Колькасць ахвяр ДТЗ, якое адбылося 23 красавіка ў Маларыцкім раёне, дзе на месцы аварыі памерлі сем пацярпелых, дасягнула васьмі чалавек.

У другой палове дня 28 красавіка ў рэанімацыйным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы памерла мінчанка 1979 года нараджэння.

Як паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай працы гэтай бальніцы Тадэвуш Гарасімчык, 23 красавіка гэтай жанчыне ў Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы спецыялістамі абласной бальніцы была зроблена аперацыя. 25 красавіка яе перавялі ў Брэсцкую абласную бальніцу.

«У пацыенткі былі траўмы, не сумяшчальныя з жыццём. Нягледзячы на меры, якія прымаліся, выратаваць жанчыну не ўдалося», — зазначыў Гарасімчык.

Паводле яго слоў, на сёння ў Брэсцкай абласной бальніцы знаходзяцца

яшчэ сем пацярпелых у гэтым ДТЗ. Стан некаторых з іх медыкі ацэньваюць як цяжкі.

Як раней паведамлялася, ДТЗ адбылося 23 красавіка ў 13.20 на перасячэнні аўтадарог Кобрын — Маларыта і Брэст — Макраны.

Кіроўца мікрааўтобуса «Фальксваген-Каравела», мінчанін 1975 года нараджэння, падчас руху па другараднай дарозе праігнараваў знак «Рух без спынення забаронены», выехаў на перакрыжаванне і сутыкнуўся з украінскім рэйсавым аўтобусам «Ікарус», які ехаў па маршруце Ковель — Брэст.

У выніку аварыі на месцы загінулі вадзіцель «Фальксвагена» і пяць з дзевяці пасажыраў, якія ехалі з ім, у тым ліку трое дзяцей — хлопчык 2006 года нараджэння, дзяўчынка 2007 года нараджэння з Мінска, а таксама хлопчык 2009 года нараджэння з Гомельскай вобласці. Загінулі таксама двое дарослых — мужчына 1951 года нараджэння і жанчына 1952 года нараджэння, жыхары Гомельскай вобласці.

З траўмамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя чацвёра пасажыраў «Фальксвагена».

У «Ікарусе» ехалі сем пасажыраў. Адна з іх, жыхарка Брэста 1947 года нараджэння, загінула на месцы аварыі. Вадзіцель і трое пасажыраў шпіталізаваныя з траўмамі.

Па факце аварыі распачата справа на падставе ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?