18:05

Пракурор зачытвае вытрымкі з выступаў Уладзіміра Някляева перад выбаршчыкамі падчас прэзідэнцкай кампаніі.

17:50

Рымашэўскі і Палажанка атрымалі чарговыя папярэджанні ад суддзі. За тое, што перамовіліся паміж сабой падчас выступу пракурора. Суддзя палічыла гэта непавагай да суда.

Папярэджанні Віталь Рымашэўскі і Наста Палажанка атрымалі ў першы ж дзень суда, калі спазніліся на пачатак працэсу пасля абедзеннага перапынку. Ім пагражае змена меры стрымання.

17:45

Пракурор Кажэўнікаў працягвае чытаць матэрыялы першага тома справы. Дакументы, якія ён пералічвае, у асноўным датычаць дзеянняў выбарчага штаба Уладзіміра Някляева, часткова кампаніі «Гавары праўду». Аляксандр Фядута спрабаваў пратэставаць супраць агучвання, аднак пракурор працягвае пералічваць дакументы.

17:25

Сведкаў у памяшканні суда няма. Суддзя ізноў папрасіла пракурора працягваць чытаць матэрыялы першага тома крымынальнай справы.

Зараз пракурор агучвае дакументы, у якіх апісаная схема атрымання грошай з-за мяжы для фінансавання дзейнасці кампаніі «Гавары праўду».

17:18

Кіроўца Дземідовіч — Рымашэўскаму: «Я ведаў пра акцыю апазіцыі. Я па тэлевізары чуў «Усе на Плошчу, усе на Плошчу». Але я здзівіўся, калі вас там пабачыў усіх на парспекце. Я ж не ведаў, што вы ужо будзеце ісці».

17.10

Суддзя выклікала сведку Дземідовіча. Ён кіроўца аўтобуса. Вечарам 19 снежня працаваў на праспекце Незалежнасці. Дземідовіч падцвярджае, што рух па праспекце Незалежнасці нейкі час быў заблакаваны. Сцвярджае, што быў вымушаны змяніць маршрут руху, чым выклікаў незадаволенасць пасажыраў.

Дземідовіч гаворыць, што змяняў маршрут толькі адзін раз.

16:55

Пачаўся допыт сведкі Дзмітрыя Кудраўцава. Ён уваходзіў у склад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева — павінен быў збіраць подпісы, аднак з-за занятасці на асноўнай працы ён гэтага не рабіў. Незадоўга да выбараў з гаража Кудраўцава супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі друкаваную прадукцыю. З ёй павінен быў азнаёміцца Сяргей Вазняк, аднак зрабіць гэта ён змог толькі пасля супрацоўнікаў міліцыі — яны правялі канфіскацыю адначасова з прыездам Вазняка.

16:40

Суддзя Жукоўская перапыніла чытанне матэрыялаў справы. У суд з’явіўся новы сведка — зараз плануецца яго допыт. Але перад допытам Андрэй Дзмітрыеў папрасіў суддзю абвесціць перапынак на 5 хвілін.

16:25

Пракурор скончыў чытаць расшыфроўкі тэлефонных размоваў Уладзіміра Някляева. Усе запісы былі зробленыя ў перыяд між 9 і 18 снежня. Акрамя размоваў з журналістамі, былі агучаныя толькі тэлефонныя размовы Някляева з Андрэем Саннікавым і літаратуразнаўцам Язэпам Янушкевічам.

16:05

Някляеў перапыніў пракурора. Ён папрасіў прабачэння ў Рымашэўскага за тое, што ў размове з Саннікавым выказаўся аб ім не зусім тактоўна, а таксама паведаміў суддзі, што лічыць агучванне тэлефонных перамоваў спробай перасварыць апазіцыянераў паміж сабой.

16:00

Пракурор Кажэўнікаў працягвае чытаць раздрукоўкі тэлефонных размоваў Някляева. Цікава, што сярод гэтых размоваў значную частку складаюць гутаркі з журналістамі, пазней апублікаваныя. Некаторыя адбываліся ў жывым эфіры, як у выпадку з інтэрв’ю расійскаму радыё «Коммерсант ФМ».

15:49

Пракурор зачытаў раздрукоўку тэлефоннай размовы Саннікава з Някляевым, якая адбылася на пачатку снежня 2010 года. Яны абмяркоўвалі магчымасці аб’яднання. Някляеў размаўляе з Саннікавым пра неабходнасць наведаць сустрэчу ў офісе БХД. Падчас агучвання тэлефоннай размовы Рымашэўскі выказаў абурэнне. Ён заявіў, што не хоча чуць чужых размоваў. Суддзя сказала, што Рымашэўскі павінен застацца ў зале суда.

Пракурор працягвае зачытваць матэрыялы праслухоўвання тэлефона Някляева. У прыватнасці, агучаныя размовы Някляева з журналістам Віталём Гарбузавым і З.Бандаруком.

15:46

Сярод матэрыялаў справы аказаўся рапарт оперупаўнаважанага КДБ Міхайлава, у якім прааналізаваная дзейнасць Някляева і некаторых іншых актывістаў яго штаба. Там адзначаецца, што Някляеў за некалькі дзён да выбараў заклікаў усіх кандыдатаў зняцца і дамагчыся непрызнання выбараў міжнароднымі структурамі. Апісаны таксама эпізод збіцця Някляева. Адзначаецца, што ён атрымаў траўму падчас бойкі групы яго п’яных маладых прыхільнікаў з супрацоўнікамі міліцыі.

15:24

На дадзены момант сведкаў у памяшканні суда няма — яны спазняюцца. Суддзя вырашыла змяніць парадакт разгляду справы і зараз пракурор пачынае зачытваць матэрыялы справы па 1 томе. А ўсяго тамоў 29.

15:12

Сведка — Васіль Мартус. Кіроўца аўтобуса № 1. Вечарам 19 снежня ён быў сведкам шэсця, якое заблакавала рух транспарту па праспекце Незалежнасці.

Ён кажа, што працаваць вечарам 19 снежня не пераставаў — толькі змяніў маршрут. Ён таксама заявіў, што хуліганаў на праспекце не бачыў. «Гэта была дэманстрацыя. Аўтобус мой не білі, давалі праехаць».

14:47

Гаворыць сведка Пётр Барысаў, які зняў сваю кандыдатуру на карысць Віталя Рымашэўскага.

Барысаў заявіў, што дапамагаў збіраць подпісы не Рымашэўскаму, а Някляеву. Ён кажа, што за адзін подпіс прадстаўнік каманды Някляева прапанаваў яму суму ад 1,2 да 1,7 даляра.

«Мне нічога не заплацілі, гулялі са мной у кошкі-мышкі. Я сам Някляеву пісаў, выкладаў там свае прэтэнзіі.

Барысаў распавёў, што праз гісторыю з адмовай заплаціць за сабраныя подпісы, ён нават падаваў у суд на Някляева. Замест Някляева на судзе быў яго прадстаўнік. Барысаў выказвае прэтэнзіі да суддзі: «Яна затыкала мне рот», пазоў не быў задаволены.

14:44

Суддзя зачытвае паказанні сведкі Вернікоўскага — кіроўцы аўтобуса, маршрут якога пралягаў па пр. Незалежнасці Абвінавачаныя і адвакаты прасілі правесці асабісты допыт гэтага сведкі, аднак суддзя адмовіўся, палічыўшы адсутнасць сведкі у Мінску па службовай прычыне дастатковай нагодай, каб зачытаць яго паказанні ў яго адсутнасць.

14:39

Наступны сведка — пенсіянерка, якая спачатку была чальцом інімцыятыўнай групы Някляева, збірала за яго подпісы. Яна расказвае, што даўно ведае Барысава, і ён сам прапанаваў збіраць подпісы за Някляева. Кажа, што за адзін подпіс ёй абяцалі 1 000 рублёў. Адвакат кажа, што сведчанні не могуць мець дачынення да справы. Суддзя пратэст адхіліла.

Пенсіянерка паведаміла, што сабрала 60 подпісаў, здала іх Барысаву, але грошай не атрымала. «Да Някляева прэтэнзій не маю, яму і так дасталося».

14:06

Судовае пасяджэнне працягнутае, зараз будзе дапытаны сведка Сяргей Лукашоў.

Ён восенню 2010 года прадаў свой аўтамабіль Volkswagen Transporter. пазней менавіта гэты мікрааўтобус зацікавіў супрацоўнікаў ДАІ на вуліцы Калектарнай вечарам 19 снежня. Сведка распавёў аб акалічнасцях продажу аўтамабіля. Ён мае прэтэнзіі да пакупнікоў, яны не паставілі мікрааўтобус на ўлік у неабходны тэрмін. Менавіта праз гэта следчыя знайшлі Лукашова.

12:37

Абвешчаны перапынак да 14:00

Суддзя спрабавала чытаць матэрыялы справы, але адвакаты і падсудныя настаялі на тым, каб спачатку былі апытаныя ўсе сведкі, бо іх паказанні могуць значна паўплываць на хаду справы.

12:18

Зараз у судзе сведчыць супрацоўнік адной з мінскіх друкарняў. Ён паведаміў, што яго друкарня выконвала замовы штабоў Саннікава і Някляева, дамовы з друкарняй былі падпісаныя асабіста Ярмошынай. Пракурор запытаў, ці былі ў агітацыйных матэрыялах заклікі да супрацьпраўнай дзейнасці. Сведка паведаміў, што не памятае, але ўсе матэрыялы агітацыйныя зацвярджаў ЦВК і ён пэўны ў іх законнасці.

Перапынак на 10 хвілін, сёння са сведкаў ніхто не прыйшоў і адвакаты пажадалі даведацца, колькі іх яшчэ павінна з’явіцца ў суд і хто яны. Суддзя пагадзілася даць такую інфармацыю.

11:39

Зараз сведчыць намеснік рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч.

«Вечарам 19 снежня я прысутнічаў на Плошчу ў якасці журналіста. Я лічыў, што гэта выключная тэма і яе трэба асвятляць. Марціновіч адзначыў, што на Кастрычніцкай плошчы грала гучная музыка, якая замінала кандыдатам камунікаваць з людзьмі, адзначае, што людзі на плошчы мелі святочны настрой. «Я не разумею якім чынам натоўп выйшаў на праспект. У пэўны момант людзі проста выйшлі на праезжую частку". Марціновіч таксама паведаміў, што добра ведае Фядуту, паведаміў, што Фядута адгаворваў сваіх студэнтаў з ЕГУ ісці на Плошчу.

Марціновіч таксама паведаміў, што Рымашэўскі заклікаў не біць шкло.

Следам суддзя зачытаў паказанні сведкі-міліцыянта, якія ён даваў падчас следства, з матэрыялаў справы. Сам сведка захварэў і ў суд не з’явіўся.

Адвакаты і падсудныя прасілі перанесці допыт сведкі на іншы дзень, аднак суддзя адмовілася.

Паводле гэтых сведчанняў, шэсце на Плошчы ўзначальвалі Статкевіч, Саннікаў, Халіп, Рымашэўскі, Ус і Кастусёў. разам з іміў галаве калоны рухаліся Севярынец і Зміцер Бандарэнка.

11:11

Пётр Марцаў: „Наша канцэпцыя на прадугледжавала незаконных дзеянняў, непрызнання выбараў, увядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі“. Марцаў таксама зазначыў, што штаб Някляева не працягнуў з ім супрацоўніцтва і не выкарыстаў яго канцэпцыю ў якасці выбарчай праграмы».

10:59

Зараз сведчыць Пётр Марцаў — прадпрымальнік і выдавец. Пракурор задае яму пытанні па стратэгіі дзеянняў штаба Някляева, якая далучаная да матэрыялаў справы. Марцаў ззаначыў, што аб сцэнары дзеянняў на Плошчы нічога не гаваралыся. на яго думку стратэгія датычыла толькі магчымага варыянту развіцця падзей.

Марцаў браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі дзеянняў штаба Някляева. «Канцэпцыя дзеянняў і план дзеянняў — гэта розныя дакументы», — кажа ён.

10:44

Луканін: «Я чуў, як Віталь Рымашэўскі заклікаў не біць шкло. Усё, што я чуў ад кандыдатаў у прэзідэнты — гэта заклікі да мірнага ходу акцыі. Да міліцыі яны звярталіся з тым жа. Я думаю, калі б супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе адэкватна, без правакацыі, нічога б не адбылося. Супрацоўнікі міліцыі спрацавалі вельмі кепска».

10:37

Наступны сведка — Сяргей Луканін, удзельнік акцыі пратэсту 19 снежня. Ён таксама ішоў з Рымашэўскім ад Прывакзальнай плошчы. Луканін быў у складзе дружыны Рымашэўскага, ён распавёў аб правакцыі супраць Рымашэўскага, якая адбылася на Прывакзальнай, Таксама пацвердзіў, што на Кастрычніцкай было вельмі шумна з-за музыкі з калонак.

10:15

Суд аднавіўся. Суддзя паведаміла, што сёння працягнецца допыт сведкаў.

Першай сакратарка запрасіла ў залу суда правабаронцу Насту Лойка. Яна распавядае аб тым, што бачыла вечарам 19 снежня ў цэнтры Мінска. Лойка расказала, што спачатку была на Прывакзальнай плошчы, адкуль пайшла з калонай Рымашэшскага на Кастрычніцкую, затым — на Плошчу Незалежнасці. Гаворыць аб мірным характары акцыі, перашкодах з боку камунальных службаў. "Мне падалося, што рух па Праспекце Незалежнасці быў перакрыты яшчэ да выхаду людзей на яго", -- кажа яна.

10:05

Не з’явілася адвакатка Дзмітрыева — абвешчаны перапынак.

***

11 мая працягнецца працэс Някляева, Рымашэўскага і іх паплечнікаў. Трэці дзень працэсу — 10 мая — прынёс міні-сенсацыю. Нарэшце стала вядома, хто здзейсніў напад на калону Някляева. Паводле сведчанняў сведкаў-даішнікаў, складзеных пад прысягай, «людзьмі ў чорным» былі супрацоўнікі міліцыі.
На 11 мая прызначаны працяг апытання сведкаў. Калі скончыцца гэты ўнікальны ў сусветнай гісторыі працэс (абвінавачанымі на ім выступаюць адразу два экс-кандыдата ў прэзідэнты краіны) пакуль не бярэцца сказаць ніхто.

Варта зазначыць, што яшчэ перад пачаткам працэсу суда лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў праз жонку Вольгу перадаў зварот у Мінскі гарадскі суд. Някляеў просіць спыніць супраць яго і іншых удзельнікаў Плошчы крымінальную справу за адсутнасцю склада злачынства. Сваёй віны паэт не прызнае.

Усе абвінавачаныя, акрамя Някляева, раней былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе. Лідар «Гавары праўду» дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Онлайн-рэпартаж з першага дня суда чытайце тут, з другога — тут, з трэцяга — тут.

Усе абвінавачваюцца на падставе часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), што караецца максімальным тэрмінам у тры гады.

Суддзёй выступае Жанна Жукоўская. Яна ўжо трапіла ў спіс невыязных у краіны Еўрасаюза пад 153-м нумарам.

Менавіта за «Плошчу» асуджана ўжо 14 чалавек: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?