Пра гэта заявіў падчас паказанняў у судзе над У.Някляевым, В.Рымашэўскім, Н.Палажанкай, А.Дзмітрыевым, С.Вазняком і А.Фядутам супрацоўнік ДАІ Ігнацьеў

«У нас была інфармацыя, -- сказаў ён, -- што ў мікрааўтобусе могуць быць выбухованебяспечныя рэчы. Быў загад затрымаць мікрааўтобус. (...) Пасля спробы спіхнуць нашу машыну, пачуліся выбухі выбуховых пакетаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія з’явіліся на месцы падзей, нікога не затрымлівалі. Яны ўскрылі мікрааўтобус. Я не бачыў, што яны там знайшлі. (...)

Супрацоўнікі міліцыі паклалі ў снег усіх прысутных.
Міліцыянераў было чалавек дзесяць. Я не ведаю, хто выкарыстоўваў выбуховыя ракеты, магчыма міліцыянеры. Пасля з’яўлення міліцыянераў я ўжо не меў магчымасці праверыць мікрааўтобус. Пра яго нам паведамілі ў гадзін 16–17. Сказалі, што трэба праверыць канкрэтны мікрааўтобус на Калектарнай. Мы яго знайшлі толькі, а 19-й.

.... Я не бачыў, каб супрацоўнікі міліцыі білі людзей. Не бачыў, што адбывалася з Някляевым. Пасля размовы з ім я адышоў да сваёй машыны — мне свяцілі ў вочы камеры. Потым адбыліся выбухі. Пасля гэтага я пабачыў, што Някляеў ляжыць. Шкло ў мікрааўтобуса было разбіта. Міліцыянеры дзейнічалі 5–7 хвілін».

... На спіне супрацоўнікаў праваахоўных органаў было напісана «міліцыя».
У што яны былі апранутыя я не звярнуў увагі. Калі яны сышлі, я праверыў пульс у Някляева. Потым мы з’ехалі. Знаходзіцца там было праблематычна. «Хуткай» мы не чакалі.

.... Супрацоўнік міліцыі ў чорнай форме сказаў мне адысці ўбок. Я ні з кім з іх не размаўляў. Аб усім, што там здарылася, я нікому са свайго кіраўніцтва не дакладваў. Дакладваў толькі аб пашкоджаннях машыны ДАІ, якія яна атрымала».

Суддзя запыталася, адкуль Ігнацьеў вырашыў, што людзі ў чорным - гэта супрацоўнікі міліцыі. Ён кажа, што зразумеў гэта па іх камандах і дзеяннях. Ніякіх пасведчанняў ён не бачыў. Не бачыў таксама, каб удзельнікі шэсця супраціўляліся міліцыянтам. Сказаў таксама, што людзі ў чорным штурхнулі і яго.

затым яго напарнік Вячаслаў Паўлюковіч паувердзіў, што людзі ў чорнай вопратцы былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

«Гвалту яны не прымянялі, толькі фізічную сілу — укладвалі людзей на зямлю». Адвакаты запыталі, як канкрэтна людзі ў чорным «укладвалі на зямлю» удзельнікаў шэсця.

«Раз — і на зямлю. Рукамі».

***

Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі 26 студзеня міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў заявіў, што не ведае, хто збіў Някляева. «Ну хіба маглі міліцыянеры ўдарыць кандыдата, каб гэтага ніхто не заўважыў? Назаўтра пра гэта пісалі ўсе сусветныя СМІ. Усе хацелі, каб міліцыя ўдарыла. Але міліцыянеры не збівалі Някляева», — зазначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?