Ня клопат супрацоўніка СМІ даваць парады палітыкам, і гэты тэкст — толькі канстатацыя таго, што, як падаецца, апазыцыя — па гадзінах — губляе магчымасьць прадухіліць тое, што можа калі не назаўсёды, дык вельмі надоўга паставіць на ёй крыж.

…У 1998 годзе ўзьнікла пагроза, што Дом літаратара будзе ў пісьменьнікаў забраны і перададзены Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. У тыя дні (я тады жыў у Нью-Ёрку) патэлефанаваў аднаму нашаму выдатнаму паэту.

— Паверце чалавеку, які правёў з Лукашэнкам чатыры гады ў адной залі, — казаў я, — адзінае, што можа прымусіць яго адступіць — гэта нейкая салідарная акцыя. Прычым акцыя нестандартная і вельмі гучная, пра якую б паведамілі маскоўскія СМІ, бо беларускія дзяржаўныя змоўчаць. Калі выйдуць і перакрыюць цэнтральны праспэкт, узяўшыся за рукі, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Віктар Казько, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў і яшчэ дзясяткі два літаратараў — перакрыюць хоць на пяць хвілінаў — пра гэта паведаміць праграма «Время», напішуць газэты. І перад пагрозай большага скандалу (ня варты нейкі там будынак ягонага іміджу) Лукашэнка плюне, махне рукой і адчэпіцца.

Суразмоўца засумняваўся, ці «па статусе» народным паэтам і пісьменьнікам выходзіць зь пікетам, як якім-небудзь апазыцыйным хлопчыкам.

У адказ я сказаў, што ў свой час і народным дэпутатам не па статусе было распачынаць галадоўку.

З маім аргумэнтам суразмоўца нібыта згадзіўся, але прывёў свой:

— А ты ўяўляеш, што за рукі ўзяліся Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч?

Ведаючы даўнія адносіны двух выдатных паэтаў, я сапраўды такога ўявіць ня мог.

Канфлікт той пісьменьнікі паспрабавалі вырашыць традыцыйна. Да Лукашэнкі пайшла прадстаўнічая дэлегацыя знаных літаратараў — у спадзяваньні прывесьці аргумэнты, пераканаць, дагрукацца да сумленьня. Літаратары выслухалі натацыю — з кім з палітыкаў ня варта сябраваць і як варта пісаць.

Лёс Дому літаратара, Саюзу пісьменьнікаў і статусу саміх пісьменьнікаў добра вядомы…

Учорашні загад Лукашэнкі «прыцягнуць і дапытаць» прадстаўнікоў апазыцыі для мяне чамусьці накладаецца на ягонае перадвыбарчае абяцаньне, што праз колькі месяцаў апазыцыі ўвогуле ня будзе.

Лукашэнка як заўгодна перакручвае мінуўшчыну, даўнюю і нядаўнюю, але што да будучыні сваіх апанэнтаў — тут ягоныя словы часьцяком зласьліва-прароцкія. І кажа іх ён, відаць, не спантанна.

Вядома, як скарыстала праўладная прапаганда пабітыя дзьверы Дому ўраду, да якіх вязьні «амэрыканкі» ня мелі ніякага дачыненьня. А дванаццаць чалавечых жыцьцяў — гэта ня выбітыя шыбы.

Прыгадваеца, што ўсе трагічныя падзеі (і ня толькі ў самой Беларусі) Лукашэнка абарочваў на сваю карысьць.

І ня трэба думаць, што ў гэтым ён адзіны: у спэцслужбах працуюць дзясяткі кваліфікаваных аналітыкаў, адмыслоўцаў у галіне псыхалёгіі і масавай сьвядомасьці. Працуюць, як вядома, не на апазыцыю. І, калі глядзець па выніках — працуюць эфэктыўна.

Дастаткова прэсавай службе Генпракуратуры раз на тыдзень паведамляць, што «ў пракуратуру ў справе тэрарыстычнага акту быў запрошаны старшыня партыі…» (пры тым, што размова са сьледчым можа абмяжоўвацца дыялёгам: «Былі у той момант у мэтро?» — «Не» — «Тады ўсяго добрага!»), і ў хуткім часе ў грамадзкай сьвядомасьці сфармуецца ўстойлівае перакананьне аб датычнасьці апазыцыі да жудаснай падзеі, якой яшчэ ня ведала найноўшая гісторыя Беларусі.

А ўяўляеце, што будзе, калі нехта з затрыманых у справе выбуху раптам скажа, што валізку, у якой несьлі «пякельную машыну», яму прадаў невядомы чалавек, які размаўляў па-беларуску?

Выглядае, што для апанэнтаў рэжыму наступіў момант ісьціны, пры якім традыцыйных заяваў для прэсы можа быць недастаткова. Спроба далучыць (хоць якім бокам) апазыцыю да тэракту — ня той выпадак, калі адказ можа мець традыцыйна-анэмічны характар.

Немагчыма ўявіць побач лідэраў некалі адзінага Народнага фронту Беленькага і Янукевіча (якія сёньня адны для другіх «маргіналы» або «падстаўныя»?) Ня ўбачым побач лідэраў некалі славутай сацыял-дэмакратычнай Грамады (якія адны для другіх сёньня як бы і не існуюць)? Ня можаце ўявіць разам Казуліна і Мілінкевіча?

Я — не магу ўявіць.

Памыляюся?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?