У чацвер 28 красавіка ў брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбыўся канцэрт знакамітага беларускага рок-музыкі Лявона Вольскага.

Акрамя свайго апошняга сольнага праекту «Белая яблыня грому», ён прэзентаваў берасцейцам таксама новыя песні «гурту з чорнага спісу з грувасткай назвай на літару К».

Першая частка канцэрту атрымалася сур’езнай і сакраментальнай. Выкананне песень з «Белай яблыні грому» суправаджалася відэашэрагам з выявамі малюнкаў Вольскага.

Падчас 20-хвіліннага перапынку прапанавалася набыць дыск, які пасля канцэрту Лявон абяцаў усім жадаючым падпісаць на памяць. Аднак попыт на дыскі пераўзыйшоў прапанову: дыскаў хапіла не ўсім.

У другой частцы музыкі згралі эксперыментальную праграму з песень розных народаў Еўропы. Дагэтуль падборка была прадстаўлена толькі ў Гародне. Плануецца, што новыя кампазіцыі ўвойдуць у будучы альбом «Крамбамбулі».

Апошнія дзве песні — легендарныя «Госці» і «Тры чарапахі» — слухачы спявалi хорам і стоячы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?