Намеснік дырэктара прадпрыемства «Лекфарм» Андрэй Патаповіч выказаў БелаПАН меркаванне, што імпарцёры лекавых сродкаў зараз знаходзяцца ў лепшым становішчы за вытворцаў, «бо маюць права першачарговай куплі валюты па афіцыйным курсе Нацбанка».

Паводле яго слоў, вытворцы могуць набываць валюту для куплі субстанцыі, з якой вырабляюцца лекі, на біржы па курсе Нацбанка. Для куплі іншых складнікаў лекаў — па пазабіржавым курсе. Зараз у «Лекфарма» ёсць запас субстанцый і іншых складнікаў на некалькі месяцаў. «У выпадку неабходнасці выкарыстаем крэдыт, адтэрміноўкі з пастаўшчыкамі прадукцыі», — сказаў Патаповіч. Ён асцерагаецца, што калі прадпрыемства будзе вымушана купляць валюту па высокім курсе, гэта можа прывесці да павелічэння кошту лекаў.

Ён таксама занепакоены тым, што з-за адсутнасці прэферэнцый на біржы праблемы з купляй валюты ёсць у беларускіх імпарцёраў, якія пастаўляюць хімічныя рэактывы для кантролю якасці лекавых сродкаў. Без іх немагчыма правесці аналіз, а значыць, прадаваць лекі.

Дырэктар Нясвіжскага завода медыцынскіх прэпаратаў Сяргей Прасмыцкі паведаміў БелаПАН, што зараз прадпрыемства не закупляе імпартную сыравіну, з якой вырабляецца прадукцыя. Паводле яго слоў, прадпрыемства працуе на падставе кантрактаў з адтэрміноўкай плацяжу. Зараз надышоў тэрмін плацяжу, «а валюты няма». «Мы купляем экспартную выручку, якая прыходзіць, паводле курсу Нацбанка і прадаем абавязковыя 30% валюты. Пакуль валюту па пазабіржавым курсе мы не куплялі», — зазначыў Прасмыцкі.

Калі сітуацыя на валютным рынку не зменіцца, у найбліжэйшыя два тыдні прадпрыемства можа спыніцца, сказаў дырэктар. «Мы не можам працаваць, прадаючы валюту, што паступае, паводле курсу 3 тыс. 100 рублёў і купляючы па 6 тыс. рублёў», — сказаў ён. У якасці аднаго са спосабаў змякчэння праблемы Прасмыцкі разглядае адмену абавязковага продажу 30% валюты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?