У 1986 годзе мастак Лявон Грышук правёў тры месяцы ў Чарнобылі, у тым ліку працаваў на даху чацвёртага энергаблока. Праз чвэрць стагоддзя ён узгадвае пра тую трагедыю з болем, але без шкадавання, што апынуўся на атамнай электрастанцыі. Нехта мусіў там быць.

Лявон Грышук.

Злосці на тых, хто накіраваў Лявона ў зону, няма. Крыўдна, што сёння іх, ліквідатараў, кінулі: адмянілі льготы. Цяпер толькі ў аўтобусе і трамваі можа праехаць бясплатна. Ён кажа, што нядаўна спусціўся у метро, а кантралёрка на яго накінулася. Маўляў, за праезд цяпер і яму трэба плаціць. І расказвае, як летась у Кіеве паказаў пасведчанне, а кантралёка правяла яго — там для іх ільготы. Яшчэ і падзякавала за тое, што ён, ліквідатар, ратаваў іх.

Лявон Грышук нарадзіўся 5 мая 1951 года на Уздзеншчыне. Сябра Саюза мастакоў, ліквідатар наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Жыве ў Мінску.

Лявона Грышука выклікалі ў ваенкамат у канцы мая 1986 года. Афіцыйна — каб удакладніць некаторыя звесткі. А як з’явіўся, забралі дакументы і сказалі, што накіроўваецца на вайсковыя зборы да канца года. Лявон кажа, што тады было вядома пра выбух на электрастанцыі, але ніхто не ведаў пра рэальныя маштабы трагедыі. Таму не хваляваўся. Толькі дзесьці праз год, калі ён знаходзіўся ў клінічнай бальніцы медыцынчкай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне, адзін прафесар сказаў: «Хлопцы, вы з таго свету вярнуліся». Вось тады, відаць, і пачаў усведамляць маштабы трагедыі.

Прызвалі Лявона Грышука ў хімічны батальён (яго вайсковая спецыяльнасць — сувязіст). У народзе іх называлі «партызанамі» (з-за паношанага, старога аддзення, як у партызан падчас вайны). Ён ехаў на замену захварэўшаму салдату. Батальён ужо тыдзень знаходзіўся ў 15-кіламетровай зоне адсялення, калі туды прыбыў Лявон, а разам з ім і яшчэ чацвёра такіх рэзервістаў.

Грышук два месяцы мыў тэхніку, якая працавала на дэзактывацыі забруджаных вёсак. Па яго словах, людзей на рэактар не думалі адразу пасылаць. Спадзяваліся на робатаў. Але тэхніка была бездапаможнай. І батальён накіравалі на рэактар.

— Наш батальён пашыхтавалі і камбат сказаў, што трэба ісці на дах рэактара. Здавалася, што мы рыхтаваліся да нейкай атакі, каб захапіць патрэбную вышыню.

І ніхто не адмовіўся. Шкада толькі, што нас падманулі: ішлі ж мы на смерць. Хаця нават калі ведалі б праўду, ніхто не адмовіўся. Камусьці трэба было абараняць сваю зямлю. Нас яшчэ і пастрашылі. Маўляў, вы — ваеннаабавязаныя. Калі адмовіцеся выканаць загад, трыбунал дасць як мінімум тры гады турмы. І супакойвалі адначасова: не хвалюйцеся, ніякай пагрозы няма. Вы там прабудзеце некалькі разоў па некалькі хвілін.

А генерал сказаў, як выканаюць загад, тады ім будзе і адпачынак на поўдні бясплатны, і льготы.

— Спачатку нас прывезлі ў горад Прыпяць. Там мы «рэпетавалі» на недабудаваным пятым энергаблоку. А пасля было гадзіны дзве вольнага часу. Мы прайшліся па горадзе. Мяне гэта вельмі ўразіла. Я чытаў «Сталкера» братоў Стругацкіх і ўбачыў, што гэта менавіта тая зона з кнігі. Выселены горад — нікога няма. Мы адчынілі адзін пад’езд. Зайшлі ў першую ж кватэру на першым паверсе. Убачылі тапачкі, бацькоўскія і дзіцячыя. Стаяў тэлефон. Я падняў слухаўку — былі гудкі. На стале — асадкі, алоўкі, сшыткі. Усё сведчыла пра тое, што людзі павінны быць недзе побач. Толькі слой пылу вяртаў да рэальнасці. І стала надта страшна. Але страшна не ад рэактара, на які трэба ісці, а ад таго, што тут людзей няма.

Затым салдат прывезлі на электрастанцыю. Яны сталі падымацца наверх.

Дзе пешкі, дзе бягом дарога на дах чацвёртага энергаблока заняла чатыры гадзіны.

Па ўсім даху былі раскіданы пасля выбуху вялікія чорныя кавалкі. Гэта былі рэшткі графіту, у якім знаходзіліся стрыжні, што апускалі ў зону распаду ўранаванага паліва. Графіт уплавіўся ў руберойд. «У СМІ паведамлялі, што на рэактары працавалі робаты. Але нічога падобнага там не было. Мы, салдаты, былі тымі робатамі». Лявон прыгадвае, што каля рэактара стаяла новенькая тэхніка. На ёй не працавалі, бо сядаць за яе было небяспечна — надта шмат радыяцыі ўвабрала ў сябе.

На электрастанцыі не было не толькі робатаў, але і спецвопраткі.

Перш чым ісці туды, надзявалі на сябе самаробную ахову. З лістоў свінца выразалі па кавалаку на грудзі і спіну, якія затым паміж сабой звязвалі вяроўкай. Самі рабілі нешта кшаталту свінцовых шаломаў. Гэта было падобна да рыцарскіх латаў. Надзявалі гумавы фартух, якія носяць урачы ў рэнгенаўскіх кабінетах. На рукі — рукавіцы, як у будаўнікоў.


Ліквідатары рыхтуюцца да выхаду на дах рэактара. Фота Ігара Косціна.

Выбягалі па чатыры чалавекі. Двое павінны былі хоць колечкі аддбіць ад глыбы расплаўленага графіту, а астатнім трэба было несці і скідаць гэта ў дзіру на даху, дзе знаходзіўся разбураны энергаблок.

Салдат засцерагалі не глядзець у тую прорву: хуценька кінуць кавалак і назад. Але як туды не паглядзець. Лявон Грышук зазірнуў і ўбачыў нешта чорнае. І дагэтуль мастак упэўнены, што бачыў пекла. Лявон адзначае, што ў той дзень была спёка. А як падышлі да рэактара, холад пачаў працінаць цела.

— Мы былі там дзве хвіліны толькі, а мне здалося, што прайшло значна больш.

Спусціліся, памыліся ў душы. Але што мы там маглі змыць! Амаль ва ўсіх носам пайшла кроў. І мы да вечара праляжалі на траве: не было моцы. Увесь час мы здавалі аналізы крыві і насілі на целе спецыяльныя назапашвальнікі, якія паказвалі агульную дозу радыяцыі. Самі мы не маглі зняць паказанні з прыбора. А перад самай адпраўкай дамоў з нас тыя назапашвальнікі знялі, а паказанні не сказалі.

Калі Лявон ляжаў у Аксакаўшчыне, у ліквідатараў зрэзалі пазногці, каб адправіць на экспертызу ў Японію. Вайсковыя чыны не казалі пра сапраўдную дозу апраменьвання нават дактарам, і апошнія не ведалі, як лячыць людзей. Ці былі вынікі экспертызы з Японіі? Калі і былі, Лявон нічога пра іх не ведае.

Праз некалькі дзён пасля першага пад’ёму на рэкатар салдат зноў прывезлі туды. Рабіць даводзілася тое самае. Толькі ўжо не было «спецвопраткі» — тых свінцовых кашуляў, шаломаў. Такіх камплектаў хапала ўсяго на чатырох чалавек. Ды пасля першага разу свінец увабраў у сябе столкі радыяцыі, што «фаніў» не меней за рэактар. А яшчэ праз некалькі дзён, паглядзеўшы на дозу апраменьвання, «партызан» адправілі дадому, хаця служыць павінны былі чатыры месяцы.

— Да тых збораў я амаль не хварэў. А тут пачалося: спачатку язва, потым праблемы з сэрцам, пасля пухліны з’явіліся.

Апошнія былі, дзякаваць Богу, добраякаснымі, не рак. Па сем месяцаў на год праводзіў у бальніцах. Перанёс шэсць аперацый на руках. Аднойчы па бальніцы маладыя людзі насілі Біблію. Я ўзяў і пачаў чытаць Святое пісанне. Я моцна паверыў, што толькі Госпад дапаможа. І Бог выратаваў мяне.

Сёння Лявону даводзіцца штогод адзін-два месяцы праводзіць у бальніцы. Наступсты вялікай дозы радыяцыі: з-за алергіі ў яго здараецца ацёк Квінке, калі распухае твар альбо асобныя яго часткі. Але ён рады, што хаця б застаўся жывы.

Ужо гадоў дзесяць, адзначае Лявон, як памерлі апошнія з тых, з кім разам быў на рэактары.

За працу ў Чарнобылі мастака адзначылі медалём «удзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС» і дзвюма граматамі. Што далі тыя ўзнагароды? Толькі горыч успамінаў.

Напамінам аб Чарнобыльскай трагедыі Лявону служыць і касета, якую прывёз з зоны. «Sony, якіх нідзе не было тады, дэфіцыт. А нам прывозілі». Пустая паўтарагадзінная касета, на якую ўжо дома запісаў песні любімага гурту — The Beatles. І сёння, сеўшы ў аўтамабіль, Лявон уключае часам яе. «Напэўна, і яна фаніць», — кажа ён. Але гэта для мастака напамін пра здаровую маладосць.

***

Як мастак Лявон Грышук да тэмы Чарнобыля ў творчасці звяртаўся толькі некалькі разоў. «Калі пішаш — успамінаеш той час, людзей, якіх ужо няма. Балюча гэта». Пра трагедыю сведчаць дзве карціны, але і тыя ён рэдка паказвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?