У 2010 годзе турысты патрацілі на адпачынак у Беларусі прыблізна мільярд долараў.
Пра гэта паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга 15 красавіка ў Мінску на другой міжнароднай канферэнцыі «Аграэкатурызм — стан і перспектывы развіцця», арганізатарам якой выступае ААТ «Белаграпрамбанк».

«Гэта лічба не такая вялікая, але ў параўнанні з папярэднімі гадамі яна ўражвае», — сказаў Шульга. Паводле яго слоў, у 2010 годзе арганізаваныя турысты патрацілі на адпачынак у Беларусі больш за 1 трлн. беларускіх рублёў, самастойныя — у два разы больш.

Як паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, усяго ў 2010 годзе Беларусь «з турыстычнымі і службовымі мэтамі» наведалі 4 млн. замежных грамадзян.

Паводле яго слоў, экспарт турыстычных паслуг за мінулую пяцігодку ўзрос у 6,8 разу. Аб’ём платных турыстычных і экскурсійных паслуг вырас у 13 разоў у параўнанні з 2005 годам.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што згодна з дзяржпраграмай развіцця турызму на 2011–2015 гады экспарт турпаслуг да канца пяцігодкі павінен вырасці не менш як у 3,5 разу. Для гэтага прадугледжана будаўніцтва і рэканструкцыя больш як 200 турыстычных аб’ектаў, у тым ліку гасцінічных комплексаў, паляўнічых дамоў, помнікаў гісторыі і культуры. Большасць мерапрыемстваў павінны быць прафінансаваны інвестарамі.

Як адзначыў Тозік, ва ўсім свеце назіраецца пераход ад масавага турызму да індывідуальнай арганізацыі адпачынку. «У нашай краіне ёсць што прапанаваць замежным грамадзянам: унікальныя пейзажы, нацыянальныя паркі, традыцыйныя рамёствы, экалагічна чыстыя прадукты, народныя абрады і галоўнае — непасрэднасць, гасціннасць і шчодрасць нашых людзей», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?