«Можа, гэтыя дзеячы ад „пятай калоны“ раскрыюць карты і пакажуць, хто заказаў», — заявіў Лукашэнка, заслухоўваючы даклад пра ход расследавання тэракту. Як адрэагавалі апазіцыйныя палітыкі на даручэнне прэзідэнта дапытаць «дзеячаў ад палітыкі» з мэтай знайсці саўдзельнікаў і заказчыкаў выбуху ў метро?

— Мне хочацца плакаць наўзрыд, — прызнаўся лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Учора я прачнуўся з дзіўнай думкай: «Калі б ты быў цяпер у „амерыканцы“, у цябе было б стопрацэнтнае алібі». Гэта ж трэба давесці сітуацыю да такога!

На думку Лябедзькі, з апазіцыі хочуць зрабіць «рудога Чубайса, у той час як яна пад асфальтавым катком».

Адзін з лідараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандр Фядута, які нядаўна выйшаў з СІЗА КДБ, асцярожны ў ацэнках. Ён адмовіўся каментаваць заяву кіраўніка дзяржавы.

— Я не з’яўляюся лідарам апазіцыі і не адношуся да «пятай калоны». Мяне ніхто не дапытваў, — заявіў Фядута ў гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці». — Калі спытаюць, я скажу, дзе знаходзіўся ў момант выбуху. Я спадзяюся, што мяне праслухоўвалі і праглядалі. Адчуваю сябе спакойна і ўпэўнена, як і кожны чалавек з чыстым сумленнем. Я лічу, што няма сілы ні ва ўладзе, ні ў апазіцыі, якая была б зацікаўленая ў выбуху ў метро.

Фядута выказаў здагадку, што думка аб датычнасці дзеячаў апазіцыі да тэракту Лукашэнку маглі падкінуць.

Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што ў беларускай апазіцыі няма такіх радыкальных персанажаў і групаў, якія маглі б «замовіць» тэракт.

— Я ў апазіцыі з часоў перабудовы, і ведаю, што сярод дэмакратычнай супольнасці няма людзей, якія арганізавалі б ці распрацавалі сцэнар выбуху ў метро, — адзначыў Мілінкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?