Ціск на палітвязьня Фінькевіча

Увечары супрацоўнікі магілёўскае папраўчае ўстановы адкрытага тыпу зрабілі ператрус асабістых рэчаў у палітвязьня Артура Фінькевіча. Артур мяркуе, што мэтай ператрусу быў мабільны тэлефон.

БРСМ вядзе датэрміновую агітацыю?

Практычна ва ўсе паштовыя скрыні выбарчай акругі, на якой балятуецца спадар Трухан, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ў Слуцкі гарсавет, старшыня Менскага абласнога камітэту БРСМ Руслан Трухан, закінутыя ўлёткі, якія ўтрымліваюць падрабязныя біяграфічныя зьвесткі "камсамольца"-актывіста, а таксама некалькі яго фатаздымкаў.

Справа Воўчака спыненая

Адміністрацыйная справа супраць праваабаронцы Алега Воўчака спыненая ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Такое рашэньне прыняў 7 сьнежня судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менска Сяргей Герасімовіч. Справа ў дачыненьні А.Воўчака была заведзеная па арт. 193-5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (невыкананьне парадку ўжываньня мераў эканамічнай палітыкі і іншых абмежаваньняў падчас перавозу тавараў праз мяжу). Праваабаронцу пагражаў штраф ад 50 да 300 базавых велічынь.

Дашкевіча накіравалі ў Шклоў

Лідэра незарэгістраванага «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча накіравалі адбываць пакараньне ў калёнію ўзмоцненага рэжыму №17 у г. Шклоў Магілёўскай вобласьці. Зроблена гэта было да разгляду касацыйнай скаргі.

Не пусьцілі польскіх і ўкраінскіх актораў

Міжнародную тэатральную трупу не пусцілі ў Беларусь з спэктаклем паводле твору Сьвятланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". Візыт тэатру ў Гомельскую вобласьць быў заплянаваны на 6–7 сьнежня. Беларускія мытнікі двойчы адмовілі акторам польскага «Teatr Biuro Podrozy» і тэатра «Арабескі» з Украіны ў перасячэньні мяжы. Прычынай гэтаму – нібыта няправільна аформленыя дакумэнты на правоз дэкарацыяў.

«Витебский курьер» выгналі

Рэдакцыя незалежнай грамадзка-палітычнай газэты «Витебский курьер» атрымала пісьмовы загад ад свайго арэндадаўцы ААТ «Элсан» – пакінуць памяшканьне, займанае рэдакцыяй, на працягу двух сутак.

Царква «Новае Жыцьцё» атрымала ліст з Упраўленьня ўнутраных справаў Адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску за подпісам начальніка ўпраўленьня В. Сінякова. У лісьце паведамляецца, што царкве адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да журналісткі Л.Джураевай, а таксама ўдзельнікаў яе сюжэту А.Рабіцавай і І.Янушкевіча. Нагода – адсутнасьць у дзеяньнях апошніх прыкметаў злачынства.

Днём раней у прэзыдыюме Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) прайшлі папярэднія слуханьні па справе царквы «Новае жыцьцё», на якім бакі выказалі патрабаваньні і ўдакладнілі свае пазыцыі. Менгарвыканкам пазыцыі не зьмяніў. Гэта пацьвердзіў прадстаўнік Менгарвыканкаму юрысконсульт Камітэту па землеўпарадкаваньні Ігар Касьпяровіч. Ён дадаткова адзначыў, што «царква, як уласьнік памяшканьня ня мела права выкарыстоўваць яго (памяшканьне) ні ў які спосаб». Варта нагадаць, што ВГС распачаў разгляд гэтай справы ў першай інстанцыі пасьля таго, як 4 лістапада прэзыдыюм ВГС адмяніў папярэднія рашэньні Менскага гаспадарчага суду адносна царквы.

Памежнікі адмаўляюцца аддаваць пашпарт сыну Мілінкевіча

Сын лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча (таксама Аляксандар) зьявіўся ва Упраўленьне кантрольна-прапускных пунктаў, дзе паводле абяцаньняў Дзяржаўнага камітэту памежных войск, яму павінны былі вярнуць адабраны 29 лістапада пашпарт. Аднак, замест пашпарту, сын палітыка быў падвергнуты дзьвюхгадзіннаму допыту. Памежнікаў цікавіла, якім чынам ягоны пашпарт апынуўся ў бацькі.

Страйк на абутковым прадпрыемстве «Чырвоны кастрычнік»

Атрымаўшы разьліковыя квіткі, супрацоўніцы «Чырвонага кастрычніка» ўбачылі, што іхныя заробкі за мінулы месяц зьменшыліся прыкладна на 100 тысяч рублёў. Гэта і сталася асноўнай прычынай страйку. Работніцы скардзіліся таксама на дрэнныя ўмовы працы: у іх не прадугледжаны перапынак на абед, працаваць даводзіцца і ў выходныя. Свае патрабаваньні шаўчыхі выклалі ў лісьце дырэктару «Чырвонага кастрычніка» й паведамілі пра страйк адмністрацыі. Аднак ніхто з начальства да іх у цэх не прыйшоў.

Вэрбавалі ў КДБ

Бабруйскага дзеяча Ігара Хоцьку выклікалі на размову ў мясцовае КДБ. Выклікалі яго туды яшчэ зь лета, але сп.Хоцька адмаўляўся па прычыне занятасьці. На гутарку пайшоў пасьля таго, як падаў дакумэнты на рэгістрацыю яго кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету і атрымаў чарговае тэлефоннае запрашэньне. Намесьнік начальніка Бабруйскага КДБ прычыны выкліку актывісту так і не патлумачыў, але, са словаў, прапанаваў супрацоўніцтва ў абмен на дэпутацтва.

Апэрацыя «перахоп»

10 сьнежня напярэдадні заплянаванай акцыі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным і іншымі палітзьняволенымі на Кастрычніцкай плошчы, ля сядзібы БНФ міліцыянтамі ў цывільным быў затрыманы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксей Кароль. У пастарунку Савецага раёну палітыку патлумачылі, што адбываецца апэрацыя «Перахоп», а сам ён нібыта падобны да таго, хто скраў аўтамабіль», – заявілі палітыку ў міліцэйскім пастарунку Савецкага раёну. Пасьля таго, як акцыя салідарнасьці была жорстка разагнаная сілавікамі, Аляксей Кароль быў адпушчаны. Ля сядзібы БНФ таксама былі затрыманыя моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Максім Велімовіч і Сяргей Карповіч, на якіх склалі адміністратыўны пратакол па арт. 172.3 КаАП – распаўсюд друкаванай прадукцыі, зьмест якой наносіць шкоду дзяржаўнаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзянаў. Хлопцы раздавалі даклад сьпецдакладчыка ААН па Беларусі Адрыяна Севярына. Адміністратыўныя пратаколы будзе разглядаць адміністратыўная камісія, санкцыі па дадзеным артыкуле прадугледжваюць штраф да 5 базавых адзінак.

У часе разгону акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі ў раёне Кастрычніцкай плошчы былі затрыманыя: Бяляцкі Алесь, Стэфановіч Валянцін, Лябедзька Анатоль, Каліта Алесь, Палевікова Валянціна, Сербантова Арына, Міклашэвіч Сяргей, Касянік Ліна (1931 году нараджэньня), Лаўрыновіч Аляксандар, Жураўлёва Вольга, Багдановіч Раман, Мельнік Аляксей, Ясюк Алеся, Верацінскі Генадзь, Латушкін Дзьмітры, Іўлеў Аляксандар, Каршукоў Мікалай, Рыжкоў Юрась, Ліпень Антон, Макаеў Аляксандар, Чайкоўскі Павал, Корбан Алег, Сяргееў Уладзімер, Федарук Зьміцер.

Расьцяжкі «Свабоду Казуліну!» зьявіліся 10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека, у Менску і Барысаве.

Трох юнакоў пакаралі арыштам

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Бычко вынес вырак: Алег Корбан і Зьміцер Хведарук павінны адбыць 15 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзімер Сяргееў – 3 сутак за ўдзел у пікеце 10 сьнежня.

Высяленьне «Бацькаўшчыны»

У Гаспадарчым судзе Менску адбылося чарговае пасяджэньне па справе МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Cудзьдзя Мельнікава пастанавіла адмяніць асноўны пазоў КУП «Менская спадчына» да МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» аб скасаваньні арэнды, а таксама сустрэчны пазоў «Бацькаўшчыны» да арэндадаўцы. Прычына ануляваньня зыскаў у судзе не была прадстаўленая. Матывацыйную частку судовага рашэньня ўдзельнікі спрэчкі атрымаюць у найбліжэйшы час поштай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0