27 красавіка ў Кастрычніцкім судзе пачаўся разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі (агент «Навушнік»).

Сёння, 5 мая, апошні, пяты дзень судовага паседжання. Засталіся апошнія выступы двух адвакатаў — Кіркевіча і Вінаградава, а таксама апошнія слова ўсіх пяці абвінавачаных.

17.08. Абвешчаны прысуд — Кіркевіч — 4 гады зняволення

Вінаградаў — 4 гады

Пратасеня — 3 гады

Дрозд — 3 гады

Хамічэнка — 3 гады

Такім чынам, суддзя вынесла тыя прысуды, якія і прасіў пракурор. Скінулі паўгоду зняволення толькі Дразду.

11.15. Суддзя абвяшчае, што прысуд будзе абвешчаны ўа 17-й гадзіне.

11.14. Апошняе слова Пратасені. Хлопец уклаўся літаральна ў адзін сказ.

11.12. Апошняе слова Кіркевіча. «Пытанне — супраць якой асобы ці маёмасці ўжыў гвалт? Хацелася б ведаць канкрэтна. Застаецца фактар — мая палітычная пазіцыя і палітычная сіла, якую я прадстаўляю. Але гэта недастатова, каб асудзіць мяне. Я спадзяюся, што ў гэтай краіне засталося хоць трошкі законнасці, і хай Бог блаславіць суд на рашэнне».

11.09. Апошняе слова Вінаградава. «Я бачыў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якія выйшлі на Плошчу праз сітуацыю ў гэтай краіне. Агрэсія была накіраваныя супраць аднаго будынка, і тое таму што міліцэйскае кіраўніцтва не выйшла на перамовы.

Тое, што цяпер з’яўляецца дзяржаўным сцягам і гербам я лічу чырвона-зялёным {выразана}. Хто верне жыццё канкурэнтаў Лукашэнкі? А калі я выйду з турмы — а я абавязкова выйду — я і далей буду змагацца».

11.08. Апошняе слова Хамічэнкі. Чытае, бо яму складана запомніць тэкст. На Плошчы апынуўся выпадкова, пра што шкадуе. Я не супраціўляўся спецназаўцам. Я не такі як усе, я многага не разумею. Я гатовы сумленна працаваць.

11.05. «Я прашу даць мне восем, дзесяць гадоў, але каб я мог быць дома і рэалізоўваць свае творчыя планы», — працягвае Дрозд.

11.02. «За тры ўдары па дошцы тры гады зняволення — гэта нармальна?» — задае рытарычнае пытанне Дрозд. — «Людзі былі настроены мірна, пакуль іх не сталі біць дубінкамі. Я разумею, чаму абвінаваўца не хоча глядзіць гэтае відэа».

11.01. «Толькі ў нас у краіне белае называюць чорным, а чорнае — белым. Нездарма БТ называюць „Гебельс-ТВ“. Нельга сітуацыю ў нашай краіне ўспрымаць нармальнай».

10.59. «У нас, тых, хто выйшаў на Плошчу, была нагода гэта зрабіць. Ніхто не планаваў экстрэмісцкіх дзеянняў. Іначай бы я браў штык-нож, а не мегафон. Следчы адразу сказаў мне — не прызнаеш віну, атрымаеш тры з паловай гады; прызнаеш — тры гады…

Я не бачу ніводнага пункта закона, які я парушыў. Я падышоў да дзвярэй апошнім, калі ўжо бег спецназ. Сваё пакаранне я атрымаў ад спецназаўцаў не адыходзячы ад месца — па галаве і па спіне. Я адбыў 10 сутак адміністрацыйнага пакарання ў Жодзіна. Цяпер я сяджу чацвёрты месяц у СІЗА. Мяне лічаць злосным злачынцам, які збяжыць з краіны. Я не экстрэміст, а чалавек, які любіць сваю краіну», — працягвае Дрозд.

10.55. Дрозд кажа, што сем гадоў жыў у Расіі, у яго была добрая праца, у яго была кватэра ў цэнтры Масквы, але ён хацеў зрабіць нешта большае. Кажа, што дапусціў памылку, вярнуўшыся ў Беларусь, бо любіў сваю краіну. «Выбары былі сфальсіфікаваныя», — спакойна і ўпэўнена паўтарае Дрозд. Суддзя трымаецца, маўчыць.

10.51. Апошняе слова Дразда. «Успрымаю сваё апошняе слова як сапраўды апошняе. Усе свае 40 гадоў я не рыхтаваўся да турмы, абыходзіў блатныя кампаніі. Для мяне як гісторыка тое, што я назіраю, проста як падарунак лёсу. На машыне часу мы перанесліся ў 1938 год. Я апынуўся ў клетцы за тое, што я люблю Беларусь.

Трэба адразу браць рэчы і з’язджаць з краіны, каб не бачыць катаў. Досвед маёй сям’і паказвае, што, калі да ўлады прыходзяць такія людзі, трэба з’язджаць».

Суддзя яго перабівае і заклікае казаць пра матэрыялы справы.

10.49. Просіць апраўдаць Вінаградава ў сувязі з недаказанасцю ягонай віны.

10.42. Пачалося выступленне Волкавай, адвакаткі Вінаградава.

10.38. Адвакатка Кіркевіча просіць апраўдаць свайго падабароннага. «Гэтая справа будзе ў цэнтры ўвагі грамадства, — нагадвае яна. — Ацэнка вынесенага прысуду будзе дадзена ўсёй грамадскасцю». Кажа, пра няўдалыя спробы наведаць Кіркевіча ў СІЗА КДБ: «Ён не мог у поўнай меры рэалізаваць сваё права на юрыдычную абарону».

10.31. «Калі б хтосьці хацеў арганізаваць падпалы, ён бы штосьці падпаліў», — кажа адвакатка, абвяргаючы здагадку пракурора аб падрыхтоўцы падпалаў.

10.23. Адвакатка Кіркевіча паўтарае аргументы сваіх калегаў, якія растлумачылі абсурднасць абвінавачвання і яго неадпаведнасць крымінальна-працэсуальнаму кодэксу.

10.05. Пачалося выступленне адвакаткі Кіркевіча. Зачытвае цытаты з выступлення адваката стогадовай даўніны, якое надзвычай добра апісвае дзеянні натоўпу «Зруйнуйце турму, і цагліны ад яе могуць пайсці на тварэнне», — кажа яна. Вялікі натоўп растварыўся на Плошчы, а «маленькі натоўп сфармавалі следчыя і абвінаваўцы».

9.50. Зала патроху запаўняецца людзьмі, але бачна, што аншлагу зноў не будзе.

— Нагадаем, што ўчора пракурор папрасіў для хлопцаў наступнае пакаранне:

Кіркевіч — 4 гады

Вінаградаў — 4 гады

Пратасеня — 3 гады

Дрозд — 3 з паловай гады

Хамічэнка — 3 гады

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?