Незалежная журналістыка Беларусі сёння «ў небяспецы, бо з`яўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму».
Так ахарактарызавала сітуацыю са свабодай СМІ ў краіне старшыня РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Жанна Літвіна напярэдадні Сусветнага дня свабоды друку, які штогод адзначаецца 3 мая.

«Усё складаней кантраляваць грамадскую свядомасць і падпарадкоўваць настрой людзей, — пераканана лідар БАЖ. — Прапагандысцкая машына „прабуксоўвае“. Спрацоўвае прынцып — чым больш прапаганды, тым менш веры». Сведчаннем таму, адзначае Літвіна, сталі і валютная паніка, і «цукровая ліхаманка».

«Эканамічная сітуацыя дыктуе паводзіны ўлады. Ёй сёння нічога не застаецца, як ісці на абвастрэнне ўзаемадачыненняў з масмедыя і ўзмацняць пераслед, вылучаючы самыя дзікунскія абвінавачанні», — лічыць Літвіна.

Аднак, падкрэслівае яна,

«шлях татальнага і бескампраміснага падпарадкавання СМІ — бесперспектыўны».
«Таму што ў сітуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадстве як ніколі расце давер да незалежных СМІ і запатрабаванасць інфармацыі без цэнзуры», — упэўнена лідар БАЖ.

Незалежнай журналістыцы, паводле меркавання Літвіной, варта распарадзіцца гэтым «капіталам даверу», замацаваць сваю пазіцыю ў грамадстве, чаго б гэта ні каштавала.

Жанна Літвіна пажадала мужнасці калегам, якія ўжо асуджаны на зняволенне (Аляксандр Атрошчанкаў, Дзмітрый Бандарэнка), тым, хто яшчэ чакае прысудаў (Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп, Павел Севярынец), а таксама стойкасці — калектывам газет «Наша ніва» і «Народная воля», якія могуць быць закрыты з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?