калі Казулін распачаў галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?