Ізгой не Беларусь, а асабіста Лукашэнка. Так што ягоны сыход дазволіць Захаду неадкладна радыкальна зьмяніць падыход да Менску. Перад Беларусяй адкрыюцца разнастайныя магчымасьці, і Расеі адразу давядзецца ўступаць у вострую канкурэнцыю за братні народ. Піша рэдактар часопісу “Расея ў глябальнай палітыцы” Віктар Лук’янаў.

Ліквідацыя беларускага “нафтавага афшору”, як мянуюць цяпер братнюю краіну маскоўскія чыноўнікі, азначае сабою важны этап айчыннай палітыкі.

Саюзная дзяржава ператварылася ў анахранізм адразу пасьля сыходу з палітычнай сцэны Барыса Ельцына. Гэта было сумеснае прадпрыемства першых прэзыдэнтаў абедзьвюх краінаў. І той і той мелі свае рэзоны гуляць у аб’яднаньне. Лукашэнка браў збольшага эканамічныя дывідэнды, Ельцын — палітычныя.

З новым расейскім партнэрам — Уладзімерам Пуціным — адносіны ў бацькі ня склаліся. Той, адрозна ад папярэдніка, які спрабаваў замаліць “грэх” развалу СССР, не адчуваў поўнага пашаны трымценьня перад ідэяй інтэграцыі. Тым болей плаціць за яе Крэмль эпохі 2000-х гадоў не зьбіраўся. Размова хутка перацякла ў прадметнае рэчышча (супольная валюта, актывы), што Менск ня дужа спадабаў.

Другі мандат Лукашэнкі (2001—2006) быў адзначаны халаднаватымі адносінамі дзьвюх сталіц, аднак мадэль “геапалітычная ляяльнасьць узамен на эканамічныя прэфэрэнцыі” збольшага працавала. Але затым расейская ідэалёгія ўсёперамагальнага прагматызму ўзяла верх. Імкненьне Масквы максымізаваць бюджэтныя паступленьні перамагло жаданьне захаваць недатыкальнымі асаблівыя сувязі з “апошнім хаўрусьнікам”.

Паўстае пытаньне: а як наагул будуць цяпер будавацца адносіны Расеі зь Беларусяй? Аб’яднаўчая міталёгія, якую абедзьве краіны рупліва сілкавалі цягам дзесяцігодзьдзя, вычарпала сябе.

Распаўсюдзіць на Менск мадэль, якую сёньня рэалізуюць з Кіевам, то бок адкласьці ўбок палітыку і ўкладаць узаемавыгадныя ўгоды ў пытаньнях, якія выклікаюць узаемны інтарэс, не атрымаецца.

Бо, адрозна ад Януковіча і нават Юшчанкі, дамовіцца з Лукашэнкам практычна немагчыма.

Яшчэ больш дзіўна ставіць Беларусь у шэраг недружалюбных дзяржаваў, накшталт, скажам, Малдавіі. Распачынаць поўнамаштабную вайну супраць краіны, якая афіцыйна праходзіць па разрадзе братніх, непасьлядоўна. Пры гэтым Менск ня толькі важны з геапалітычнага гледзішча, але і вельмі блізкі да Масквы ідэалягічна. Наўрад ці знойдзецца іншая краіна, якая аднолькава падзяляе стаўленьне Расеі да НАТА, як Беларусь.

У Крамлі кажуць пра тое, што да Менску мяркуецца ўжыць “армянскі” падыход.

То бок ільготныя цэны на газ і іншыя эканамічныя прывілеі будуць давацца не аўтаматычна на грунце саюзьніцкага статусу, а ўзамен на прывабныя прамысловыя і энэргетычныя актывы.

Перашкодай тут будзе служыць, як тое ні дзіўна, акурат цесная блізкасьць Беларусі да Расеі. Аддаючы важныя аб’екты Маскве, Ерэван тым ня меней захоўвае прастору для манэўру. Напрыклад, можа кампэнсаваць эканамічнае збліжэньне з Расеяй палітычнымі крокамі ў напрамку ЗША і Эўрапейскага Зьвязу. Падобная сытуацыя і ў Кіева.

Менск пазбаўлены магчымасьці балянсу: на Захадзе Лукашэнка перабывае ў ізаляцыі, і, пайшоўшы на сустрэчу эканамічным жаданьням Расеі, Беларусь фактычна трапіць пад поўную залежнасьць ад яе.

Крэмль апынуўся ў дзіўнай сытуацыі. Пры прэзыдэнту Лукашэнку сур’ёзныя саступкі з боку Менску малаверагодныя. Ён ніколі нічога Расеі не аддаваў. Канечне, калі Масква адначасова зьменіць сыстэму спагнаньня нафтавых мытаў і рэзка падвысіць цану на газ, Беларусь апынецца ў вельмі цяжкім становішчы. Крокі ў адказ можна дапусьціць: бацька максымальна ўскладніць транспартны транзыт праз тэрыторыю свае краіны, запатрабуе перагляду фінансавых умоваў вайсковага ўзаемадзеяньня, а таксама, найхутчэй, разгорне ў Беларусі маштабную ідэалягічную кампанію, скіраваную супроць Расеі.

Лукашэнку цяжка разьлічваць на сымпатыі Захаду да яго, аднак рэакцыя Брусэлю ды Вашынгтону на расейскую энэргетычную жорсткасьць прадказальная. Эўразьвяз і Злучаныя Штаты, без сумневу, выступяць хоць і не ў падтрымку Менску, затое з асуджэньнем спробаў Масквы чарговы раз выкарыстаць газавы кран у якасьці інструмэнту ціску.

Зрэшты Расеі варта было б дамагацца таго, што ў амэрыканскім палітычным лексыконе мянуецца “зьмена рэжыму”. Апірышча на Захадзе ў Лукашэнкі няма. Праўда, апошнім часам, калі ягоныя адносіны з Масквой абвастрыліся, у ЭЗ загучалі асьцярожныя галасы: маўляў, ці ня сьлед быць гнуткімі адносна “апошняга дыктатара Эўропы”? Але Аляксандар Лукашэнка, відавочна, разумее, што нават “гнуткая” Эўропа ніякіх гарантыяў на будучыню яму ня дасьць. Акрамя таго, Вашынгтон па-ранейшаму нязломны. Наагул, калі недзе Расея і можа лічыць на, прынамсі, нэўтральнае стаўленьне Захаду да сваіх мераў на зьмену рэжыму, дык гэта менавіта Беларусь.

Тут, аднак, пачынаюцца праблемы.

Перадусім, мяняць рэжымы Расея ня ўмее.

Нельга сказаць, што Крэмль нічым падобным ніколі не займаўся. У тых з постсавецкіх краінаў, дзе ўлада ўвогуле зьмянілася (у Цэнтральнай Азіі і Казахстане гэта, як ведама, яшчэ не адбывалася), Расея брала ў такой зьмене актыўны ўдзел, асабліва ў 1990-я гады. Эдуард Шэварнадзэ ў 1992-м, Гейдар Аліеў у 1993-м, Леанід Кучма ў 1994-м... Усе яны ўзьняліся на алімп пры падтрымцы Масквы. Апошнім у гэтым шэрагу можна ўважаць Уладзімера Вароніна ў 2001 г.

Парадокс у тым, што, прыводзячы да ўлады сваіх фаварытаў, Расея дзіўным чынам ня толькі не атрымоўвала чаканых дывідэндаў, але часьцяком набывала ў іхніх асобах і супернікаў.

Цягам апошніх год зьмянілася агульная сытуацыя ў СНД, і ўзьдзеяньне на ўнутраную палітыку суседзяў Маскве даецца ўсё горш. Нават у падкантрольнай Абхазіі ўвосень 2004-га адбыўся збой.

Аляксандар Лукашэнка — цалкам ідэальны аб’ект для ўзьдзеяньня вонкавай “мяккай сілы”. Рэжым відавочна антыдэмакратычны, відавочна нелегітымны пасьля сэрыі антыканстытуцыйных рэфэрэндумаў сумнеўных выбараў, нарэшце, даволі ўразьлівы эканамічна. Але ціск па лініі дэмакратыі ў Расеі ну зусім “не ідзе”. Проста язык не паварочваецца. У выніку пытаньне пра лёс, напрыклад, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, які адбывае зьняволеньне, у Радзе бясьпекі ААН падымаюць, хоць і трохі нязграбна (бо ў час дэбатаў па Іране), Злучаныя Штаты. Расея ж дае гнеўны адпор, гарой устаючы на абарону афіцыйнага Менску. Але ж у пару беларускай выбарчай кампаніі ўзімку і ўвесну 2006 г. на Захадзе былі перакананыя, што Казулі, які адмовіўся падтрымаць празаходняга кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і раскалоў шэрагі апазыцыі, — стаўленік Масквы.

Праблема Крамля зразумелая. Любы які іншы беларускі лідэр — хоць камуніст, хоць нацыяналіст, хоць нават бацькаў паплечнік — будзе знаходзіцца ў цалкам іншай сытуацыі. Ізгой не Беларусь, а асабіста Лукашэнка, так што ягоны сыход дазволіць Захаду неадкладна радыкальна зьмяніць падыход да Менску. Перад Беларусяй адкрыюцца разнастайныя мажлівасьці, і Расеі адразу давядзецца ўступаць у вострую канкурэнцыю за братні народ.

Масква, мяркуючы па ўсім, ня пэўная, што атрымае ў ёй верх, таму аддае перавагу статус-кво.

Зрэшты, сумясьціць захаваньне стратэгічнага статус-кво з палкім жаданьнем атрымаць максымальны прыбытак ад продажу энэргарэсурсаў усё адно не атрымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?