Асноўнымі крыніцамі радыяцыі для насельніцтва Беларусі з’яўляюцца глеба і прадукты харчавання з асабістых гаспадарак.

Аб гэтым паведаміў 19 красавіка ў Мінску загадчык кафедры радыяцыйнай гігіены і эпідэміялогіі Міжнароднага ўніверсітэта імя Сахарава прафесар Аляксей Акіянаў на канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю аварыі на ЧАЭС.

Ён патлумачыў: калі радыенкуліды выпалі на тэрыторыю Беларусі, яны знаходзіліся ў паверхневых слаях глебы на глыбіні 5–10 см. Цяпер, паводле яго слоў, «заглыбленне ў глебу адбылося максімум на 30–35 см», хоць чакалася, што радыенукліды вымыюцца з вадой у глыбокія слаі глебы і праблема забруджвання глебы будзе вырашана. Гэтага не адбылося. Паводле слоў прафесара, праблемай з’яўляецца тое, што падчас сельгасработ «радыенукліды з глыбіні 30–35 см падымаюцца наверх, пылам разносяцца па тэрыторыі краіны», з’яўляюцца пры гэтым адным з асноўных фактараў рызыкі радыеактыўнага забруджвання на сёння.

Акіянаў адзначыў, што ў Японіі ў выніку атамных бамбардзіровак уздзеянне радыяцыі доўжылася на працягу некалькіх секунд, а ў Беларусі ў невялікіх дозах насельніцтва працягвае апраменьвацца пастаянна. Апраменьванне «адбываецца не толькі знешняе, але, самае сумнае, і ўнутранае». Трапіўшы ў арганізм, радыенукліды доўга ўздзейнічаюць на клеткі,

у выніку чаго канцэрагенны эфект можа быць значна вышэйшы.

Паводле слоў Акіянава, кантроль за ўзроўнем радыяцыі ў прадуктах харчавання ў Беларусі «вельмі жорсткі». Гэта азначае, што «ў магазінах прадукты чыстыя, у тым ліку і ў раёнах з павышаным узроўнем радыяцыі».

Пры гэтым ён канстатаваў наяўнасць праблемы ў асабістых гаспадарках. «Радыенукліды могуць трапляць у арганізм чалавека праз агародніну і садавіну, якія вырошчваюцца ў асабістых гаспадарках, а таксама падчас ужывання ў ежу ягад, грыбоў, сабраных ў лесе, і мяса дзікіх жывёл», — сказаў ён. Акіянаў адзначыў, што гэта не масавая з’ява, але пра такую небяспеку забываць нельга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?