Лідар салігорскай моладзі Іван Шыла кажа, што служыў у адной вайсковай часці з затрыманым па падазрэнні ў тэракце Дз.К. Шыла праходзіў службу ў 2009 годзе ў пасёлку Межыца (Лепельскі раён).

«З К. мы былі аднаго прызыву. Служылі ў адным дывізіёне. Што я магу пра яго сказаць — не самы старанны салдат быў. Зрэшты, як амаль усе. Тым не менш, меў пагоны старшага сяржанта.

За час службы ў войску нармальна кантактавалі. У мяне, як «палітычнага», шмат хто рознага пытаўся.

Запомнілася, што сам К. колькі разоў заводзіў гаворку пра выбухі ў Віцебску і ў Мінску на дзень рэспублікі. Пытаўся, а хто б гэта мог быць, ці зловяць вінаватых, навошта яны гэта рабілі?

Калі б мне сказалі пра нейкага іншага саслужбоўца, што ён датычны да тэракта, то не паверыў бы, а тут нешта ёсць, — мяркуе Іван Шыла.

Шыла і К. служылі пасля таго, як здарыўся выбух у Мінску на канцэрце на дзень рэспублікі. Раней ад следчых стала вядома, што падазраваны нейкім чынам пазбег абавязковай дактыласкапіі ў часе прызыву ў армію.

— Дзіўны хлопец, але ў чым ягонае дзівацтва, нават не магу дакладна вызначыць.

Тым не менш, звонку падаваўся абсалютна нармальным хлопцам.

Хіба што хіміяй цікавіўся. Мог вось запраста сказаць, што з таго і таго можна зрабіць нейкую рэч, а з іншых кампанентаў нешта другое. Тут я зусім не кажу пра выбухоўку.
Напрыклад, мог сказаць, як абсэнт зрабіць.

Падазрэнні, што затрыманым можа быць К. сталі з’яўляцца яшчэ пасля публікацыі «Камсамолкі». Іншы саслужывец быў напісаў, што яго выклікалі на допыт у КДБ, паказвалі здымкі. Тады ўжо сумневаў амаль не засталося», — кажа Іван Шыла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?