Нелегальны бізнэс, паводле дадзеных расійскага боку, пастаўлены на шырокую нагу. «Аб’ёмы прадукцыі, што ўвозіцца, носяць цалкам прамысловы характар»,
 — заявіў у сераду кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны дзяржаўны санітарны доктар РФ Генадзь Анішчанка.

Нелегальныя пастаўкі, як паказала расследаванне, ажыццяўляліся на тэрыторыю РФ з Беларусі, маючы акцызныя маркі, з указаннем імпарцёра з РБ — ТАА «Класічныя віны», піша расійская газета «Взгляд».

У Расіі ўжо некалькі гадоў дзейнічае забарона на пастаўкі вінаў і мінеральнай вады з Грузіі. Яна была ўведзеная праз прэтэнзіі да якасці.

Анішчанка сказаў, што кантрафактныя партыі «Баржомі» выявілі органы Дзяржэпіднагляду падчас кантрольна-наглядных мерапрыемстваў на харчовых рынках у рэгіёнах і, перш за ўсё, у Маскве.

«Акрамя таго, выяўленыя бутэлькі толькі з нацыянальнымі этыкеткамі без акцызных марак, якія праз неэфектыўную працу мытных службаў кантрабандна завозяцца на тэрыторыю Расіі, схаваныя пад агародніннай прадукцыяй і садавіной», — сказаў Анішчанка.

«Нягледзячы на сумесную працу з калегамі з Беларусі, мабыць, прыманых мераў недастаткова», — заявіў ён.

Генадзь Анішчанка сказаў, што з беларускай кампаніяй, якая нелегальна пастаўляе грузінскую мінеральную ваду, будуць «разбірацца па ўсіх сегментах бізнэсу, якія ёсць у гэтага прадпрыемства ў Расійскай Федэрацыі».

«Што да краіны, што пастаўляе гэты фальсіфікат у Расійскую Федэрацыю, то яна апошнім часам асабліва ганарылася сваім сяброўствам у СГА і захаваннем усялякіх правілаў», — сказаў Анішчанка, маючы на ўвазе Грузію.

«Мабыць, як і варта было чакаць, гэта ўсяго толькі беспадстаўная дэмагогія найвышэйшых службовых асобаў дадзенага нацыянальна-тэрытарыяльнага ўтварэння»,
 — сказаў кіраўнік Расспажыўнагляда.

Ён заявіў, што адміністрацыі расійскіх рынкаў, на якіх былі выяўленыя нелегальныя партыі «Баржомі», будуць прад’яўленыя прэтэнзіі. «Гэтыя меры не будуць спрыяць фармаванню іміджу добрасумленных прадпрымальнікаў, якія выконваюць расійскае санітарнае заканадаўства», — сказаў Анішчанка.

На пытанне пра тое, ці можа ў перспектыве грузінская мінеральная вада вярнуцца на рынак РФ, Анішчанка адказаў: «Усё можа быць. Умовы неаднаразова называліся. Але не крымінальным шляхам — гэта не заслугоўвае заахвочвання».

Раней кіраўнік Расспажыўнагляда сказаў, што грузінскае віно і мінеральная вада могуць вярнуцца на расійскі рынак, калі пройдуць усе працэдуры кантролю якасці і допуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?