…і ўсё-ткі вырашыў напісаць, бо артыкул можа стаць прэцэдэнтным, бо ахайванне патрыётаў Беларусі, хамства няхай будзе прэрагатывай цяперашняй улады і тых, хто на паслугах у яе, бо і ў нашай краіне трэба калі не быць палікарэктным, дык мець пачуццё меры, вытрымліваць належны тон. Я — пра артыкул Алеся Акуліча «Пралетар на Парнасе: Цішка Гартны», надрукаваны ў «Літаратурнай Беларусі» (газета «Новы Час» за 25 сакавіка 2011).

Аўтар артыкула і рэдакцыя ва «ўрэзцы» да яго вырашылі паказаць urbi et orbi, «якой сёння бачыцца асоба першага «бацькі» Савецкай Беларусі» Змітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага). Каму бачыцца — гэта іншае пытанне.

Пачну з самага элементарнага — з падачы фактаў. Бо шмат фактаў з біяграфіі Жылуновіча аўтар спрабуе выкарыстаць супраць яго.

«…малаграматны гарбар (адну зіму слухаў «дарэктара», прайшоў двухкласную вучэльню)…».

Як для хлопца з беднай сялянскай сям’і, Зміцер Жылуновіч атрымаў прыстойную адукацыю. Двухкласнае народнае вучылішча — гэта 5–6 гадоў навучання. Такую першапачатковую адукацыю атрымалі таксама Ян Луцэвіч (Янка Купала) і Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).

Жылуновіч мог бы пры належнай пратэкцыі стаць пісарам у якой-небудзь канторы або дарэктарам, як, напрыклад, Я. Луцэвіч. Праўда, Луцэвіч на пасадзе пісара не ўтрымаўся: меў кепскі почырк. Тая ж бяда была і ў Жылуновіча.

Каталік Луцэвіч пасля вучылішча не меў права паступаць у настаўніцкую семінарыю, а праваслаўны Міцкевіч паступіў. Жылуновіч таксама спрабаваў стаць семінарыстам, але не прад'явіў свидетельства о благонадежности.

Далей А. Акуліч апавядае пра тое, як Жылуновіч «накрэмзаў некалькі вершыкаў — на нібыта расійскай мове» і вырашыў быў падацца да Льва Талстога, і пра тое, як Жылуновіч, трапіўшы ў Кіеў, занёс цэлы сшытак сваіх вершаў у тамтэйшую газету і як гэтыя вершы рэдакцыя яму вярнула.

Я не чытаў расійскамоўных твораў Жылуновіча, але затое чытаў тэксты ў гэтай мове Я. Луцэвіча. Скажу так: расійская мова — не ягоная стыхія. І не стыхія К. Міцкевіча, які таксама пісаў «вершыкі» у расійскай мове. Напісаў іх не адзін сшытак. Але калі Жылуновіча зрэдзьчасу друкавалі, дык у 20-томніку Якуба Коласа не паказана, дзе быў надрукаваны хоць бы адзін ягоны расійскамоўны верш. Будзем кпіць з К. Міцкевіча?

І ў тым, што Дмитрий Жилунович стаў беларусам пад уплывам «Нашае Нівы», няма нічога заганнага: «Наша Ніва» не аднаго тутэйшага і западнорусского человека перарабіла ў беларуса. Хто ведае, на што змарнаваўся б геній Максіма Багдановіча, калі б не «Наша Ніва». А што Адам Ягоравіч (былы Адольф Юр’евіч) не выхоўваў свайго сына як беларуса — факт.

Правільна, паехаў Зм. Жылуновіч у Вільню да нашаніўцаў, а нашаніўцы не далі яму працы. Дык і Я. Луцэвічу таксама не далі. Браты Луцкевічы запрасілі Я. Купалу (ужо выйшла «Жалейка») у Вільню, знайшлі яму месца памочніка бібліятэкара, далі магчымасць «кватараваць» у рэдакцыі і плацілі яму 5 рублёў за тое, што папраўляе дасланыя ў рэдакцыю вершы. А 25 рублёў Я. Луцэвіч зарабляў у бібліятэкара Барыса Даніловіча. Папраўляць вершы — адно, а пісаць артыкулы на сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурніцкія тэмы — іншае. Для гэтага ані ў Луцэвіча, ані Жылуновіча не хапала кваліфікацыі. Таму і не ўзялі іх у штат рэдакцыі. Калі Луцэвіч падвучыцца ў Піцеры, ён стане спачатку рэдактарам, а потым і рэдактарам-выдаўцом «Нашае Нівы». І, дарэчы, добрым публіцыстам.

Яны, абодва, Луцэвіч і Жылуновіч, сустрэнуцца на піцерскім бруку.

А тое, што Жылуновіч зблытаў аднаго разу Сыракомлю з Багушэвічам… Ці варта было пісаць пра гэта?
Я ведаю знаўцаў паэзіі, укладальнікаў кніг і рэдактараў, якія таксама іншы раз могуць зблытаць двух паэтаў. Я і сам магу Вацлава Іваноўскага назваць Вацлавам Ластоўскім. З кім не бывае?

Больш істотна было б зацеміць, што Жылуновіч прыйшоў у беларускі рух у перыяд рэакцыі і застаўся ў гэтым руху назаўжды. Не менш істотна і тое, што ў перыяд рэакцыі ён не парваў з сацыялістычным рухам. Тое, што ён пасля паразы рэвалюцыі 1905 г. не кінуўся ў п’янку, у карты, у містыку ці распусту (а гэтыя з’явы былі ў перыяд рэакцыі масавымі), кажа, што ён належаў да перадавое часткі пралетарыяту.

Але я пра піцерскі брук. Алесь Акуліч піша пра тое, як Жылуновіч быў уладкаваўся на працу ў маёнтку паноў Іваноўскіх і што з тае працы выйшла. Піша з’едліва. А можна было б напісаць і з гумарам. Бо вось Жылуновіч апынуўся ў Піцеры. Хто дапамог яму выдаць першую кніжку? Ці не той самы Вацлаў Іваноўскі? Так, той самы пан Іваноўскі, які прыняў у Піцеры Яна Луцэвіча ды зрабіў яго сваёю «праваю рукою» ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Яны, Жылуновіч і Луцэвіч, увайшлі ў Піцеры ў кола беларускае інтэлігенцыі. І ксёндз Адам Станкевіч занёс іх у пачэсны спіс у большай ці меншай меры духовых дзяцей Браніслава Эпімах-Шыпілы побач з Браніславам Тарашкевічам, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім, Тамашом Грыбам, Леанардам Зайцам, Язэпам Варонкам, Фабіянам Абрантовічам, Вінцэнтам Гадлеўскім, Андрэем Цікотам ды іншымі. І як жа Алесь Акуліч забыў пра гэта?

А далей… Пан Акуліч спрабуе давесці, што Жылуновіч — з тых «кухарак», якія ўявілі сябе «геніямі і правадырамі» і ўзяліся кіраваць дзяржаваю. Давайце згодзімся з панам Акулічам, што Жылуновіч прадэманстраваў сваю самаўпэўненасць, калі заявіў, што створыць беларускі ўрад. І задамо пытанне: а дзе ж былі адукаваныя Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў ды іншыя дзеячы беларускіх секцыяў бальшавіцкай партыі? Чаму яны не ўзялі на сябе такую адказнасць? Як бы там ні было, а Часовы работніча-сялянскі ўрад Савецкай Беларусі быў створаны.

А далей Алесь Акуліч, заявіў свае прэтэнзіі да стылю Маніфеста гэтага ўрада.

(Дарэчы, Маніфест быў абнародаваны не 1 студзеня 1919 года, а 3-га, бо і падпісалі яго толькі 2-га, а не 1-га, як сцвярджаецца ў падручніках.)

Мае Алесь Акуліч прэтэнзіі і да складу Часовага ўрада Беларусі: маўляў, Жылуновіч «падабраў у сваё «правіцяльства» слуцка-капыльскіх землякоў» — Фабіяна Шантыра ды Язэпа Дылу. А я дадам: і Змітра Чарнушэвіча. І нават Ісак Рэйнгольд слуцка-капыльскі (з Грозава). Пяць слуцка-капыльскіх на 19 сябраў урада. Не так і шмат.

А далей Алесь Акуліч пераказвае ўспаміны Я. Дылы пра тое, як ён і Жылуновіч адведалі ў Смаленску Янку Купалу ды агітавалі яго разам з імі ехаць у Менск. «Не ўгаварылі Янку Купалу Жылуновіч з Дылам — і адны праз некалькі дзён паехалі ў Менск», — піша аўтар. А я ведаю, што ўгаварылі, бо ўжо 21 студзеня 1919 года Купала быў у Менску, і яго ўладкавалі на працу ў ведамстве Чарвякова — бібліятэкарам у Беларускім народным доме пры Камісарыяце асветы.

Вось такі гістарычны факт: Купала вярнуўся ў Менск у бальшавіцкім абозе. Іншая справа — ягонае стаўленне да бальшавікоў…

А потым… Вось адзін пасаж: «…самога Цішку Гартнага — аднаго з першых нацкалабарантаў у бальшавіцкім абозе — праз некаторы час выкінуць на гістарычны сметнік». Моцна сказана?

Вось другі пасаж: «Цень-зданьГартнага-выдаўца і па сёння ходзіць па краіне — здань цэнзура-бальшавізму». Быццам Гартны ўвёў цэнзуру і сам не цярпеў ад яе…

Нарэшце, трэці пасаж. Аўтар цытуе верш Зм. Жылуновіча:

…Наковальню стальную свою
Приготовил давно под удары,
Из железа — смягчилось от жара —
Острый меч для себя я кую.

Апошні радок, па-мойму, трэба разумець так: кую меч для сваіх патрэбаў. Аднак Алесь Акуліч выкарыстоўвае гэты радок, так сказаць, у японскім сэнсе: Жылуновічаў меч меўся паслужыць яму для харакіры, ды не паслужыў.

Цытую з апошняга абзацу: «…выключаны з партыі, [Цішка Гартны] звар’яцеў — і ў псіхбальніцы завостранай лыжкай прабіў-перарэзаў сабе горла. Усё адно як і не па неахайнасці напісаў быў так: «Острый меч для себя я кую», — не для ворага, а сабе. Толькі не меч (яго нават прароцка-паэтычнай гіпербалай можна назваць) каваў-вастрыў Цішка Гартны ў апошнія хвілі свайго жыцця, а ўсяго толькі сталовую лыжку…».

Так аўтар спрабуе «абыграць» трагедыю Змітра Жылуновіча. І піша няпраўду:
хвароба Жылуновіча пачалася не пасля выключэння з партыі (1931), а пазней — у гады вялікага тэрору, бо яшчэ ў 1935-м ён друкаваў скарочаны варыянт свайго рамана «Перагуды». Апрача таго, ёсць іншая версія самагубства Цішкі Гартнага.
Аўтар задумваў партрэт Жылуновіча-Гартнага. Атрымаўся ж пасквіль. Нябожчык на яго не адкажа. Але нехта мусіць адказаць.

Так, Жылуновіч, як і кожны чалавек, — няпростая ўнікальная постаць. Так, яму не хапала адукацыі, шліфоўкі, так, ён мог зазнавацца, мець завышаную самаацэнку, ён не быў спрытным палітыкам… Яго як пісьменніка нельга паставіць у адзін шэраг з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім, Алесем Гаруном, але ніхто з сур’ёзных літаратуразнаўцаў і не робіць гэтага. І ніхто з сур’ёзных літаратуразнаўцаў не будзе пісаць, што Цішка Гартны «крэмзаў» вершы. Мы памятаем, што ён быў у шэрагу першых. Мы ведаем, што ў сілу сваіх здольнасцяў ён паслужыў беларушчыне. Ён быў пралетар? Але ён заслужаны перад Беларуссю пралетар. Ён быў камуністам? Але ніхто не будзе аспрэчваць, што перш ён быў беларусам. І наступіў момант, калі ягоныя ж таварышы па партыі пачалі яго, як і іншых нацыянал-камуністаў, тэрарызаваць. Зрэшты, тэрарызавалі Жылуновіча ўжо 1919 годзе, калі ён мусіў уцякаць з Менска на фронт. А хто выкінуў яго на сметнік гісторыі? Як я ведаю, гэта спрабавалі зрабіць тыя ж таварышы па партыі — бальшавікі. Цяпер жа зняважыць Жылуновіча-Гартнага і адправіць яго ў нябыт спрабуе Алесь Акуліч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?