10 мая — працяг працэсу Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага і чатырох іх паплечнікаў.
Другі дзень скончыўся тым, што Аляксандра Фядуту забрала «хуткая» — яму стала кепска. Праз гэта паседжанне было спыненае. У аўторак 10 мая працэс працягнецца — Уладзімір Някляеў завершыць свой выступ і пачнецца яго допыт (поўны тэкст выступу можна прачытаць тут).

18.30

Суддзя абвесціла перапынак да 10-й раніцы 11 мая.

18.05

Суддзя выклікала наступнага сведку — давераную асобу Віталя Рымашэўскага Дзмітрыя Шульгу. Ён распавядае аб сваёй дзейнасці ў камандзе Рымашэўскага, а таксама аб ходзе акцыі пратэсту 19 снежня ў Менску.

17:55

Наступны сведка Вадзім Кабанчук — індывідуальны прадпрымальнік з Менску. Быў у ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага.

17:46

Зараз будзе дапытаны сведка, сябра камітэту па стварэнні партыі «БХД», Дзяніс Садоўскі. Ён трымае рукі ў кішэнях і суддзя зрабіла яму заўвагу за непавагу да суда.

19 снежня Дзяніс Садоўскі быў у дружыне Віталя Рымашэўскага.

17:40

Суддзя выклікала наступнага сведку, таксама міліцыянта. Яго задачай вечарам 19 снежня было таксама агучванне патрабаванняў разысціся. Ён агучыў адпаведны тэкст ўсяго 2–3 разы.

17:35

Сведка Крайкоў агучваў патрабаванні разысціся з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры вечарам 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Ён паведаміў, што быў там прыкладна ў 20.30, тэкст прачытаў 20 разоў на працягу 10–15 хвілін. Гэта выклікала пытанні з боку Андрэя Дзмітрыева. Былы кіраўнік штаба НЯкляева запытаў, каму Крайкоў мог чытаць заклікі разысціся на плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня ў 20.30.

17.30

Сведка Каліноўская: «Я б не хацела, каб адзін чалавек уцягваў іншага ў нешта падобнае. Магчыма, у мяне нейкія свае ўласныя праблемы».

Допыт Каліноўскай на гэтым скончыўся.

Наступны сведка — Юрый Крайкоў — старэйшы інспектар ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

17:25

Зараз суддзя выклікала сведку Вольгу Каліноўскую. Яна з’яўляецца ўласнікам кватэры, якую арандаваў Уладзімір Яроменак. В.Каліноўская паведаміла, што У.Яроменак збіраўся здымаць кватэру працяглы тэрмін. Аднак аднойчы яна прыехала туды і пабачыла, што ў кватэры ніхто не жыве, але там знаходзяцца сцягі, улёткі Рымашэўскага. «Я прыехала дадому, пашукала ў інтэрнэце, хто такі Рымашэўскі. Прачытала, што з ім адбылося. Таксама даведалася, што Яроменка затрымалі на 15 сутак. Потым ён прыехаў і расплаціўся за кватэру», — расказала спадарыня Каліноўская.

17.17

Наступны сведка — Андрэй Староўскі. Ён таксама супрацоўнік ДАІ. Вечарам 19 снежня забяспечваў бяспеку дарожнага руху ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

Яго паказанні не адрозніваюцца ад паказанняў калег, якія таксама стаялі ў ачапленні на Кастрычніцкай плошчы. Сведка кажа, што людзей было шмат і ў нейкі момант яны ўсе рушылі на праспект Незалежнасці.

17:15

Сведка: «Мы не чакалі, што людзі выйдуць на праспект. Паміж удзельнікамі ланцуга ДАІ было 3–4 метра. Людзі лёгка змаглі прайсці праз нас… Каля мяне шмат людзей праходзіла. Розны кантынгент. Сталыя, маладыя. Яны мелі толькі вудачкі, сцягі. Выйшаўшы на праспект яны здзейснілі правапарушэнне. Іншых правапарушэнняў я не бачыў».

17:05

Допыт Паўлюковіча скончаны. Зараз у залю запрошаны наступны сведка — таксама супрацоўнік ДАІ. Ён стаяў у ачапленні на Кастрычніцкай плошчы.

17:00

Суддзя зачытала фрагмент допыту сведкі Паўлюковіча ў следчага. Там капітан Паўлюковіч сцвярджае, што Някляеў пасля сыходу людзей у чорным прыкідваўся «для тэлевізійнай карцінкі», калі закрываў вочы і не мог устаць. Ён падцвердзіў гэтыя свае паказанні і зараз. Аднак не змог адказаць адвакатам, на чым ён грунтавваўся даючы такія паказанні.

16.55

Наста Палажанка запытала ў сведкі Паўлюковіча, ці не павысілі яго ў званні пасля 19 снежня. Суддзя пытанне зняла. Затым Наста Палажанка запытала ў супрацоўніка ДАІ, чаму ён з’ехаў з месца падзей нават не выклікаўшы «хуткую» і ці не лічыць ён гэта злачыннай халатнасцю. «Супрацоўнікі міліцыі толькі прыпынілі неправамерныя дзеянні. Пацярпелых ад гэтага я не бачыў», — адказаў на гэта сведка.

16.50

Супрацоўнік ДАІ капітан Паўлюковіч гаворыць адвакатам, што ўсе падзеі вечара 19 снежня на вуліцы Калектарнай можна аднавіць па відэрэпартажам. «Я па Euronews бачыў», — гаворыць ён. Але разам з тым сцвярджае, што не бачыў моманту збіцця Уладзіміра Някляева, які знаходзіўся побач з ім увесь час.

16:45

«Я не ведаю, ці быў адсунуты з дарогі наш службовы аўтамабіль. Таксама не ведаю, адкуль узяліся пашкоджанні на ім. Я іх заўважыў, калі мы ад’язджалі з месца падзей», — заявіў сведка Паўлюковіч адвакатам.

16:35

Някляеў запытаўся ў капітана Паўлюковіча, ці насамрэч гэта ён штурхаў аўтамабіль ДАІ (раней Паўлюковіч тройчы паўтарыў, што экс-кандыдат Някляеў гэта рабіў). Сведка фактычна адмовіўся ад сваіх паказанняў, заявіўшы, што бачыў «мужчыну ў чырвонай куртцы», але што гэта дакладна быў Някляеў ён сцвярджаць ужо не бярэцца.

Пасля сыходу людзей у чорным Някляева панеслі дадому, мяркуе сведка. «Яго панеслі. Дадому. Я не бачыў, у якім ён быў стане», — заявіў Паўлюковіч. Медыцынскай дапамогі для пацярпелых ён не выклікаў і экіпажаў «хуткай» не чуў і не бачыў.

16:15

Сведка Паўлюковіч абвергнуў заяву свайго напарніка аб выбухах. «Гэта былі лёгкія хлапкі», — паведаміў ён. Дадаў таксама, што супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікі міліцыі ў чорнай вопратцы не здзяйснялі: «Гвалту яны не прымянялі, толькі фізічную сілу — укладвалі людзей на зямлю». Адвакаты запыталі, як канкрэтна людзі ў чорным «укладвалі на зямлю» удзельнікаў шэсця. «Раз — і на зямлю. Рукамі», — гаворыць ён. Разам з тым ён сцвярджае, што людзі з калоны на вул. Калектарнай аказвалі супраціўленне міліцыянерам. Як атрымаў траўму Някляеў, сведка Паўлюковіч не ведае.

16:07

Сведку Паўлюковіча дапытваюць адвакаты. Іх цікавіць, як адбывалася «ўкладванне на зямлю». Супрацоўнік ДАІ гаворыць, што пры гэтым людзі ў чорнай вопратцы выкарыстоўвалі фізічную сілу. «Я глядзеў на гэта», — паведаміў ён.

15:55

Допыт сведкі Ігнацьева скончаны. Зараз дапытваюць яго напарніка Вячаслава Паўлюковіча — ён таксама знаходзіўся на месцы падзей. Новы сведка цалкам падцвярджае паказанні свайго папярэдніка. Ён падцвердзіў, што людзі ў чорнай вопратцы былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

15:45

Някляеў запытаў у даішніка, чаму на яго думку людзі ў чорным напалі на калону Някляева. Той адказаў, што гэта было выклікана супраціўленнем Някляева супрацоўнікам ДАІ, а таксама нанясеннем пашкоджанняў службоваму аўто.

Допыт сведкі нападу на калону Някляева скончаны, зараз сведчыць супрацоўнік мінскага ДАІ Вячаслаў Папрыка — напарнік папярэдняга сведкі.

15:20

Зараз сведку Ігнацьева апытвае суддзя. Яна пытае, чаму сведка вырашыў, што людзі ў чорным — гэта супрацоўнікі міліцыі. Ён кажа, што зразумеў гэта па іх камандах і дзеяннях. Ніякіх пасведчанняў ён не бачыў. Не бачыў таксама, каб удзельнікі шэсця супраціўляліся міліцыянтам. Гаворыць таксама, што людзі ў чорным штурхнулі і яго.

14:08—14:55

Працэс аднавіўся. Чацверты сведка — Ігнацьеў — адзін з даішнікаў, які спрабаваў надгледзець мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай.

«У нас была інфармацыя, што ў мікрааўтобусе могуць быць выбухованебяспечныя рэчы. Быў загад затрымаць мікрааўтобус».

Ён кажа, што не было магчымасці прайсці непасрэдна да мікрааўтобуса, бо было шмат людзей.

«Пасля спробы спіхнуць нашу машыну, пачуліся выбухі выбуховых пакетаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія з’явіліся на месцы падзей, нікога не затрымлівалі. Яны ўскрылі мікрааўтобус. Я не бачыў, што яны там знайшлі».

Даішнік: «Супрацоўнікі міліцыі паклалі ў снег усіх прысутных. Міліцыянераў было чалавек дзесяць. Я не ведаю, хто выкарыстоўваў выбуховыя ракеты, магчыма міліцыянеры. Пасля з’яўлення міліцыянераў я ўжо не меў магчымасці праверыць мікрааўтобус. Пра яго нам паведамілі ў гадзін 16–17. Сказалі, што трэба праверыць канкрэтны мікрааўтобус на Калектарнай. Мы яго знайшлі толькі, а 19-й».

Разам з намі абарона Някляева сцвярджае, што Volkswagen з апаратурай знаходзіўся ля офіса намнога раней. Сведка таксама не змог растлумачыць, як яму ўдалося разгледзець нумары мікрааўтобуса, калі ён быў абкружаны натоўпам.

Сведка: «Я не бачыў, каб супрацоўнікі міліцыі білі людзей. Не бачыў, што адбывалася з Някляевым. Пасля размовы з ім я адышоў да сваёй машыны — мне свяцілі ў вочы камеры. Потым адбыліся выбухі. Пасля гэтага я пабачыў, што Някляеў ляжыць. Шкло ў мікрааўтобуса было разбіта. Міліцыянеры дзейнічалі 5–7 хвілін».

Зараз даішніка дапытвае адвакат Тамара Сідарэнка. Ён пачынае блытацца ў паказаннях, зараз кажа, што ў снег паклалі не ўсіх, а пяць чалавек — рэшта калоны ўцякла.

Сведка: «На спіне супрацоўнікаў праваахоўных органаў было напісана «міліцыя». У што яны былі апранутыя я не звярнуў увагі. Калі яны сышлі, я праверыў пульс у Някляева. Потым мы з’ехалі. Знаходзіцца там было праблематычна. «Хуткай» мы не чакалі.

Дарэчы, зала суда цяпер паўпустая.

Сведка даішнік: «Супрацоўнік міліцыі ў чорнай форме сказаў мне адысці ўбок. Я ні з кім з іх не размаўляў. Аб усім, што там здарылася, я нікому са свайго кіраўніцтва не дакладваў. Дакладваў толькі аб пашкоджаннях машыны ДАІ, якія яна атрымала».

12:55

Перапынак да 14:00.

12:31

Пачынаецца допыт новага сведкі.

Ён паўтарыў паказанні першага даішніка. Паведаміў, што ланцуг з супрацоўнікаў ДАІ на Кастрычніцкай прастаяў не больш за 15 хвілін.

Зараз пачынаецца допыт трэцяга сведкі — Будоўскага Аляксандра. Ён камандаваз дзеяннямі даішнікаў на Кастрычніцкай плошчы вечарам 19 снежня. Ён сказаў, што ад кіраўніцтва ДАІ яму паступіў загад не пускаць людзей на праезжую частку.

12:03—12:27

Суддзя хадайніцтва Някляева аб сустрэчы з дочкамі не задаволіла. Таксама паведаміла, што факты фальсіфікацыі будуць вывучаныя судом, і пасля суд прыме рашэнне аб гэтым хадайніцтве. Працэс працягнуўся.

Някляеў падаў яшчэ адно хадайніцтва аб выкліку ў якасці сведкі на працэс міністра Куляшова і Лукашэнкі ў якасці асобаў, якія кіравалі дзеяннямі праваахоўных органаў 19 снежня. Пракурор з хадайніцтвам не пагадзіўся, на яго думку, прысутнасць Куляшова і Лукашэнкі ў якасці сведак на працэсе неабгрунтававаная, бо яны не былі відавочцамі падзей. Суддзя на месцы падтрымала пазіцыю пракурора. Някляеў абурыўся, і атрымаў папярэджанне.

Пачынаецца допыт сведкаў. Першым дапытаюць Анатоля Данкова.

Сведка служыць у ДАІ. 19 снежня знаходзіўся ў шэрагу супарцоўнікаў ДАІ, які адгароджваў натоўп ад праспекта.

«Сабраліся грамадзяне са сцягамі, транспарантамі, выкрыквалі лозунгі, незразумелыя мне словы». Данкоў таксама паведаміў, што быў сведкам перамоваў з прадстаўнікамі ДАІ кандыдатаў у прэзідэнты Статкевіча, Уса, Саннікава, Халіп. Даішнік лічыць, што ўсе прысутныя на плошчы людзі маглі спакойна прайсці па ходніках. Ён пацвярджае гучанне музыкі на Кастрычніцкай. Нікога з абвінавачаных на Плошчы ён не бачыў.

11:11—11:31

Някляеву задаюць пытанні адвакаты. Ён паўтарае ўжо раней агучаныя сведчанні. У. Някляеў трымаецца пазіцыі, агучанай ім падчас выступу ў вольнай форме, які ён зрабіў у другі дзень судовага пасяджэння.

«Былі два ўдары. У той момант я крычаў „не біце людзей“, мне спачатку нанеслі ўдар па твары каля вока, а потым дубінай па галаве, я паваліўся. Пабачыў сябе толькі ў СІЗА, калі сукамернік даў мне люстэрка і параіў паглядзець, які я прыгажун. Я увогуле не бачыў адным вокам першапачаткова, думаў, што страціў зрок. Я павінен падзякаваць сваёй Вользе. Гэта яна мяне прымусіла перад выхадам адзець тую цёплую тоўстую шапку. Шапка мяне ўратавала».

Някляеў падаў два хадайніцтвы: аб далучэнні да матэрыялаў справы фактаў фальсіфікацыі выбараў і аб дазволе сустрэчы з дочкамі. На думку абароны Някляева, факты фальсіфікацыі выбараў могуць вытлумачыць, што змусіла кандыдата ў прэзідэнты заклікаць да ўдзелу ў акцыі пратэсту. Пракурор выказаўся за адхіленне хадайніцтваў. Суддзя выйшла ў іншае памяшканне для разгляду хадайніцтваў абвінавачанага. Перапынак у разглядзе справы.

10:50

Някляеў расказаў аб падзеях 19 снежня.

«А 16-й за мной пачалі сачыць. Некалькі чалавек аціраліся ля пад’езда. Але мы з іншымі кандыдатамі паехалі ў Генпракуратуру, каб запрасіць на Плошчу генеральнага пракурора і пратэставаць супраць незаконнага затрымання Змітра Дашкевіча. Гадзіну мы чакалі, але ніхто так і не выйшаў.

І менавіта ў Генпракуратуры мы дамовіліся з іншымі кандыдатамі аб мітынгу на Кастрычніцкай. Толькі аб гэтым, ні аб чым больш.

Пасля генпракуратуры я паехаў у офіс і падрыхтаваў праект рэзалюцыі, якую хацеў агучыць на Плошчы. Займаўся гэтым да 19-й гадзіны.

Затым мы з офіса рушылі па вуліцы Калектарнай у бок Кастрычніцкай плошчы. Раптам вуліцу перагарадзіў аўтамабіль ДАІ, з яго выйшаў даішнік і стаў крычаць у натоўп, што ён хоча надгледзець наш мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. Прычым да самога мікрааўтобуса яны чамусьці не падыходзілі… Калі я спрабаваў дастаць з кішэні пасведчанне кандыдата, то даішнік даў сігнал у бок мікрааўтобуса з танаваным шклом, які стаяў наводдаль.

Пасля пачалася сапраўдная вайна — выбухі, збіццё. У цэнтры Мінска збівалі кандыдата ў прэзідэнты, журналістаў, дзяўчат. Такога ў гісторыі яшчэ не было.

Зараз я ўзгадваю, што пасля ўдару па галаве мяне спрабавалі некуды завалачы за каўнер, гэта сведчыць ад тым, што ім я таксама быў патрэбны. Пазней я страціў прытомнасць і ачуняў толькі ў офісе. Спрабаваў усё ж пайсці на Кастрычніцкую, але не змог. Адчуваў адказнасць за тых людзей, якіх заклікаў пайсці туды».

10:24

Пракурор распытвае Някляева аб закліках яго прыйсці на плошчу і забароне акцыі пратэсту. Някляеў адказвае наступным чынам: «Я пра забарону нават не думаў. Нельга сказаць, што я не ведаў аб ёй, але значэння не надаваў. З генпракуратуры ніякіх пісьмовых папярэджванняз я не атрымліваў. Пазваніў нейкі чалавек адтуль і сказаў мне, што я не маю права быць на Плошчы… Я палітык, я ўмею прагназаваць, я не чакаць, калі мне скажуць, што і як рабіць. Менавіта таму я заклікаў на Плошчу… Калі б кандадатам дазволілі даставіць на Плошчу апаратуру, то ўсё б мірна скончылася. Але некаму гэта перашкаджала».

10:10

Працэс аднавіўся. Пачаўся допыт Някляева. Пракурор Кажэўнікаў задае яму пытанні, датычныя яго дзейнасці ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Зала амаль запоўненая. Аднак журналістаў менш, чым у першыя дні. З палітыкаў на працэсе ў якасці гледача прысутнічае Лявон Баршчэўскі.

***

Напярэдадні суда лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў праз жонку Вольгу перадаў зварот у Мінскі гарадскі суд. Някляеў просіць спыніць супраць яго і іншых удзельнікаў Плошчы крымінальную справу за адсутнасцю склада злачынства. Сваёй віны паэт не прызнае.

Усе абвінавачаныя, акрамя Някляева, раней былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. Лідар «Гавары праўду» дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Онлайн-рэпартаж з першага дня суда чытайце тут, з другога — тут.

Усе абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

Суддзёй выступае Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

Менавіта за «Плошчу» асуджана ўжо 14 чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?