11 мая Нацбанк дазволіў свабодны курс наяўнай валюты. Журналіст НН атрымаў заданне наведаць шэраг мінскіх банкаў і абменнікаў і зрабіць здымкі.

 Фатографу Сяргею Гудзіліну пашчасціла больш, ён усё ж зрабіў здымак.

Фатографу Сяргею Гудзіліну пашчасціла больш, ён усё ж зрабіў здымак.

Абменны пункт «Белзнешэканомбанка», што каля ЦУМа, зачыніўся на тэхнічны перапынак перад самым носам. «Пайшлі цэннікі перабіваць», — жартуюць маладыя людзі ў чарзе, якая не адыходзіць ад абменніка, хоць той і не працуе.

Людзі па-ранейшаму дзяжураць каля абменнікаў. Навіну пра дэвальвацыю тут, здаецца, даўно чакалі. «Як думаеце, з’явяцца цяпер даляры?», — пытае бабуля загарэлага дзецюка, які абмахваецца газецінай. — «Хто яго ведае. Няхай бы ўжо з‘явіліся».

Факт дэвальвацыі, як падаецца, людзі ўспрынялі як дадзенасць. Галоўнае пытанне цяпер — калі з’явіцца валюта ў вольным продажы. Стаянне ў чэргах абрыдла.

Знайсці банк, які працуе па новым курсе, усё не ўдаецца. Заходжу, з парогу гляджу на табло і сыходжу. І я такі не адзін: на парозе чарговага абменніка натыкаюся на двух мужчынаў, якія сыходзяць, кінуўшы беглы позірк на «старыя» лічбы.

У адным з банкаў даводзіцца абараняцца, а заадно рэкламаваць сваё выданне.

«І чаму вы, беларускія журналісты, нічога не пішаце пра тое, што робіцца ў краіне?» — пытае мяне супрацоўніца. Адказваю, што мы пішам пра ўсё. «Пішаце? І дзе пра гэта можна пачытаць?».

І, нарэшце, удача — адно з аддзяленняў «Белпрамбудбанка» на праспекце Незалежнасці парадавала новым курсам. Пытаю дазволу ў супрацоўнікаў зрабіць колькі кадраў. Мяне накіроўваюць да загадчыцы аддзялення. Тая не наважваецца на самастойнае рашэнне і тэлефануе вышэй. «Нельга? Добра, перадам», — кажа яна ў слухаўку і звяртаецца да мяне. — «Нельга. Раздрукуйце, калі ласка, новы курс на нашым сайце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?