Міністэрства замежных спраў Беларусі абвяргае інфармацыю, распаўсюджаную 14 красавіка расійскай газетай «Известия», пра тое, што ў будынку беларускага пасольства ў Маскве нібыта працуе падпольнае казіно.
Пра гэта гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

«Ёсць звесткі, што на чацвёртым паверсе гатэля „Палессе“, які ўваходзіць у комплекс будынкаў беларускага дыппрадстаўніцтва ў Маскве, з пачатку 2010 года нібыта дзейнічае ігральны клуб „Шангры Ла“. Уваход у яго — з Армянскага завулку. Аднак пускаюць туды толькі правераных людзей — патрэбны папярэдняя дамоўленасць з гаспадарамі казіно і рэкамендацыя пастаянных гульцоў», — гаворыцца ў артыкуле «Пасольская фішка». Выданне сцвярджае, што нелегальнае казіно арганізавана таксама ў будынку пасольства Паўночнай Карэі ў Маскве.

«Ніякага казіно ў беларускім пасольстве ў Маскве няма і быць не магло. Калі б журналіст газеты „Известия“ звярнуўся да пасла Беларусі з гэтым пытаннем, то неадкладна атрымаў бы поўны і вычарпальны адказ.
Тым не менш газета вырашыла распаўсюдзіць „сенсацыйную“ фальшыўку», — сказаў Савіных.

Ён падкрэсліў, што гэта далёка не першы выпадак. Паводле слоў прэс-сакратара, «Известия» «не пасаромеліся ўзнавіць паклёп на Беларусь аб продажы баявых верталётаў у Кот-д`Івуар, пра беларускіх наёмнікаў у Лівіі». «Паколькі газета выступала ўсяго толькі дробным „хаўруснікам“ прапагандысцкай акцыі заходніх СМІ, мы не сталі звяртаць на гэта ўвагі. Сёння чарговы падман у адрас Беларусі выкрыты. Пытанне атрымала сваё лагічнае завяршэнне, — сказаў Савіных. — Аднак на другое пытанне па-ранейшаму няма адказу — чаму ў знешне рэспектабельных расійскіх СМІ праразаюцца рэфлексы „жоўтай прэсы“, калі размова заходзіць пра Беларусь?»

Як удакладнілі ў прэс-службе МЗС, на працягу гадзіны пасля з`яўлення публікацыі ў сённяшнім нумары газеты «Известия» пасол Беларусі ў Расіі Васіль Далгалёў запрасіў усіх зацікаўленых журналістаў на экскурсію па пасольстве. Прадстаўнікам СМІ дадзена магчымасць наведаць любыя памяшканні па іх жаданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?