Віктар Статкевіч па-ранейшаму жыве ў самоце ў сваёй баранавіцкай кватэры і штодня чакае новых лістоў ад сына.

Напрыканцы сакавіка Віктар Паўлавіч з’язджаў ва Украіну да старэйшага сына Аляксандра. Але з’ехаў не канчаткова, як паведамлялі некаторыя беларускія СМІ, а дзеля таго, каб ажаніць унука Андрэя.

«Пра тое, што я нібыта пераехаў жыць да сына Аляксандра ва Украіну, я ўпершыню даведаўся ад самаго Сашы, а ён прачытаў гэта дзесьці ў Інтэрнеце, — распавеў Віктар Паўлавіч мясцовай газеце Intex-press. — Для нас абодвух гэта было здзіўленнем, бо я даўно вырашыў, што застануся ў Беларусі.

Як я магу з’ехаць адтуль, дзе мой другі сын у бядзе, дзе я выліў ужо столькі слёз, што ўсе крыўдзіцелі ўжо патапіліся б у іх, каб толькі маглі…»

Унукава вяселле, па словах Віктара Паўлавіча, было шыкоўнае. Андрэй узяў сабе за жонку прыгажуню-ўкраінку — Галю. Але галоўная радасць ад паездкі для Віктара Паўлавіча — тое, што ён нарэшце пабачыўся з самымі блізкімі сваякамі: са старэйшым сынам Аляксандрам, унучкамі Кацяй ды Аняй — дочкамі Міколы, якія разам з сем’ямі прыехалі на вяселле з Германіі.

Каця — доктар навук, разам з мужам яна працуе у кампаніі «Аўдзі». Аня — хатняя гаспадыня, яна выхоўвае маленькага сына Лёню, а яе муж займаецца бізнесам.

Па словах Віктара Паўлавіча, абедзве дачкі Міколы Статкевіча сёння жывуць у дастатку, але ўсё адно сумуюць па радзіме. Хаця і не разумеюць яе апошніх палітычных падзей…

«Мае родныя як ва Украіне, так і ў Германіі не могуць зразумець тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, — кажа Віктар Статкевіч. — Яны не вераць ні адзінаму слову, што кажуць на БТ, і здзіўляюцца ўсім гэтым, па-дурному сатканым справам, звязаным з Плошчаю…» «Я рады, што пабачыў усіх маіх блізкіх, а яны былі рады, што сустрэліся са мною, — прызнаецца Віктар Паўлавіч. — Але і ўвесь гэты час мяне не пакідалі думкі пра Міколу. Я вельмі рады за старэйшага сына і ўнукаў, у якіх сёння ўсё добра, але маё бацькоўскае сэрца моцна баліць за майго малодшага…»

Калі Віктар Паўлавіч колькі дзён таму вярнуўся з Украіны, у паштовай скрыні яго чакаў чарговы турэмны ліст ад сына Міколы, а таксама ліст салідарнасці ад міністра замежных справаў Славаччыны Мікулаша Дзурынды.

Ліст ад Міколы Статкевіча датаваны 28 сакавіка. У лісце да бацькі Мікола просіць пераказваць віншаванні пляменніку і яго нявесце. Мікола паведамляе таксама, што атрымаў некалькі лістоў ад дачок, і кажа пра важнасць для яго ў такую хвіліну падтрымкі ад дзяцей.

«І як мне можна кудысьці з’ехаць адсюль, калі сюды прыходзяць лісты ад майго сына?.. Калі неўзабаве тут яго будуць судзіць? — рытарычна пытаецца Віктар Паўлавіч. — Я баюся, што ўжо не дачакаюся свайго Міколы на волі. Дык хачу сустрэцца з ім хаця б на судзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?