18.40

Абвешчаны перапынак да 10 мая. Паседжанне адновіцца а 10-й. Адвакаты заявілі хадайніцтва пра дадатковы допыт Ірыны Халіп (жонкі Андрэя Саннікава) і Змітра Бандарэнкі (давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты). Пытанне пра магчымасць задавальнення хадайніцтва будзе разгледжана 10 мая.

17:20

Паказанні дае Вадзім Кабанчук, сябар Хрысціянскай Дэмакратыі.

16:37

ДАІшнікі ідуць адзін за адным. Паказанні нічым не адрозніваюцца ад тых, што яны давалі на судзе над Бандарэнкам. Сказалі, што пагоны генерала Карзюку абяцаў Ус. Кажуць, што дэманстранты прарывалі ланцуг з супрацоўнікаў ДАІ.

15:47

Двух кіроўцаў дапыталі хутка. Цяпер дапытваюць яшчэ аднаго ДАІшніка Данянкова.

15:31

Пачынаюць дапытваць кіроўцаў аўтобусаў. Тыя самыя былі і на судзе над Змітром Бандарэнкам.

15:03

Чарнабай кажа, што на адлегласці пяці–сямі метраў ад яго знаходзіліся кандыдаты ў прэзідэнты Саннікаў, Статкевіч, Ус. Яны прасілі прапусціць людзей. Нехта з кандыдатаў абяцаў Карзюку пагоны генерала, у выпадку, калі прапусціць натоўп.

14:59

Наступны сведка — Чарнабай. Галоўны механік «Белінвестсервіса». Кажа, што візуальна пазнаў Саннікава.

На час 19 снежня ён працаваў у ДАІ. Гэты самы чалавек сведчыў на працэсе над Бандарэнкам. Працаваў пад началам Дзмітрыя Карзюка.

Расказвае, што натоўп ішоў па праезнай частцы праспекта Незалежнасці. Чарнабай разам з калегамі знаходзіўся на скрыжаванні з вуліцай Энгельса.

14:52

Вольга Каліноўская кажа, што ў кватэры былі візіткі Віталя Рымашэўскага. А яшчэ быў нейкі «значок». Кватэрадаўца кажа, што даведалася пра арышт хлопца з інтэрнэта.

Мірзаянаў: «А навошта вы выклікалі гэтага сведку?»

14:48

Пачалі выклікаць сведкаў. Першая — Вольга Каліноўская. Дырэктарка прадпрыемства.

Кажа, што ведае Уладзіміра Яроменка, бо ён здымаў кватэру ў Каліноўскай. Яроменак заключыў пагадненне аб здыме на паўгода. Гэта было 17 снежня 2010 года.

14:42

Ксяндзоў экспертызу не праходзіў. «Я Мінск не знаю, не помню, куды ездзіў у бальніцу».

Ксяндзоў цяпер знаходзіцца на нейкіх спаборніцтвах і просіць пакінуць залу суда.

14:38

Наступны пацярпелы — Ксяндзоў, міліцыянер. Быў у рэзерве на Кастрычніцкай, потым перадыслакаваны на плошчу Незалежнасці, бо «там груба парушаўся грамадскі парадак».

У Ксяндзова нібыта сарвалі шлем, ды білі ў плячо. Потым калегі яго адбілі ад натоўпу дэманстрантаў. Чым білі, Ксяндзоў не памятае.

14:30

«Нешта было ўспыхнула вельмі хутка, але што гэта было, я не ведаю», — кажа Масальскі.

«Не магу сказаць, ці мітынгоўцы дзейнічалі арганізавана, ці аднаасобна». Масальскі кажа, што актыўных удзельнікаў Плошчы было нават больш, чым супрацоўнікаў спецназа.

14:19

Пацярпелы — Сяргей Масальскі, міліцыянер. Знаходзіўся на Кастрычніцкай, а потым быў перакінуты (прыкладна а 22-й) на плошчу Незалежнасці.

«Білі па шчытах нагамі, вудачкамі. Я быў выцягнуты з шэрагу групай людзей. Нанеслі ўдар нечым цяжкім па галаве. Потым нашы пацаны адцягнулі назад у шэраг».

14:10

Працэс адноўлены. З’явіліся яшчэ двое пацярпелых (адзін з іх у форме спецназа), а таксама трое сведкаў.

12:59

Абвешчаны перапынак да 14:10.

12:50

Майсееў чуў словы дэманстрантаў, якія казалі, што біць трэба: «У правы верхі вугал. Я думаю, што быў чалавек, які аддаваў каманды».

Суддзя Чацвярткова выдаліла з залі суда дзядзьку і маці Фёдара Мірзаянава. Яны назвалі ўсе дзеянні спецназаўцаў «фарсам і спектаклем».

«Вы ганьбіце гонар мундзіра», — сказаў Сяргей Аніська, дзядзька Мірзаянава. Ён падпалкоўнік контрразведкі ў запасе, удзельнік вайны ў Афганістане.

12:42

«Дэманстранты хацелі нанесці ўдары. Магчыма, у твар. У мяне трапіў кавалак лёду. Бог сцярог, без наступстваў. Мне здаецца, што гэта не смешна. Валун кідалі», — расказвае пра «жахі» Плошчы Майсееў.

«Мне было праблематычна наступіць на нагу. Але ўсё абышлося. Пасля агляду гематомы было рэкамендавана зрабіць здымак».

12:39

«Мне нанеслі ўдар. Магу з пэўнасці сказаць, што гэта была арматура. Ударылі троху вышэй калена. Я мяркую па сіле ўдары, па разрывах амбундзіравання, па цялесных пашкоджаннях. Я думаю, ці яна была заточаная, ці абрэзаная па вуглах», — гаворыць Маісееў.

«Удар быў нанесеныя з боку натоўпу. Кім, канкрэтна ўсталяваць не давялося. Некім з натоўпа».

«10–15 чалавек браліся за рукі. Яны былі падрыхтаванымі, яны ведалі нашы слабыя месцы. Няма нічога ідэальнага. Яны ўзгоднена дзейнічалі», — кажа Майсееў.

12:33

Майсееў прыбыў на службу ў 16–17 гадзін. Атрымаў інструктаж, а пасля знаходзіўся за Палацам Рэспублікі, у рэзерве. Кажа, што там знаходзіўся да 23 гадзін. Увесь час яны былі ў службовым транспарце.

«Мы размясціліся за помнікам на плошчы Незалежнасці. Нашай задачай было не дапусціць людзей да Дома ўрада», — кажа Майсееў.

12:27

Булавацкі бачыў воблака белага парашку каля Піліпейкі. Зброі не бачыў. «Пацярпелы» дапытаны. Наступны сведка — Ігар Майсееў, міліцыянер.

12:14

У Булавацкага сцягнулі з галавы каску. Болей ён яе падняць не змог. Пасля гэтага нібыта яго пачалі збіваць.

«Скарахода ўцягнулі ў натоўп, а Піліпейку завалілі», — кажа Булавацкі.

12:08

«На нас паляцеў лёд і бутэлькі. На маіх вачах выцягнулі супрацоўніка з шэрагу. Паставілі падножку яму, білі яго. Мы адцяснілі дэманстрантаў».

Булавацкі бачыў разбітыя дзверы, вокны. «Людзі выказвалі негатыўнае меркаванне. Падыходзілі, каб тут ударыць, там. Па нагах спрабавалі пабіць. Пасля разгону ляжалі прадметы падобныя на палкі».

11:59

Наступны пацярпелы — Булавацкі. Міліцыянер.

19 снежня ён заступіў на службу прыкладна а 14:00. Знаходзіўся ў спецтранспарце за Палацам Рэспублікі. У машыне яны сядзелі да 21–22-й гадзіны.

Потым выехалі ў бок плошчы Незалежнасці. «Была каманда, што натоўп спрабуе трапіць у Дом урада, ломячы дзверы, б’ючы шкло. Нам трэба было абараніць будынак», — кажа Булавацкі.

11:54

«Дазвольце пакінуць зал суда, — гаворыць Кашталанаў. — Мне яшчэ ў Маскоўскі ехаць».

11:31

«Уваход у Дом прафсаюзаў я не павінен быў ні з кім узгадняць. Там дзверы былі адчыненыя, таму мы ўвайшлі», — гаворыць Кашталанаў.

Саннікаў актыўна задае пытанні. Кашталанаў не адказвае на пытанне, хто даваў яму каманду абараняць Дом урада.

Яроменак ловіць міліцыянта на блытаніне. Ён згадвае ўчорашні допыт ахоўніка Дома прафсаюзаў, які казаў, што міліцыі ўнутры не было.

«Пацярпелыя» ў зале паводзяць сябе вельмі агрэсіўна. Маме Саннікава яны сказалі: «Гэта вам трэба баяцца, а не нам».

11:25

«Людзі абураліся на Плошчы», — кажа Кашталанаў.

«А што яны крычалі?» — пытаецца Саннікаў.

«Жыве Беларусь»

«Дык гэта што вокліч абурэння?» — здзіўлена пытаецца кандыдат у прэзідэнты.

«Не», — быў вымушаны згадзіцца спецназавец.

11:21

«Калі грамадзяне пабачылі, што нас нямнога, то паспрабавалі прарваць наш ланцуг. Быў агнетушыцель. Кідалі нейкія бутэлькі з вадкасцю. Пры сілавой спробе прарыва выкарыстоўвалі вудачкі, чаранкі. Спрабавалі імі нанесці траўмы», — расказвае Кашталанаў.

«Я ведаю, што потым валяліся рыдлёўкі, ледасекі. Дубінкі мы пачалі прымяняць, калі пачаліся спробы прарыву».

11:10

«Мы рушылі да вакзала. Даехалі да ўніверсітэта. Мы пабачылі, што на ганку Дома ўрада было чалавек 100. Уся плошча Незалежнасці была занятая людзьмі. Мы выстраіліся ў баявым парадку, каб не дапусціць далейшых правакацый. У момант выхаду нам супрацьстаялі дэманстранты».

Кашталанаў кажа, што адчуў удар у сцягно, але не надаў гэтаму ўвагі, бо выконваў заданне.

«Шкло было разбітае, дзверы, злева, справа. Усё было разбіта. Калі мы выйшлі, то грамадзяне працягвалі біць, бо не адчулі, што мы побач».

11:04

Кашталанаў ад 18 да 20-й быў у рэзерве ля Адміністрацыі прэзідэнта. Тым не менш, ён перыядычна выходзіў на пляцоўку каля Дома афіцэраў, каб назіраць за падзеямі на Кастрычніцкай.

«Плошча была цалкам занятая, а людзей я не лічыў», — кажа спецназавец.

«Я так разумею, што грамадзяне збіраліся захапіць Дом прафсаюзаў, таму нас перамясцілі ўнутр будынка. Я быў унутры, таму не слухаў прамовы, а распрацоўваў тактыку абароны».

11:00

Епіфанаў дапытаны. Наступны пацярпелы намеснік камандзіра палка міліцыі спецыяльнага прызначэння — Кашталанаў.

10:53

Епіфанаў блытаецца ў сваіх паказаннях. Спачатку кажа, што яго ўдарыла нешта цяжкое і металічнае. Тым не менш, болю ён не адчуў. Адвакат Кавалеўская пытаецца, як ён можа ведаць, што гэта быў металічны ўдар, калі ён яго не пабачыў і болю не адчуў.

«Бачыў чуць-чуць. Але якой формы я не бачыў», — гаворыць Епіфанаў.

10:49

У Епіфанава пытаюцца, ці мог траўму яму нанесці нехта з калег. «Вылецела нешта з натоўпу і ўдарыла мяне. Канкрэтна гэтую траўму яны нанесці не маглі. Я болю зусім не адчуваў. Мая задача была выканаць прыказаць, а ўжо потым на гэта звяртаць увагу», — гаворыць Епіфанаў.

10:41

Суддзя зачытвае паказанні Епіфанава, што ён даваў падчас папярэдняга следства, бо ў іх ёсць істотныя супярэчанні.

Паводле паказанняў Епіфанава, ён ажно сем гадзінаў знаходзіўся ў машыне 19 снежня.

Пад пратаколам допыта не было подпісу Епіфанава, але ён кажа, што гэта ягоныя паказанні.

10:31

«Бачыў на Плошчы металічныя прадметы, але нямнога. Можа, пяць-дзесяць. Агонь, узгаранні я не бачыў», — гаворыць міліцыянер Епіфанаў.

10:23

«Вы кажаце, што нікога не чапалі. Ці можа вам паказаць відэа?» — пытаецца Гнедчык.

«Калі мы стаялі спінай да Дома ўрада, то нічога не было, а пасля, магчыма, нешта і было, але я не бачыў».

Епіфанаў кажа, што галасаваў загадзя, не ў асноўны дзень выбараў. На пытанне Саннікава, ці арыентавалі Епіфанава загадзя пра падзеі на Плошчы, пацярпелы кажа, што не памятае.

10:19

«Нашай задачай было — сядзець у рэзерве. Прыкладна, а 22 была каманда выдзвінуцца да Дома ўрада. Мы сталі спінай да Дома ўрада ў ланцуг. За маёй спіне былі нейкія людзі, але я не чуў, што яны робяць. Не скажу, што спробы прарыва былі. Падыходзілі да шчытоў, спрабавалі кратаць. Праз 15–20 паступіла каманда назад адысці, я не помню назвы вуліцы. Ужыванне нейкіх прадметаў я не бачыў», — гаворыць Епіфанаў.

«У другім выхаду нам трэба было ўбегчы ў натоўп і рассекчы яго на дзве часткі. Тады я і атрымаў нечым цяжкі, хутчэй за ўсё металічным, па назе».

10:12

Саннікаў і Мірзаянаў настойваюць на тым, што спачатку павінны быць прагледжаны відэаматэрыялы справы, а ўжо потым дапытаюць пацярпелых.

«Суддзя, вы ж учора казалі, што тэхніка ў нас не на доўгі час», — гаворыць А.Саннікаў.

Суддзя Чацвярткова прыняла рашэнне дапытваць пацярпелых і сведкаў.

Першы «пацярпелы» — Анатоль Епіфанаў. Міліцыянер.

10:07

Працэс аднавіўся. У залу суда прыйшло яшчэ чацвёра «пацярпелых», а таксама трое сведкаў з боку абароны.

* * *

У пятніцу 6 мая працягнецца судовае паседжанне над кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, а таксама шараговымі ўдзельнікамі Плошчы Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Уладзімірам Яроменкам.

Сёння суд мусіць працягнуць вывучэнне відэаматэрыялаў справы.

У залі знаходзяцца невядомыя маладыя людзі. Гэта ўжо стала сумнай традыцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?