У Брытаніі аналагам нашага Дня перамогі можна лічыць 11 лістапада, дзень заканчэння Першай сусветнай вайны. Брытанія згубіла больш людзей у Першай сусветнай, чым у Другой, і таму гэта вайна грае больш важную ролю.
У бадай што кожным раёне Лондана можна сустрэць помнікі з імёнамі пагінулых у «Вялікай вайне» землякоў.

Гэты дзень — Дзень памяці ўсіх пагінулых і дзень ушанавання ветэранаў ўсіх найноўшых ваенных канфліктах, дзе ваявала брытанскае войска. На 11 лістапада ў Лондане праходзіць парад ветэранаў усіх вайсковых канфліктаў і аперацый, дзе ўдзельнічала брытанскае войска: ад Другой сусветнай да Фалклендаў, Ірака і Афганістана. Праходзяць парады, трэба адзначыць, без танкаў і ракетніц.

Маюць брытанцы і аналаг расійскай георгіеўскай стужкі (які з’явіўся, вядома, шмат раней за яе)
 — увесь горад напярэдадні свята носіць на паліто пластыкавыя кветачкі маку. Гэты сімвал выкарыстоўваецца як для ўспамінаў па ветэранах, так і для, напрыклад, збора грошай для дапамогі сучасным брытанскім ваенным інвалідам.

А вось

у Ірландыі, якая ў доўгіх баях заваёўвала незалежнасць ад Брытаніі, кветкі маку насіць не прынята.
Не таму, што ірландцы не паважаюць подзвіг пераможцаў у Першай і Другой сусветнай войнах, але таму што гэты сімвал асацыюецца з Брытаніяй. І не таму, што ірландцы штосьці маюць супраць сучаснай Брытаніі, але таму, што яны маюць не толькі добрыя асацыяцыі з брытанскай вайсковай гісторыяй. Для цікаўных — раю пачытаць развагі ірландскай журналісткі Мэры Кені.
Для Беларусі свята вызвалення ад нацызму моцна азмрочана аднаўленнем савецкай акупацыі,
якая скончылася толькі праз 45 гадоў і абярнулася для краіны тысячамі ахвяраў палітычных рэпрэсій, русіфікацыяй, Чарнобыльскай катастрофай і, таксама, спадчынай у выглядзе сённяшняга яскрава неасавецкага аўтарытарнага рэжыму.

Гэта нармалёва, калі некаторыя расійцы носяць георгіеўскую стужку. Гэта таксама нармалёва, калі некаторыя беларусы адмаўляюцца яе насіць. Гэта нармалёва, што стужка была і будзе прадметам дыскусіі ў беларускім грамадстве на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў.

Надзяваць на сябе георгіеўскую стужку, якая асацыюецца з СССР, для беларусаў, напэўна, гэтаксама спрэчна, як і чапляць бел-чырвона-белую стужку, якая ў кантэксце Другой сусветнай безнадзейна будзе асацыявацца перадусім з БЦР. Спрэчна надзяваць і выразна палітызаваную чырвона-зялёную стужку. Што тады насіць? Ды бадай што нічога. Важней тое, што мы маем унутры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?