У Мінску з'явяцца вуліцы імя мастакоў Івана Хруцкага і Пятра Сергіевіча, музычнага дзеяча Генадзя Цітовіча, пісьменнікаў Яна Баршчэўскага, Івана Навуменкі і Уладзіміра Дубоўкі.
Такія рашэнні 29 красавіка прыняла камісія па назвах і перайменаванні вуліц, праспектаў, плошчаў і іншых састаўных частак горада Мінска. Аб гэтым паведаміў сябра камісіі кандыдат гістарычных навук Іван Сацукевіч.

Паводле яго слоў, гэтыя вуліцы будуць знаходзіцца ў новым мікрараёне, які прапануецца назваць Хмарынскія Пасекі і плануецца збудаваць паміж былым пасёлкам Навінкі і былой вёскай Зацень.

Акрамя таго, вуліцу Чацвёртае транспартнае кальцо, якая знаходзіцца паміж праспектам Дзяржынскага і чыгункай Мінск - Брэст, вырашана назваць у гонар літоўскага мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса, цешча якога родам з-пад Мінска - з былой вёскі Пятроўшчына, што знаходзілася побач з гэтай вуліцай, сказаў навуковец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?