17 красавіка хрысціяне Беларусі супольна святкуюць Вербную нядзелю.
«Не я б’ю, / вярба б’е, / за тыдзень Вялікдзень. / Будзь здаровы, / як вада, / будзь багаты, / як зямля, / будзь харошы, / як вясна», — прыгаворвалі раней старыя людзі, сцябаючы малых свячонымі вярбінкамі.
Гэтае свята ўстаноўленае ў памяць уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Напярэдадні гэтага, Ісус здзейсніў цуд уваскрасення Лазара. Вестка пра гэта разнеслася шырока, і свет народу вітаў яго як цара пальмовымі галінкамі.
У Беларусі на гэтае свята асвячаюць вербныя галінкі — яны сімвалізуюць тыя пальмовыя, якімі сустракалі Хрыста пры ўваходзе ў Ерусалім.
Сёння, як і год таму, Вербніца, а значыць і Вялікдзень, супадае ў праваслаўных рыма- і грэка-каталікоў, пратэстантаў. У ХХ ст. два разы запар сустракалі супольна Вялікдзень: у 1942 і 1943 гг. -- адных з самых чорных гадоў у беларускай гісторыі.
Сёлета Вербная нядзеля і Вялікдзень азмрочаныя трагедыяй у мінскім метро, што забрала жыцці 13 чалавек.
Наступны тыдзень — Cтрасны, ён будзе пярэднічаць Вялікадню, што будзем супольна адзначаць 24 красавіка.
У Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікую суботу вернікі ўспамінаюць пакуты і смерць Ісуса Хрыста і рыхтуюцца да свята Яго ўваскрашэння.