Пра гэта заявіў гісторык Дзмітрый Дрозд у часе свайго апошняга слова на працэсе ўдзельнікаў Плошчы. За ўдзел у «масавых беспарадках» пракурор папрасіў засудзіць гісторыка на 3,5 года пазбаўлення волі.

«Успрымаю сваё апошняе слова як сапраўды апошняе.

Усе свае 40 гадоў я не рыхтаваўся да турмы, абыходзіў блатныя кампаніі. Для мяне як гісторыка тое, што я назіраю проста як падарунак лёсу.

На машыне часу мы перанесліся ў 1938 год. Я апынуўся ў клетцы за тое, што я люблю Беларусь.

Трэба адразу браць рэчы і з’язджаць з краіны, каб не бачыць катаў. Досвед маёй сям’і паказвае, што,

калі да ўлады прыходзяць такія людзі, трэба з’язджаць».

Суддзя яго перабівае і заклікае казаць пра матэрыялы справы.

Дрозд кажа, што сем гадоў жыў у Расіі, у яго была добрая праца, у яго была кватэра ў цэнтры Масквы, але ён хацеў зрабіць нешта большае. Кажа, што дапусціў памылку, вярнуўшыся ў Беларусь, бо любіў сваю краіну.

«Выбары былі сфальсіфікаваныя», — спакойна і ўпэўнена паўтарае Дрозд.

Суддзя трымаецца, маўчыць.

«У нас, тых, хто выйшаў на Плошчу, была нагода гэта зрабіць. Ніхто не планаваў экстрэмісцкіх дзеянняў. Іначай бы я браў штык-нож, а не мегафон.

Следчы адразу сказаў мне — не прызнаеш віну, атрымаеш тры з паловай гады; прызнаеш — тры гады…

„За тры ўдары па дошцы тры гады зняволення — гэта нармальна?“ — задае рытарычнае пытанне Дрозд. — „Людзі былі настроены мірна, пакуль іх не сталі біць дубінкамі. Я разумею, чаму абвінаваўца не хоча глядзіць гэтае відэа“.

„Толькі ў нас у краіне белае называюць чорным, а чорнае — белым.

Нездарма БТ называюць „Гебельс-ТВ“. Нельга сітуацыю ў нашай краіне ўспрымаць нармальнай“.

Я не бачу ніводнага пункта закона, які я парушыў.

Я падышоў да дзвярэй апошнім, калі ўжо бег спецназ. Сваё пакаранне я атрымаў ад спецназаўцаў не адыходзячы ад месца — па галаве і па спіне. Я адбыў 10 сутак адміністрацыйнага пакарання ў Жодзіна. Цяпер я сяджу чацвёрты месяц у СІЗА. Мяне лічаць злосным злачынцам, які збяжыць з краіны.

Я не экстрэміст, а чалавек, які любіць сваю краіну», — працягвае Дрозд.

«Я прашу даць мне восем, дзесяць гадоў, але каб я мог быць дома і рэалізоўваць свае творчыя планы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?