Сёння раніцай у Цэнтральным раёне Мінска затрыманы аўтазлодзей. Пры сабе ён меў шрубоўку і спецыяльным чынам выгнутыя нажніцы, якія прызначаліся для адкрыцця аўтамабільных замкаў.

Злавіць злодзея атрымалася дзякуючы пільнасці грамадзян, якія паведамілі ў міліцыю пра тое, што каля дома № 31 па вуліцы Веры Харужай падазроны мужчына зазірае ў вокны прыпаркаваных аўтамабіляў. Прыбыўшы на месца, супрацоўнікі ДАІ ўбачылі, што ў аднаго з прыпаркаваных аўто — маршрутнага мікрааўтобуса «Форд» — ужо разбіта бакавое шкло, а ад яго хуценька адыходзіць чалавек. Адзін з жыхароў дома крыкнуў, што гэта і ёсць той падазроны мужчына. Уцекача дагналі. Пры затрыманні ў яго з-пад курткі выпаў касавы апарат, які выкарыстоўваецца ў маршрутках.

Затрыманы — 26-гадовы мінчанін, раней быў неаднаразова судзімы за крадзяжы. Сёння раніцай ён выйшаў на «працу» нападпітку.

У дачыненні да падазраванага, хутчэй за ўсё, будзе распачата крымінальная справа па ч.2 арт.205 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Крадзеж»). Праводзіцца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?