18:15

Суд працягнецца заўтра а 10 раніцы.

16:32

Зноў вярнуліся да прагляду відэаматэрыялаў, якія пачыналі глядзець яшчэ у чацвер. Тэлевізар павёрнуты да суддзі і пракурора, людзям у зале нічога не бачна.

16:07

Дапытваюць Ігара Аскерку. Яшчэ адзін чалавек з каманды Саннікава.

15:55

«Мы прыйшлі святкаваць перамогу. Мы ведалі, што наш кандыдат выходзіць у другі тур», — кажа Юрына. «Было захапленне, што нас столькі нармальных».

15:43

Наступны сведка — Галіна Юрына. Пенсіянерка. Прыйшла на суд з сіняй стужачкай «Еўрапейскай Беларусі». Яна таксама была даверанай асобай Андрэя Саннікава.

15:36

Казлоўскі кажа, што «арматурай ужо не ваююць нават у Афрыцы».

15:34

«Калі Саннікаў прапанаваў стаць даверанай асобай, то я праясняў ягоныя пазіцыі. Тады мы гаварылі, што гвалтоўнага развіцця падзеяў быць не можа, — кажа Казлоўскі. — Ні на адной сустрэчы ён не заклікаў да гвалтоўнага звяржэння ўлады. Я там прысутнічаў, ведаю».

«Пра рыдлёўкі — гэта нам не смешна. Правакацыя падрыхтаваная крайне няўмела, але змаглі падставіць Андрэя Алегавіча».

15:27

Казлоўскі расказвае пра досвед працы з Андрэем Саннікавым. «Граматны, прыстойны чалавек, добры спецыяліст», — кажа Павел Паўлавіч.

«Ён быў годны стаць прэзідэнтам Беларусі».

15:19

Наступны сведка — Павел Казлоўскі. Першы міністр абароны незалежнай Беларусі. Казлоўскі знаёмы з Саннікавым з 1991 года.

15:11

Наступны сведка — Ігар Палуян. Дырэктар ААТ «Гранд Форт». На праспекце Незалежнасці маюцца два пункты продажу прадпрыемства.

Кажа, што прадаўцы прасілі зачыніць магазін раней, бо не было пакупнікоў. А яшчэ зайшлі нейкія людзі, якія рэкамендавалі зачыніць раней. Хто яны такія, сведка не знае.

«У нядзелю выручкі былі невялікія і так, а ўрон і ўпушчаную выгаду я лічыць не збіраюся», — кажа Палуян.

«Зачынілі на гадзіну раней — нічога страшнага ў гэтым я не бачу».

14:52

«Увесь народ ведаў, што будзе мітынг». Сяргей кажа, што на катку ніхто не катаўся. Сам ён з «Маладога фронта».

«На акцыі выступалі практычна ўсе кандыдаты, апроч Лукашэнкі і Цярэшчанкі», — словы юнака выклікалі смяшок у залі.

14:43

Паказанні дае Павел Сяргей. Непаўналетні. З Маладзечна. Ведае Уладзіміра Яроменка, бо «бачыліся некалькі разоў».

14:31

Далідовіч кажа, што яму нанеслі ўдар у твар. «Удар быў моцны, што зашаталіся ніжнія зубы». Чым білі, пацярпелы не ведае.

Расказвае жахі, як жалезная сметніца трапілі ў шчыт. «Вудамі, у асноўным, па шаломам білі». Кажа, што быў агнетушыцель. «Бутэлькам, па ходу з вадой, кідаліся».

14:25

На працэсе з’явіўся пацярпелы Юры Далідовіч, спецназавец. 19 снежня з 16:00 да 22:00 знаходзіліся ў службовым транспарце за Палацам рэспублікі. Потым іх перакінулі за Чырвоны касцёл.

«Мы занялі пазіцыю 3–5 метраў ад прыступак Дома ўрада. Стаялі, чакалі. На нас лаяліся матам, жэсты розныя паказвалі, спрабавалі паставіць падножкі, кідаліся снежкамі, нагамі спрабавалі ў шчыты піхнуць. Было слізка, таму некаторыя падалі», — расказвае Далідовіч.

«Перад мной знаходзіліся людзі гадоў 35 у дублёнках, моцныя людзі. У адзін момант яны ўзяліся за рукі і пачалі нагамі біць па нашых шчытах, хацелі нас парваць. Зззаду таксама пачаўся прарыў»

14:16

Працэс аднавіўся. З’явіўся яшчэ адзін пацярпелы, а таксама сведка. Заяўлены два сведкі з боку абароны.

Фёдар Мірзаянаў заяўляе хадайніцтва аб магчымасці прысутнічаць на судзе маці і сваякоў, якія былі выдаленыя раней.

«Мае сябры не могуць трапіць у зал, бо нейкія падонкі займаюць тры апошнія шэрагі», — сказаў Мірзаянаў. Суддзя Чацвярткова вынесла яму папярэджанне.

Адзін з хлопцаў на заднім шэрагу: «Я б з радасцю сышоў». «Дык чаго сядзіце?» Паціскаюць плячыма.

Суддзя не дазволіла маці Мірзаянава больш прысутнічаць на працэсе.

13:01

Абвешчаны перапынак да 14:10.

12:34

Воўчак кажа, што міліцыя была абавязаная перапыніць біццё шкла. Гэта ўваходзіць у іх абавязкі.

Алег бачыў Рымашэўскі, які спрабаваў вывесці людзей, каб яны не білі вокны Дома ўрада.

12:25

«У мітынгу было шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. Усе былі адкрытымі, нейкіх масак, вялікіх сумак не было», — кажа А.Воўчак.

«Наста Палажанка падбегла да кандыдатаў. Яна сказала, што б’юць шкло, і гэта не нашы. Кандыдаты сказалі, што гэта правакацыя і не трэба ісці да дзвярэй. На ганку было не больш за пятнаццаць чалавек», — расказвае праваабаронца.

«Хлопцы, што білі шкло наносілі прафесійныя ўдары, я гэта кажу, як удзельнік вайны ў Афганістане. Шкло там не такое, каб разбіць з аднаго ўдара».

12:13

Наступны сведка — праваабаронца Алег Воўчак. Ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. Кажа, што бачыў Мірзаянава на ганку Дома ўрада.

Прыкладна ў 19:45 Воўчак быў на Плошчы. Калі даведаліся пра збіццё Някляева, то пачалі вышукваць у натоўпе правакатараў. «Іх лёгка вылічыць: чорная куртка, спартыўнае адзенне, навушнік, шапачка». Воўчак бачыў на Плошчы супрацоўнікаў «Алмаза».

«Характар акцыі быў святочны».

11:53

Танкачова зачытвае міжнародны даклад Ніла Джармана па беларускіх выбарах. Паводле яго ацэнкі, нельга кваліфікаваць дзеянні 19 снежня, як масавыя беспарадкі. Даклад быў дададзены да матэрыялаў справы, хоць пракурор быў супраць.

11:35

«Гаворка ішла пра мірныя перамовы з кім-небудзь з прадстаўнікоў улады. Момант, калі пачалі біць шкло, я не назірала, але была здзіўленая, што аховы не было», — гаворыць Алена Танкачова.

11:25

Танкачова кажа пра гучную музыку, што грала на Кастрычніцкай. Выступы кандыдатаў у прэзідэнты былі нячутныя.

Праваабаронца гаворыць пра «лёгкі ланцуг з супрацоўнікаў ДАІ». Іх было прыкладна 25 чалавек.

«Калі людзі выйшлі на праспект, то кандыдаты яшчэ знаходзіліся на прыступках Дома прафсаюзаў», — гаворыць Танкачова.

«Гэта была відавочна мірная акцыя, якая не несла настрояў агрэсіі. Акцыя была вельмі акуратнай».

11:19

Спн. Танкачова расказвае, што седзячы ў кавярні атрымала званок аб збіцці кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Прыкладна праз дзесяць хвілін яна была ля штаб-кватэры Някляева, які ляжаў на зямлі з траўмамі галавы. Потым пад’ехала машына хуткай дапамогі, якая забрала Някляева.

Танкачова вярнулася на Кастрычніцкую з групай людзей. Гэта было прыкладна, а 20:30. «Плошча была поўнасцю запоўненая людзьмі. Мне цяжка сказаць колькі было людзей, але парадку 10 тысяч».

11:15

Танкачова прыехала на Плошчу раней за пачатак акцыі. Прыкладна, а 18:30. Кажа, што ў той час у дварах было многа спецтэхнікі. Пасля агляду тэрыторыі Танкачова накіравалася ў кавярню «Бізэ». Пры гэтым яна пабачыла, што станцыя метро «Купалаўская» ў гэты час была зачыненая.

11:08

Так і няясна з якой мэтай выклікалі Панасіка. Допыт працягнуўся хвіліны тры.

Пачынаецца допыт сведкаў абароны. Першая з іх праваабаронца Алена Танкачова.

11:03

Наступны сведка — Ігар Панасік. Прадстаўнік прыватнага прадпрыемтсва «АўтаМобілі». Ведае Яроменка, які здымаў у яго кватэру.

10:57

Заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў Кіслоў не чуў, у тым ліку да захопу Дома ўрада.

10:48

Машына з Кіслова ехала за шэсцем дэманстрантаў, што ішлі па праспекце Незалежнасці. «Тэкст прачытаў два-тры разы, пасля чаго атрымаў каманду спыніць чытанне тэксту», — кажа Кіслоў. Ён кажа, што гук з машыны чутны на адлегласці 150 метраў.

10:41

Які вы выязджалі з Плошчы, папыталася суддзя, кал шкло было завешанае сцягам?

«Кіроўца адкрыў фортку, высунуўся ў яе і так з’ехаў», — кажа Каралькоў.

Кірыл Кіслоў, яшчэ адзін старшы інспектар ГУУС Мінгарвыканкама. На Плошчы Кіслоў выконваў тыя ж функцыі, што і Каралькоў.

10:34

Лабавое шкло машыны, дзе знаходзіўся Каралькоў, было завешаная бел-чырвона-белым сцягам. «Калі ўехалі на Плошчу, то яна была запоўненая на 50%», — кажа Каралькоў.

«Было вызначана месца, дзе мне знаходзіцца. Канкрэтнае месца», — гаворыць Каралькоў, калі тлумачыць чаму ад самага пачатку знаходзіўся блізу плошчы Незалежнасці.

Каралькоў агучваў папярэджанне «максімум пяць хвілін».

10:30

Допыт Юрыя Каралькова, ГУУС Мінгарвыканкама, старшы інспектар. На Кастрычніцкай плошчы Каралькоў не быў. Ад 19:00 знаходзіўся на вуліцы Савецкай у машыне з гукаўзмацняльнай тэхнікаў, праз якую папярэджваў пра адказнасць за ўдзел у вулічнай акцыі. Агучваў па-беларуску і па-руску.

10:22

Галіеў пытаецца, ці вычарпальнай была экспертыза. «Мы маем права ацэньваць ступень цяжкасці па медыцынскім дакументам», — кажа Маруш.

«Была зафіксаваная гематома левага бядра. Гэта дастаткова для фіксацыі цялеснага пашкоджання», — кажа эксперт.

На медыцынскай даведцы Кашталанава стаіць проста штамп бальніцы. Невядома, хто з дактароў зацверджваў гэтую траўму.

10:18

Допыт дзяржаўнага медыцынскага эксперта Вікторыі Маруш. Досвед працы — 15 гадоў.

Пытацца яе пачынае адвакат Аляксандр Галіеў. Высвятляецца, што пацярпелы Кашталанаў на экспертызу не з’яўляўся.

10:13

Сёння зала запоўненая не цалкам. Тры апошнія шэрагі займаюць студэнты-бээрсээмаўцы. Ёсць мама Саннікава, бацькі Ірыны Халіп.

10:07

Працэс аднаўляецца з невялікім спазненнем. Сакртарка адрапартавала, што на працэс з’явіўся эксперт, а таксама двое сведкаў.

Суддзя Чацвярткова разглядае хадайніцтва адвакатаў Саннікава аб допыце Бандарэнкі, Халіп і Карзюка (начальніка мінскага ДАІ). Суддзя хадайніцтва адхіліла.

Адвакат Кавалеўская заяўляе аб удзеле ў працэсе новых сведкаў. Сярод іх Алена Танкачова і Алег Воўчак.

***

У Партызанскім судзе сталіцы працягваецца працэс над экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым і шараговымі ўдзельнікамі акцыі 19 снежня Фёдарам Мірзаянавым, Іллём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам і Уладзімірам Яроменкам.

Саннікава абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, астатніх — ва ўдзеле ў беспарадках.

Сёння працягнецца допыт сведкаў. У пятніцу адвакаты Саннікава хадайнічалі аб прысутнасці на судзе сведкаў Змітра Бандарэнкі (асуджаны) і Ірыны Халіп (пад хатнім арыштам).

У залю суда не дапусцілі маму Фёдара Мірзаянава Людмілу, а таксама ягонага дзядзьку, былога контрразведчыка Сяргея Аніську, бо яны выдаленыя з працэсу ў пятніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?