Патрыярхі Кірыл і Варфаламей.

Патрыярхі Кірыл і Варфаламей.

20 красавіка на Фанары ў Стамбуле засядаў Святы Сінод Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы. Выявілася, што адно рашэнне памеснай Царквы можа стаць этапным і нават выбухованебяспечным для ўсяго Праваслаўя. Справа ў тым, на пасяджэнні ўхвалена прапанова Усяленскага Патрыярха Варфаламея аб скліканні 1 верасня Сіноду прадстаяльнікаў старажытных Патрыярхатаў — г. зн. ачольнікаў Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай Цэркваў.

Фармальная прычына склікання Сіноду — палітычная сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, ускладненне і без таго складанага становішча Праваслаўных Цэркваў у гэтых рэгіёнах.

Магчыма, рашэнне Сіноду Канстанцінопальскай Царквы не выклікала б такога рэзанансу, калі б не дзве дадатковыя абставіны.

1. На сустрэчы чатырох Патрыярхаў мяркуецца абмеркаваць таксама пытанні, звязаныя з Румынскай і Рускай Праваслаўнымі Цэрквамі. Як вядома, большая частка цяперашняй Малдовы да лета 1940 г. уваходзіла ў склад Румыніі, і на яе тэрыторыі мелася Бесарабская мітраполія Румынскай Праваслаўнай Царквы. Пасля таго, як Бесарабію захапіў Савецкі Саюз, гэтая мітраполія трапіла пад юрысдыкцыю Масквы. Сучасная Румынская Царква не згаджаецца з такім становішчам, і яе Сінод намінаваў на кафедры ў Малдове новых архірэяў.

Паміж дзвюма Цэрквамі-сёстрамі вынік канфлікт.

2. Мяркуецца, што 1 верасня на Фанары адбудзецца Сінод чатырох Патрыярхаў з удзелам архіепіскапа Новай Юстыніяны і ўсяго Кіпра.

Нагадаю, што ў старажытнасці (у эпоху першых сямі Усяленскіх Сабораў) у Паўсюднай Царкве склалася пентрахія — улада прадстаяльнікаў пяці цэркваў: Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай. Пасля расколу 1054 г. ва ўсходнім хрысціянстве ўсталявалася ўлада чатырох з пэўнымі перавагамі архіепіскапа Новага Рыму — Канстанцінопаля. Аўтафефалія тае ці іншае Царквы «ўзаконьвалася» толькі пры згодзе гэтых Патрыярхаў, і абавязкова пры згодзе Ўсяленскага Патрыярха. Напрыклад, Маскоўская мітраполія стала Патрыярхатам толькі пасля таго, як у Маскве пэўны час голадам памарылі Ерамію ІІ. Даведзены да адчаю, канстанцінопальскі госць вымушаны быў даць згоду на аўтакефалію, але Маскве давялося патраціць яшчэ нямала сродкаў, каб гэтае рашэнне падтрымалі тры іншыя Патрыярхі.

З часам склалался так, што ў пераліку Праваслаўных Цэркваў на пятае месца выйшла Маскоўская Патрыяхія. Якімі спосабамі Масква дасягнула такога гонару — іншая справа, але гэта выклікала і выклікае недаўменне ў хрысціянскім свеце, бо вядома, што пятаю паводле свайго «ўзросту» з’яўляецца Кіпрская Царква, заснаваная апосталам Варнаваю. Аўтакефалія гэтай Царквы прызнана ў 431 годзе, калі адбываўся ІІІ Усяленскі Сабор.

Тое, што на Сінод разам з Патрыярхамі старажытных Цэркваў запрошаны таксама ачольнік старажытнай Кіпрскай Царквы, расцэньваецца як рэалізацыя вельмі папулярнай у грэцкім праваслаўі ідэі пентархіі і як (у пэўнай меры) аднаўленне старажытнай пентрахіі. Адны ацэньваюць запрашэнне архіепіскапа Новай Юстыніяны як аднаўленне гістарычнай справядлівасці, другія ж ацэньваюць яго як удар па прэстыжу Маскоўскай Патрыярхіі і асабіста Патрыярха Кірыла.

Некаторыя блізкія да Маскоўскай Патрыяхіі блогеры абрушыліся на Патрыярха Варфаламея з лаянкай. Прадказваюць, што Сінод не збярэцца, бо, маўляў, Патрыярхі Александрыйскі, Антыяхійскі і Ерусалімскі сябруюць з Масквою, абапіраюцца на яе дапамогу. Асабліва радуюцца, што супраць Сіноду ўжо выказаўся ідзін з чальцоў Сіноду Александрыйскай Царквы — экзарх Паўднёвай Афрыкі, ён жа мітрапаліт Зімбабвэ і Анголы Серафім. Пішуць таксама, што рашэнне склікаць Сінод нечаканае. Аднак нельга дапусціць, каб Варфаламей выступіў з ідэяй Сіноду легкадумна, папярэдне не параіўшыся з прадстаяльнікамі старажытных Патрыярхатаў і ачольнікам Кіпрскай Царквы.

У Масквы і так складаныя адносіны з Канстанцінопалем. Масква ведае, што перавага архіепіскапа Новага Рыму перад прадстаяльнікамі іншых Цэркваў (акрамя Рымскай) прызнана Усяленскімі Саборамі, але яна палохае Праваслаўе, што Усяленскі Патрыярх можа стаць «праваслаўным Папам». Масква настойвае на раўнапраўі Цэркваў ды іх прадстаяльнікаў, але ўсяленскае праваслаўе ведае, што насамрэч Масква хацела б быць лідэрам праваслаўнага свету. І хоць некаторыя кіраўнікі Маскоўскага Патрыярхату адхрышчваюцца ад ідэі «Трэцяга Рыму», перманентае змаганне Масквы з Новым Рымам — Канстанцінопалем паказвае, што іх заявы няшчырыя.

…Ужо 50 гадоў ідуць нарады Праваслаўных Цэркваў, але ідэя Усеправаслаўнага (не Усяленскага!) Сабору так і не можа рэалізавацца. Гэтаму замінаюць як канфлікты паміж паасобнымі Цэрквамі, гэтак і галоўны канфлікт — паміж Масквою і Канстанцінопалем. І хоць Фанар заявіў, што рашэнні Сіноду прадстаяльнікаў старажытных Патрыярхатаў не будуць папярэджваць рашэнні Усеправаслаўнага Сабору, можна не сумнявацца, што Масква прыкладзе ўсе намаганні, каб Сінод не адбыўся або «праваліўся». Тым часам у тых Цэрквах, якія ведаць, што такое маскоўскі дыктат, моляцца за поспех Сіноду, за тое, каб пентархія была адноўлена без Маскоўскага Патрыярхату, каб нестаражытная Маскоўская Царква была пастаўлена на сваё месца. Дый астатняе Праваслаўе да гэтае пары ў яго канфліктах з Масквою падрымлівала Канстанцінопаль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?