7 мая 1999 года бліжэй да паўночы па шляху дадому ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Мінску з ужываннем гвалту нявысветленымі асобамі быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку Юры Захаранка.
Такая афіцыйная версія…

Крымінальная справа па факце знікнення экс-міністра ўнутраных справаў было ўзбуджаная толькі 17 верасня таго ж года па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае забойства»). З тых часоў тэрмін следства кожныя тры месяцы падаўжаецца; чарговы — сканчаецца 24 чэрвеня 2011 г.

Зрэдку ў адказ на свае звароты сваякі Захаранкі атрымліваюць з Генеральнай пракуратуры тэксты прыкладна такога зместу: «Праца па раскрыцці і расследаванні гэтага злачынства працягваецца. Вылучаныя і даследуюцца розныя версіі здзяйснення ў дачыненні Захаранкі Ю.А. супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку з хцівасці, на глебе асабістых непрыязных адносінаў, у сувязі з яго палітычнай дзейнасцю, а таксама шэраг іншых».

16 кастрычніка 1995 «за дапушчанае грубае парушэнне фінансавай дысцыпліны, якое выявілася ў нямэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў, і нездавальняючую барацьбу з злачыннасцю» Юры Захаранка быў вызвалены ад пасады міністра ўнутраных спраў. На першай прэс-канферэнцыі ў статусе экс-міністра Захаранкі паведаміў, што прычынай звальнення лічыць канфлікт з прэзідэнтам і яго асяроддзем, бо ён «больш не мог трываць беззаконня, якое яны тварылі». Указам прэзідэнта ад 16 красавіка 1996 генерал-маёр Захаранка быў паніжаны ў званні да палкоўніка і звольнены ў запас па выслузе гадоў. Пасля адстаўкі быў членам Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, займаўся стварэннем грамадскай арганізацыі «Саюз афіцэраў Беларусі». Напярэдадні знікнення узначаліў выбарчы штаб экс-прэмер-міністра Міхаіла Чыгіра — кандыдата ў прэзідэнты на альтэрнатыўных выбарах (сакавік-ліпень 1999 года).

Жонка, дзьве дачкі і ўнукі Захаранкі эмігравалі ў Нямеччыну, дзе атрымалі палітычны прытулак. Мама Юрыя Захаранкі Ульяна Рыгораўна жыве ў Беларусі.

«Дзіўна! — кажа юрыдычны прадстаўнік сям’і Захаранка Алег Воўчак. — Тэрарыста, што падарваў мінскае метро, знайшлі за суткі, а ў гэтай крымінальнай справе поўны застой. За мінулыя гады следства не дало адказу ні на адно пытанне, якія ставілі удава Юрыя Мікалаевіча і яго мама…

Хто праходзіў або праходзіць падазраваным па гэтай справе? Хто з супрацоўнікаў праваахоўных органаў і спецслужбаў адпрацоўваўся на прадмет датычнасці да выкрадання Захаранкі? Ці вывучаліся матэрыялы вонкавага назірання за Юрыем Захаранкі, якое, па наяўных звестках, было ўстаноўлена за ім напярэдадні яго выкрадання? Ці правяралася версія выкраданняў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, паказаныя былымі сьледчымі пракуратуры Алегам Случакам і Дзмітрыем Петрушкевічам і былым начальнікам следчага ізалятара Мінска Алегам Алкаевым? Бо менавіта яны першыя заявілі, што ў краіне дзейнічае бандфармаванне званае ў народзе «эскадронам смерці».

Былыя супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак ў чэрвені 2001 года заявілі аб датычнасці шэрагу буйных чыноўнікаў і кіраўнікоў сілавых структур Беларусі да выкраданняў лідэраў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, журналіста Дзмітрыя Завадскага і шэрагу іншых цяжкіх злачынстваў. Абодва супрацоўнікі эмігравалі ў ЗША, дзе атрымалі палітычны прытулак.

Следства па справах зніклых людзей актывізавалася восенню 2000 года. 23 лістапада 2000-га быў арыштаваны і камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Яго арышту папярэднічалі рапарты начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева — аб выманні расстрэльнага пісталета напярэдадні знікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, — і начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Мікалая Лапаціка — пра тое, што ўсе зніклыя забітыя (з згадваннем датычных да гэтага асоб) і месцы іх пахавання (спецучастак магіл на Паўночных могілках).

Аднак у СІЗА Паўлічэнка правёў усяго некалькі гадзін. Па чутках, ён быў выпушчаны па распараджэнні прэзідэнта. 27 лістапада 2000 г. сваіх пасадаў пазбавіліся генеральны пракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч.

Генерала Лапаціка адправілі ў адстаўку, у адным з інтэрв’ю, калі яго спыталі аб тых падзеях, ён заявіў: «Я ўсё забыўся». Палкоўнік Алкаеў збег у Нямеччыну, дзе атрымаў палітычны прытулак.

… Эпізадычна ў інтэрнэце з’яўляюцца розныя паведамленні аж да падрабязнасцяў апошніх хвілін жыцця Юрыя Захаранкі. Маўляў, ёсьць такая відэазапіс, якую нейкія людзі хочуць прадаць за 250 тысяч даляраў. Аднак афіцыйных заяваў па гэтым пытанні традыцыйна няма. І так — ужо дванаццаць гадоў.

Некалі Юрый Сівакоў, калі быў на пасадзе міністра ўнутраных спраў, сцвярджаў, што раскрыць злачынства, звязанае са знікненнем яго папярэдніка — «справа гонару». Справа ёсць. З астатнім, падобна, зусім дрэнна…

* * *

Юрый Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 у вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Узначальваў МУС Беларусі ад 28 ліпеня 1994 да 16 кастрычніка 1995 года. Пасля адстаўкі быў членам Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, займаўся стварэннем грамадскай арганізацыі «Саюз афіцэраў Беларусі». Узначаліў выбарчы штаб экс-прэмер-міністра Міхаіла Чыгіра — кандыдата ў прэзідэнты на альтэрнатыўных выбарах (сакавік-ліпень 1999). Знік 7 мая 1999.

* * *

Увечары 16 верасня 1999 лідэр беларускай апазіцыі Віктар Ганчар і яго сябар бізнесмен Анатоль Красоўскі, выйшлі з лазні ў цэнтры Мінска і бясследна зніклі. На месцы здарэння былі знойдзены аскепкі шкла і кроў. Экспертыза выявіла, што аскепкі шкла — ад джыпа Красоўскага, а кроў належыць Ганчару. Выкрадальнікі не былі знойдзеныя.

7 ліпеня 2000 па дарозе ў аэрапорт «Мінск -2» знік аператар расійскага канала ОРТ Дзмітрый Завадскі. Яго машына была знойдзеная на стаянцы аэрапорта. Па справе аб выкраданні Завадскага асуджаныя пажыццёва двое былых байцоў антытэрарыстычнага падраздзялення «Алмаз» Валерый Ігнатовіч і Максім Малік. Цела Завадскага не знойдзенае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?