Парламент Грузіі ў аўторак у першым чытанні прыняў змены ў закон «Аб агульнай адукацыі», згодна з якім з новага навучальнага года школьнікі змогуць бясплатна здаваць экзамены на атрыманне правоў кіроўцы.
Ініцыятыва змяненняў у законапраекце належыць міністру ўнутраных справаў Грузіі Вано Мерабішвілі.
«У школах падлеткі змогуць вывучаць не толькі дарожныя знакі, але і кіраванне і здаць экзамен на правы ў 17 гадоў», — заявіў кіраўнік юрыдычнага камітэта парламента Грузіі Паўле Кублашвілі.
Паводле яго словаў, пры здачы экзамену на атрыманне правоў старшакласнікі будуць вызваленыя ад аплаты.
Згодна з законапраектам, вучні, якім споўнілася 17 гадоў, павінныя будуць паспяхова здаць залік па тэорыі прадмета «Падарожныя знакі і бяспека на дарогах» і практычны экзамен, і ў гэтым выпадку яны аўтаматычна атрымаюць міжнародныя правы па дасягненні 18 гадоў.
Мерабішвілі растлумачыў, што для падлеткаў будуць дзейнічаць пэўныя абмежаванні: у прыватнасці, для здачы экзамену на правы для непаўналетніх неабходная будзе згода аднаго з бацькоў і абавязкова прысутнасць маці або бацькі на экзамене.
Школьныя экзамены на права кіравання не будуць даваць магчымасці прафесійна займацца перавозкай пасажыраў і грузаў, гаворка ідзе толькі аб статусе аўтааматара.
Міністр адзначыў, што такая практыка дзейнічае ў траціне штатаў ЗША і ў Германіі.
«Лічу, што сучасныя падлеткі ў 17 гадоў такія ж сталыя людзі, як у 18 гадоў — людзі майго пакалення», — заявіў Мерабішвілі.