Усе затрыманыя па справе аб тэракце ў мінскім метро прызналі сваю віну, паведаміў 13 красавіка журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў.

Тэракт у мінскім метро здзейсніў нездаровы чалавек, магчыма, для рэалізацыі [хворых] асабістых амбіцый, заявіў 13 красавіка старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.

Паводле закінутай у інтэрнэт версіі, падазраванага так хутка — за суткі — ідэнтыфікавалі і затрымалі, бо ён быў ідэальна зафіксаваны камерамі метро, і следчыя хутка вызначылі, што ён часта выходзіў на станцыі «Фрунзенская». І ў аўторак ён таксама там выходзіў, за ім прасачылі аператыўнікі, а ў хаце яго ўзяў «Алмаз».

З заяваў, якія прагучалі, вынікае, што тэракт выканаў псіх, і яму здрадзіла асцярожнасць. У 2008 годзе ён не пакінуў слядоў, а цяпер даў зафіксаваць свой твар на ўсіх камерах. Можна ўявіць, як самааддана працавала над яго вышукам следчая група — для людзей гэта справа гонару.

У прынцыпе, за суткі можна было так аператыўна разабраць усе відэазапісы з метро. Ці ўсё ж гэтага чалавека «вялі», падазравалі яшчэ раней? Калі так, то ўзнікаюць новыя пытанні.

Калі гэта такі Унабомбер, то такія людзі часта дзейнічаюць у адзіночку. Між тым, «затрыманы і яго двое саўдзельнікаў», — заявіў старшыня КДБ. Прытым вось так — не «магчымых саўдзельнікаў», а проста «саўдзельнікаў». Што гэта? Сетка змовы?

Шмат пытанняў пакуль застаецца без адказаў. Будзем чакаць новых сведчанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?