Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска судзяць Алега Гнедчыка.

Алег Гнедчык нарадзіўся ў 1986 годзе. Скончыў будаўнічую вучэльню, працаваў на будоўлях у Мінску і Маскве. У 2003 — 2005 гадах за палітычную актыўнасць як сябра «Маладога фронту» яго затрымлівалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. У 2006 годзе адседзеў 12 сутак за ўдзел у намётавым лагеры. Падчас прэзідэнцкай кампаніі працаваў у штабе Уладзіміра Някляева. Быў на плошчы 19 снежня. Затрымалі Алега Гнедчыка 6 студзеня, 9 студзеня адпусцілі. 25 сакавіка яму выстаўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

19 снежня на плошчу пайшоў свядома. Да нас прыйшоў ягоны сябра Сяргей. Маё мацярынскае сэрца прадчувала, што дабром гэта не скончыцца. Я нават хацела схаваць абутак абодвух, каб не пайшлі. Мяне стрымала дачка Насця… Пасля плошчы вярнуўся. Спадзяваліся, пранесла.

Але ўжо 6 студзеня 2011 да нас прыйшлі міліцыянты, затрымалі Алега па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Праўда, 9 студзеня адпусцілі. Зноў усё заціхла. А 25 сакавіка зноў прыйшлі. Мяне не было дома, дзеці былі адны. Міліцыянты ледзьве не выламалі металічныя дзверы… Адразу ж яму выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Дома быў ператрус, забралі вінчэстар ад кампутара.

Сябры Алега дапамагаюць мне з перадачамі, падносяць сумкі, стаяць у чарзе на «Валадарцы». Даходзіць да маразму: ніяк не магу перадаць яму абутак — Алега ўзялі ў зімніх ботах. Прынесла туфлі, красоўкі — не прынялі, маўляў, у абутку металічныя супінатары, нельга…

У лістах Алег піша, што трымаецца, у яго ўсё ў парадку. Ён вельмі мужны, прынцыповы, адказны чалавек. І ў той жа час надзвычай добры, пяшчотны, уважлівы да блізкіх…

Валянціна Гнедчык, маці Алега

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?