Рэспубліканская Дзяржаўтаінспекцыя занепакоена сітуацыяй з гібеллю дзяцей на дарогах.

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС, за тры месяцы 2011 года ў Беларусі ў 89 дарожна-транспартных здарэннях загінулі пяцёра дзяцей і 84 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. З 89 дзяцей, якія сталі ўдзельнікамі ДТЗ, толькі 14 атрымалі траўмы па сваёй неасцярожнасці, астатнія пацярпелі і загінулі па віне дарослых вадзіцеляў. У красавіку загінулі яшчэ сямёра дзяцей, чацвёра з іх былі пасажырамі, адзін — пешаход, адзін — веласіпедыст, адзін — матацыкліст.

«Бацькі, сачыце за сваімі дзецьмі, у вашых сілах прадухіліць трагедыю», — гаворыцца ў паведамленні УДАІ МУС.

Двое дзяцей загінулі 27 красавіка. У Валожыне ў 14.35 14-гадовы вучань 9-га класа, мясцовы жыхар, кіруючы матацыклам «Іж-Юпітэр-4», не маючы пасведчання на права кіравання, няправільна выбраў хуткасць руху, не ўлічыў дарожныя ўмовы, асаблівасці і стан транспартнага сродку, не справіўся з кіраваннем і выехаў за межы праезнай часткі, дзе ўрэзаўся ў бетонную агароджу могілак. Ад атрыманых траўм падлетак памёр на месцы здарэння. Як паведаміла маці, ён з раніцы рамантаваў матацыкл у двары. Калі выехаў у горад, не заўважыла.

У вёсцы Янова Сенненскага раёна ў 19.00 47-гадовы мясцовы жыхар, кіруючы аўтамашынай «ГАЗ-3507», на скрыжаванні ўчыніў наезд заднім колам на трохгадовага хлопчыка, жыхара Віцебска, які раптоўна выехаў з другараднай дарогі на веласіпедзе. Дзіця ад атрыманых траўм памерла на месцы здарэння. Хлопчык з мамай прыехалі ў госці да цёткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?