У пачатку красавіка, у ноч з 2-га на 3-га, сталічны ЦУМ пазбавіўся вялікай партыі розных дарагіх тавараў — крадзяжу такога памеру ў гісторыі адной з найстарэйшых крамаў горада яшчэ не было. Злодзея вылічылі, што называецца, па гарачых слядах. Матывацыя яго ўчынку здзівіла нават дасведчыных аператыўнікаў.

Як высветліла следства, грамадзянін Б. — 26-гадовы беспрацоўны жыхар Маладзечна — скарыстаўся тым, што ў будынку крамы ідзе рамонт, і схаваўся ў зацішным кутку.

Уначы ён спакойна прайшоўся па паверхах, збіраючы раней выбраныя тавары — дарагую оптыку, фотаапараты, ювелірныя вырабы, пакінутыя ў касах грошы.

Аднак калі ён паспрабаваў адкрыць адну з вітрын, спрацавала сігналізацыя.
Прыбылы нарад раённага аддзела Дэпартамента «Аховы» нічога падазронага не ўбачыў, як і не выявіў людзей у памяшканні. Міліцыянты вырашылі, што адбыўся тэхнічны збой ахоўнай сігналізацыі.

Неўзабаве пасля візіту міліцыянтаў зламыснік працягнуў свой рэйд па вітрынах і прылаўках. Затым малады чалавек выбраўся праз акно першага паверха, сігналізацыя на якім была дэмантаваная праз рамонт.

Прыехаўшы ў свой родны горад, зламыснік перадаў тэхніку на рэалізацыю знаёмаму ахоўніку з начнога клуба, нейкаму Д. Таксама прыяцелі зрабілі некалькі тайнікоў, у якіх схавалі ювелірныя вырабы.

Зламысніка затрымалі па гарачых слядах. Прычым знайшлі яго вельмі проста: «пальцы» з месца здарэння супалі з тымі, што захоўваліся ў міліцэйскай картатэцы — маладзечанец раней быў судзімы за разбой і крадзеж. Зрэшты, адбіткі пальцаў даказваюць толькі тое, што канкрэтны чалавек нядаўна быў у ЦУМе. А раптам ён выбіраў пярсцёнак каханай дзяўчыне і пакінуў сляды на прылаўку?

Калі аператыўнікі прыйшлі па падазраванага, ён прызнаўся ў крадзяжы. Момантам жа найвышэйшай асалоды для яго быў візіт журналістаў-тэлевізіёншчыкаў.

Шматлікія падазраваныя спрабуюць схавацца ад тэлекамеры, а грамадзянін Б. з задавальненнем пазіраваў! Праўда, не хацеў прызнавацца, дзе схавана крадзенае, але ў гэтым пытанні на дапамогу следству прыйшоў грамадзянін Д. і паказаў усе схованкі.

Намеснік начальніка следчага аддзела Савецкага РУУС г. Мінска Аляксандр Любаскін пытаўся ў падазраванага перад арыштам: навошта ўчыніў злачынства? Той выставіў сябе ну проста Робін Гудам, адказаўшы афіцэру міліцыі: «Дзяржава „кідае“ людзей, вось я і вырашыў яе пакараць».

Падчас допыту, ужо ў статусе абвінавачанага, грамадзянін Б. расказаў следчаму: «Я ўчыніў гэты крадзеж, каб падняць свой аўтарытэт сярод крымінальных асобаў. Гэта ж крута: абрабаваць ЦУМ; такога ў Мінску яшчэ не было! Таму і „пальцы“ пакінуў, каб знайшлі мяне!».

На цяперашні момант высветленая сума матэрыяльнай шкоды — каля 700 мільёнаў рублёў.
Практычна ўся яна кампенсаваная, бо зламыснік не паспеў рэалізаваць скрадзенае.

У дачыненні да грамадзяніна Б. заведзеная крымінальная справа па ч.4 артыкула 205 КК Беларусі — крадзеж у асабліва буйным памеры, які прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Для дзеянняў яго прыяцеля грамадзяніна Д., які дапамагаў хаваць скрадзенае, таксама ёсць кваліфікацыя ў КК — артыкул 236: набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, здабытых загадзя злачынным спосабам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?