У магілёўскім Сьвята-Нікольскім манастыры нечакана знайшлі і перапахавалі астанкі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Нядаўна, пры пахаваньні дзвюх сясьцёр, магільшчыкі знайшлі зь дзясятак чарапоў і чалавечыя косткі. У чарапах дакладна відаць дзіркі ад куляў і праломы. У 1930-я гады ў Мікалаеўскай царкве, якая зьяўляецца цэнтрам манастырскага комплексу, была вязьніца.

Рэшткі пакутнікаў перапахавалі разам з адноўленай труною сьвятара, які служыў у Мікалаеўскай царкве напрыканцы XIX стагодзьдзя. Пры перапахаваньні з касцей выпала савецкая капейка 1936 г.

Па словах ігуменьні манастыру Яўгеніі, аднойчы да іх прыехаў старэча, які захацеў на схіле гадоў пакланіцца месцу сваіх пакутаў. Ён і расказаў, што ў храме ў гады рэпрэсіяў была вязьніца – нябожчыкаў хавалі наўпрост на тэрыторыі кляштару каля царкоўных сьценаў і, нават, у алтарнай частцы.

Калі ў часе перабудовы манастыр вярнулі вернікам ды пачалася праца па ўмацаваньні падмурку царквы, каля ягоных сьценаў за першым разам знайшлі чарапы больш за сотні чалавек. Тагачасныя ўлады параілі праваслаўнай эпархіі бязь лішняга шуму перапахаваць парэшткі. У кляштары ёсьць сёньня капліца памяці гэтых людзей. Манашкі лічаць іх пакутнікамі і моляцца за супакой іх душаў.

Фота globus.tut.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?