Мэр горада Вільні Артурас Зуокас у канцы тыдня мае намер наведаць Астравецкі раён і агледзець месца, дзе плянуецца будаваць атамную электрастанцыю,
 — паведамляе агенцтва BNS.

АЭС у Беларусі плянуюць пабудаваць усяго за 50 км ад Вільні. Гэта непакоіць кіраўніцтва гораду і Літвы.

Зуокас сказаў кіраўнікам Астравецкага раёну, якія гасьцявалі ў Вільні на мінулым тыдні, што плянаваная побач зь Літвой АЭС паўплывае на будучыню самага буйнога гораду краіны.

Ён заклікаў кіраўнікоў Літвы прапанаваць Беларусі далучыцца да праекту будаўніцтва АЭС у Вісагінасе.

Старшыня выканкаму Астравецкага раёну Адам Кавалька заявіў, што новая АЭС павінна пачаць працаваць у 2016 годзе, і што гэта будзе бясьпечная электрастанцыя.

У той жа час лідэр літоўскай супольнасьці, што жыве ў гэтым раёне Беларусі, Альфонсас Аўгуліс запэўнівае, што людзі проста не разумеюць, што пабудуюць побач зь імі. Яны вераць крыніцам інфармацыі, якія пераконваюць, што гэта будзе самая бясьпечная атамная электрастанцыя.

Літва крытыкуе пляны Беларусі і Расеі збудаваць атамныя электрастанцыі каля самай мяжы зь Літвой.
Палітыкаў Літвы непакояць рэактары, якія, па іх словах, да гэтага часу рэальна ня выпрабаваныя. Да гэтага часу застаецца незразумелым, чаму выбраныя пляцоўкі побач зь мяжой, не падрыхтаваныя пляны на выпадак аварыі, ігнаруюцца пытаньні бясьпекі.

Літва плянуе за 10 гадоў пабудаваць атамную электрастанцыю ў Вісагінасе. У праекце будзе ўдзельнічаць буйная замежная кампанія, а таксама ўрады трох краін Балтыі і Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?