У аўторак улады Сірыі ўхвалілі закон, які адмяняе рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічаў у краіне амаль паўстагоддзя,
паведамляе дзяржаўнае агенцтва SANA.

Прэзідэнт Сірыі Башар Асад, выступаючы ў суботу з прамовай у Дамаску, паабяцаў адмяніць надзвычайнае становішча цягам найбліжэйшага тыдня.

Таксама ўрад закрыў суд дзяржаўнай бяспекі, які займаўся справамі палітвязняў. Акрамя гэтага, зацверджаны новы закон, які дазваляе праводзіць мірныя пратэсты.

Улады былі вымушаны пайсці на гэтыя крокі, каб збіць хвалю пратэстаў. Раніцай у аўторак прыйшлі паведамленні аб шматлікіх ахвярах сярод жыхароў горада Хомс, дзе войска падаўляе паўстанне.

Сутычкі са спецслужбамі адбываюцца таксама ў сталіцы Дамаску, гарадах Латакія, Баніяс, Дэр'а.
Паўсталі як захад краіны, так і заселеныя нацыянальнымі меншасцямі рэгіёны -- друзы на поўдні, курды на поўначы. Асноўную віну за "беспарадкі" ўлады ўскладаюць на ісламістаў-салафістаў. Аднак няўзброеным вокам відаць, што
галоўнай прычынай стала стома ад 50-гадовага кіравання ў краіне сям'і Асадаў. Супраць іх з'ядналіся як лібералы, так і мусульманскія дэмакраты.
Становішча клана Асадаў пагаршаецца тым, што яны належаць да алавітаў -- кірунку шыізму. Тады як абсалютную большасць у краіне складаюць суніты. Менавіта алавіты складаюць большасць у апараце бяспекі. У выпадку рэвалюцыі Сірыі можа пагражаць крывавая міжрэлігійная помста.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?