Выбух у мінскім метро, хто б за ім ні стаяў, стаў кульмінацыяй усё большай напругі ў Беларусі, лічыць галоўны рэдактар часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы» палітолаг Фёдар Лук’янаў.

У праграме «Голасу Амерыкі» «Паядынак» ён разважае аб тым, каму ж усё ж такі мог быць выгадны тэракт у мінскім метро.

Існуе дзве ўзаемазвязаныя інтэрпрэтацыі таго, што адбываецца ў Мінску. Першая —

рэжым Лукашэнкі ўступіў у фінальную стадыю свайго эканамічнага і палітычнага крызісу і вяртання да стабільнасці ўжо не будзе.
Так што трэба рыхтавацца да пераменаў. Другая — гэта сапраўды глыбокі крызіс мадэлі, але менавіта таму рэжым цяпер мабілізуе ўсе свае рэсурсы і пойдзе ва-банк, таму што адыходзіць цяпер няма куды.

Уласна, адно другое не выключае. «Беларускі цуд» — стабільнае палітычнае і эканамічнае развіццё з канца 1990-х да канца нулявых гадоў, грунтавалася на пэўным балансе. Аўтарытарызм ва ўнутранай палітыцы, які пры гэтым пакідаў грамадству адносна шырокае поле асабістых свабодаў, сярэдні, але гарантаваны дастатак, і дэклараваная на кожным кроку геапалітычная лаяльнасць да Расіі — у абмен на субсідыяванне беларускай эканомікі. Гэта працавала, праўда, з усё большымі збоямі, перш за ўсё таму, што Масква паступова страчвала цікавасць да сяброўства і братэрства «проста так».

Але ўсе спробы Расіі прасунуць наперад працэс рэальнай інтэграцыі, гэта значыць такой, якая прадугледжвала б рэальную адмову ад часткі суверэнітэту (натуральна, мелася на ўвазе, што ў адпаведнасці з эканамічнымі адносінамі дзвюх краінаў саступка з боку Мінска будзе несупастаўна большай), натыкаліся на жорсткі супраціў Лукашэнкі. Дзяліцца з ўладай ён не ўмее.

У выніку апісаная вышэй мадэль перастала працаваць. «Бацька» пасварыўся і з Расіяй, і з Еўропай, да якой падлашчваўся ў спробах збалансаваць расійскі ўплыў, аднак пераканаўся, што і там захаваць абсалютную ўладу не атрымаецца. А калі не стала палітычна правільна выбудаванай сістэмы стрымлівання і процівагі вонкавым партнёрам, неадкладна пачалі нарастаць унутраныя эканамічныя цяжкасці. Без гарантаванага ўзроўню дастатку эрозіі падвяргаецца сам базавы міф лукашэнкаўскай Беларусі — як спакойнай краіны для спакойных і не вельмі патрабавальных людзей.

Разгром апазіцыі пасля выбараў у снежні, які выклікаў разрыў з ЕС, ліхаманкавыя спробы аднавіць адносіны з Расіяй і дабіцца павелічэння субсідый, вельмі жорсткі фінансавы крызіс — усе гэтыя падзеі апошніх месяцаў сталі сімптомамі глыбокіх праблемаў.
Выбух у мінскім метро, хто б за ім ні стаяў, стаў кульмінацыяй напругі. Найбольш часта сустраканы загаловак у расійскіх СМІ ў гэтыя дні — «Ранейшага Мінска больш не будзе». З гэтым згодныя ўсе. Незразумела, якім будзе новы Мінск.

Міжнародныя падзеі падштурхоўваюць Лукашэнку да жорсткіх дзеянняў па ўтрыманні ўлады любой цаной. Чаму вучаць дыктатараў падзеі ў Паўночнай Афрыцы? Уладу не аддаваць нізашто, спадзявацца толькі на сябе, дзейнічаць жорстка і хутка. Таму што ніякіх нефармальных гарантый, як раней, ужо не існуе, у крызіс не проста ніхто не дапаможа, але і наадварот — з усіх бакоў падштурхнуць. «Патроны» і «сюзерэны» выракуцца першымі.

Затое калі, не губляючы часу, вырашыць пытанне самому, то ўмяшацца не паспеюць, а праз нейкі час, калі пытанне сапраўды вырашанае, «цану» забудуць і вымушаныя будуць наладжваць кантакт зноўку. У гэтым сэнсе характэрны прыклад Іслама Карымава. Пасля жорсткага падаўлення бунту ў Андыжане ён вельмі нядоўга заставаўся ізгоем, а потым вярнуўся да статусу партнёра.

Лукашэнку няма куды адступаць. Вядома, ваеннай інтэрвенцыі, як у Лівію, у Беларусь не будзе (хаця, я не здзіўлюся, калі сам «бацька» не выключае і такога сцэнару, аўтарытарныя лідары вельмі падазроныя), але выйсці з цяперашняга крызісу без стратаў практычна немагчыма. Паколькі відавочны прыярытэт беларускага прэзідэнта — захаванне асабістай улады, (ён даказаў гэта за 17 гадоў кіравання), значыць «міндальнічаць» ён відавочна не мае намеру. Падобна да таго, што давядзецца ісці напралом, разлічваючы, што вонкавая абстаноўка зноў я

к-небудзь зменіцца, і перад Мінскам адкрыецца новая прастора для манеўру. Рызыка вялікая, але выбару ўжо не засталося.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?