«Мяне ўжо нішто не здзіўляе, — сказаў у інтэрв’ю сайту ucpb.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Калі заўтра скажуць, што прынята рашэнне ставіць кляймо на лбе ўсіх апазіцыянераў ці што аб’яўлена амністыя ўсім палітвязням, я гэтаму не здзіўлюся. Хоць, вядома ж, на таталізатары я паставіў бы хутчэй на першую, чым на другую навіну.

Краіна ў шоку. А ў такім стане розум спіць, бушуюць адны эмоцыі. Апазіцыя кіўнула ў бок улады, улада паказала пальцам на апазіцыю. Пры гэтым апазіцыя ляжыць пад асфальтавым катком, якім па чарзе кіруюць кіраўнікі сілавых структур, а ўлада і яе прапагандысты невылазна сядзяць у тэле- і радыёэфіры. Як кажуць у Адэсе, адчуйце розніцу.

Такое адчуванне, што магчымыя выканаўцы тэракту расчаравалі ўладу. З звычайнага токара і электрыка складана зляпіць вобраз грознага ворага або небяспекі, якая стукае ў дзверы сярэднестатыстычнага грамадзяніна Беларусі. І ёсць спакуса ўзмацніць гэты вобраз апазіцыяй як пятай калонай. А заўтра і гэтага камусьці падасца мала. І ў ролі замоўцы цалкам могуць фігураваць нейкія міжнародныя арганізацыі або асобныя краіны. Вось у такой сукупнасці канцэнтрацыя ворага такая, што можна ўздзейнічаць на ўсіх, ад немаўлят да зусім старых.

У існуючай сітуацыі палітычная апазіцыя, прыхільнікі пераменаў павінны супакоіць краіну і людзей пазітыўнай альтэрнатывай пераменаў, адказамі, што трэба рабіць у эканоміцы, як арганізаваць правядзенне сумленных выбараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?