Тыдзень таму НН напісала пра сайт «Пётр Пятровіч. Пракаповіч», на якім, сярод іншага, можна размясціць абвестку, калі вы не баіцеся міліцыі і падаткавай, наконт набыцця або продажу валюты ў абыход абменнікаў па вышэйшым курсе. Прыкладам, сёння на сайце змешчаны 23 прапановы набыць даляры, па курсе ад 3 600 да 4 200 рублёў за адзінку амерыканскай валюты.

Змяшчаюцца таксама на сайце навіны пра валютны рынак, або сітуацыю з эканомікай у Беларусі. Прычым адміністрацыя сайта падышла да размяшчэння навінаў з іншых сайтаў па-наватарску. Заметка капіюецца ў арыгінальным выглядзе, захоўваецца арыгінальным і загаловак, але сваё стаўленне да той ці іншай навіны або каментара аўтары сайта выказваюць у сцёбных тэгах.

Так, навіна Лукашенко: Девальвацией экономику не отрегулируешь пракаментавана наступнымі тэгамі: Аляксандр Рыгоравіч, аўтатрэнінг, паток свядомасці, свежы погляд, жэстачайшы парадак.

***

Разам з тым, трагедыя ў мінскім метро, што забрала жыцці 13 чалавек,

унесла карэктывы і ў працу відавочнага жартаўлівага і сцёбнага інфарэсурса.

На сайце змешчаны вялікі банер у памяць ахвяраў у мінскім метро, а найгалоўным артыкулам сёння з’яўляецца Дапамога ахвярам мінскага выбуха

Стваральнік сайта зазначае:

«Як мне падказвае наша няхітрая сістэма ўліку і аналізу, сайт карыстаецца шалёнай папулярнасцю. Так, толькі ў аўторак было дададзена каля пяцідзесяці новых аб’яваў на агульную суму каля некалькіх соцень тысяч даляраў. Заўважу, што гэта толькі за аўторак, дзень пасля выбуху ў мінскім метро, ​​калі наша сярэдняя наведвальнасць знізілася ў чатыры разы. Ужо не ведаю, колькі з гэтых грошай паўдзельнічалі ў аперацыях абмену, а колькі так і засталіся недасяжнымі марамі асобных кліентаў, але факт застаецца фактам: сайт Пятра Пятровіча дапамагае людзям ўвасобіць мары ў рэальнасць.

Мне, як стваральніку сайта, хацелася б, каб і вы, паважаныя карыстальнікі, дапамаглі тым, каму цяпер дрэнна.

Я не прашу нічога для сябе і для сайта: мы былі і застаемся бясплатнымі для ўсіх катэгорый карыстальнікаў. Аднак я прапаную вам наступную схему.

Пры здзяйсненні аперацыі абмену валюты, калі вы знайшлі контрагента праз наш сайт,

я прапаную вам разам перавесці адзін працэнт ад сумы транзакцыі на дабрачынныя рахункі, адкрытыя дзяржаўнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь на дапамогу ахвярам выбуху ў мінскім метро.

Які рахунак выбраць, вырашаць вам. Заплаціць гэтыя грошы, ці не — таксама вырашаць вам.

Прашу памятаць толькі аб адным: мы адзін народ.

І якімі б рознымі мы ні былі, мы павінны гэта разумець і падтрымліваць адзін аднаго. Давайце будзем шчодрымі ў адносінах да іншых людзей і будзем заўсёды памятаць пра тое, што ўсё добрае, што мы робім, абавязкова да нас вернецца.

(...)

З сённяшняга дня пры дадаванні статыстыкі вы зможаце паказаць, што вы пералічылі сродкі на дапамогу ахвярам тэракту. Мне будзе вельмі прыемна бачыць, як спіс такіх аперацый будзе расці. У каментарах да перакладу прашу паказваць, што грошы пералічаныя ахвярам выбуху ў метро ад Пятра Пятровіча.

Хай ведаюць, што мы добрыя хлопцы. Мы ж добрыя хлопцы?»

Тутсама прыводзяцца рэквізіты дабрачынных рахункаў, на якія можна пералічваць грошы ахвярам тэракта ў мінскім метро. Гэты артыкул з’яўляецца самым чытаным на сайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?