Аб’яднанне на базе ААТ «Белкніга» абласных кнігагандлёвых сетак, якое завяршылася сёлета ў красавіку, мае на мэце павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці гэтага прадпрыемства для патэнцыйных пакупнікоў.

Як адзначыў дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч, аб’яднанне кніжных крамаў у межах адной кампаніі мае «аптымізаваць структуру, у тым ліку і для павышэння яе інвестыцыйнай прывабнасці».

«Адна справа прапаноўваць інвестару некалькі невялікіх кампаній, а іншая — вялікі пірог», — растлумачыў ён.

У самым пачатку красавіка гэтага года юрыдычна быў завершаны працэс кансалідацыі большасці дзяржаўных кнігагандлёвых актываў. Ён палягаў у тым, што склад ААТ «Белкніга», якое забяспечвала беларускіх грамадзян кніжнай прадукцыяй на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці, было ўключана большасць рэгіянальных рознічных прадпрыемстваў. «Белкніга», такім чынам, стала кіроўнай кампаніяй кніжных крамаў яшчэ і ў Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. Пад кантролем гэтага прадпрыемства, дзяржпакет якога трымае Міністэрства інфармацыі, апынулася нацыянальная сетка з больш чым 80 гандлёвымі пунктамі.

Адзінымі, хто пазбег далучэння да Мінска, сталі магілёўскія кнігагандляры.
Гэта звязана з тым, што ААТ «Магілёўсаюздрук» не з’яўляецца выключна кнігагандлёвым прадпрыемствам. Яно было створанае ў 2006 годзе шляхам далучэння «Магілёўкнігі» да «Магілёўсаюздруку» і акрамя 11 кніжных крамаў уключае больш за 200 газетных кіёскаў на Магілёўшчыне.

«Магілёўсаюздрук» разам з «Белкнігай» унесены Мінінфармацыі ў спіс прадпрыемстваў, зацверджаных пастановай урада Беларусі № 348 на прыватызацыю ў найбліжэйшыя тры гады.

Цікава, што менавіта на гэты год прызначаная экспансія на беларускі кніжны рынак буйнога гульца з найбліжэйшага замежжа — расійскай сеткі «Новый книжный — Буквоед» (група «Эксмо»). Канчатковае рашэнне аб выхадзе на рынак Беларусі кампанія прыме ў 2012 годзе. Адначасова з Беларуссю «Буквоед», які працуе таксама на рынку Украіны, разглядае магчымасць выхаду на рынак краін Балтыі.

Эксперты станоўча ўспрымаюць гэтыя намеры расійскага кнігагандлёвага бізнэсу, лічачы, што асабліва ў Беларусі, дзе пераважная частка насельніцтва гаворыць па-расійску і дзе існуе дэфіцыт кніг, у «Буквоеда» ёсць добрыя магчымасці для развіцця.

Станоўча ўспрымае жаданне буйной расійскай сеткі выйсці на беларускі рынак і дырэктар «Белкнігі» Аляксандр Вашкевіч.

«Мы гатовыя да дыялогу, і калі гэта здарыцца, то гэта будзе нядрэнна», — рэзюмаваў ён, адказваючы на пытанне аб магчымасці супрацоўніцтва з «Буквоедом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?