Звольненая настаўніца Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Іллініч атрымала 117 грашовых пераводаў у рамках акцыі ў яе падтрымку, якая стартавала 1 красавіка.

Ільініч паведаміла, што сярэдняя сума пераводаў складае каля 50 тыс. рублёў.

«Больш за ўсё мяне кранулі пяць тысяч рублёў, якія даслаў жыхар вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ад некаторых я атрымала ўжо два пераводы», — адзначыла педагог.

Паводле яе слоў, пераводы, а таксама цёплыя словы падтрымкі ад калег, у тым ліку знаёмых па курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінску і па творчай акцыі школьнікаў «Што я ведаю пра Еўропу?» у Вільні, сведчаць пра тое, што «людзі жадаюць, каб праўда перамагла». «Яны падтрымліваюць мяне ў гэтым імкненні», - сказала Ільініч.

«Сіла акцыі салідарнасці ў тым, што дзяржава не можа ёй перашкодзіць. Чыноўнікі хацелі зрабіць мне дрэнна, каб я вінаватая перад імі. Аднак сваімі дзеяннямі дзяржава выклікала хвалю спагады сярод грамадзян», — адзначыла настаўніца.

Яна выказала ўдзячнасць усім, хто падтрымаў яе ў цяжкую хвіліну і дазволіў захаваць веру ў дабро і людскасць.

Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі Наталля Ільініч была звольненая 27 студзеня дырэктарам школы Наталляй Мяркулавай. Педагог лічыць, што звальненне звязанае з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ільініч 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі», даследуе нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскай фестываль — свята, якое любяць школьнікі і добра ведае грамадскасць. Сярод яе выхаванцаў — філосафы, сацыёлагі, гісторыкі і фалькларысты.

Ільініч з'яўляецца прыхільніцай ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Прымала актыўны ўдзел у шэрагу выбарчых кампаній — збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў і была назіральнікам.

***

Грошы настаўніцы Наталлі Ільініч можна высылаць паштовым пераводам:

222813 Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Талька, вул. Васільева 18. Ільініч Наталлі Валянцінаўне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?