Па факце выбуху ў метро абвінавачанне ў тэрарызме выстаўленае двум грамадзянам Беларусі, паведаміў журналістам 29 красавіка намеснік генеральнага пракурора, кіраўнік следчай групы Андрэй Швед.

Паводле яго словаў, ім ставіцца ў віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (тэрарызм). Яны абвінавачваюцца ў тым, што

ўчынілі тэракт па папярэдняй змове з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі, застрашвання насельніцтва і забойства людзей.

Аднаму з абвінавачаных у тэракце ў метро таксама выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 295 КК (незаконнае абарачэнне зброі).

Акрамя таго, паведаміў Швед, аднаму з абвінавачаных у выбуху ў метро выстаўленае абвінавачанне па фактах тэрарызму 14 і 22 верасня 2005 года ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года ў Мінску. «Гэтыя злачынствы, як мінімум, здзейсніў адзін чалавек», — сказаў Швед.

Паводле яго словаў, праваахоўныя органы з прыцягненнем вайскоўцаў Узброеных сіл, кінолагаў і сапёраў выявілі і правялі агляд участка мясцовасці ў прыгарадзе Віцебска — своеасаблівага палігона, дзе абвінавачаныя даволі працяглы час

праводзілі выпрабаванні выбуховых прыладаў, фіксуючы іх на фота і відэа.

Андрэй Швед заявіў, што ў 2009 годзе ў праваахоўных органаў ужо была магчымасць выкрыць асобу, якая ўчынiла тэрарыстычны акт у 2008 годзе ў Мінску.

Аднак праз халатнасць службовых асобаў гэтага зроблена не было.

Гаворка ідзе пра тое, што абвінавачаны не быў дактыласкапіяваны падчас прызыву ў войска. Па факце халатнасці распачатая крымінальная справа.

Намеснік генпракурора таксама паведаміў, што

матыў злачынства «практычна высветлены».
«Ён звязаны з асобамі абвінавачаных, іх развіццём, стаўленнем да жыцця, выхаваннем», — сказаў Швед.

Паводле яго словаў, у момант здзяйснення злачынства абвінавачаныя былі пры сваім розуме, але канчатковае заключэнне па гэтым пытанні дасць экспертыза.

Намеснік генпракурора заявіў, што следства не валодае якімі-небудзь дадзенымі «пра тое, што ў актах тэрарызму былі замоўцы альбо арганізатары». Акрамя двух абвінавачаных па справе праходзяць чацвёра падазраваных. Пра меру стрымання ў дачыненні да іх Швед казаць не стаў у інтарэсах следства.

Ён пацвердзіў, што абвінавачваныя планавалі ўчыніць серыю тэрактаў,

«але дзе, калі і якім спосабам — таямніца следства».

Мяркуючы па словах намесніка генпракурора, дата 11 красавіка 2011 была абраная невыпадкова. Яна тлумачыцца пэўнай «заканамернасцю дзеянняў і падзей». Пры гэтым Швед адзначыў, што тэракт мог быць учынены днём раней ці днём пазней.

Следства па-ранейшаму не называе прозвішчаў абвінавачаных.

Разам з тым, Швед паведаміў, што абодва абвінавачаных 1986 года нараджэння, ураджэнцы аднаго з абласных цэнтраў, раслі ў адным двары, сябравалі са школы.

Паводле словаў намесніка генпракурора, прынятыя ўсе неабходныя меры, каб іх сваякі былі абароненыя ад любых супрацьпраўных дзеянняў.

Швед паведаміў, што ва ўсіх абвінавачваных і падазраваных ёсць абаронцы, следчыя дзеянні ў дачыненні да іх праводзяцца ў прысутнасці адвакатаў і фіксуюцца на відэа.

Паводле яго інфармацыі, у межах расследавання ўжо прызначаныя і выконваюцца каля 400 судова-медыцынскіх, крыміналістычных і іншых экспертызаў. Дапытана больш за 300 грамадзян, праведзена больш за 500 іншых следчых дзеянняў.

Нагадаем, у выніку выбуху каля стэлы «Горад-герой Мінск» у 2008 годзе пацярпелі 54 чалавекі, пасля выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе было каля паўсотні параненых.

У выніку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 пацярпела ў агульным больш за 200 чалавек. З іх 14 загінулі, 167 былі шпіталізаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?