У судзе Маскоўскага раёна Мінска 12 мая агучаныя прысуды ў дачыненні да групы ўдзельнікаў акцыі 19 снежня. Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч - да 3,5, Яўген Сакрэт - да 3, Сяргей Казакоў - да 3, Дзмітрый Даронін - да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч - да 3 гадоў калоніі строга рэжыму. Такія пакаранні вынесла 12 траўня Алена Шылько, суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска.

Фігуранты крымінальнай справы абвінавачваліся паводле крымінальнага артыкула «масавыя беспарадкі». Усе яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 19 снежня.

11 траўня дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць падсудных: Лобана і Федаркевіча — трыма з паловай гадамі калоніі строгага рэжыму, Сакрэта, Казакова, Дароніна, Мацукевіча — чатырма гадамі зняволення, паведамляе Радыё Свабода.

***

Такім чынам колькасць асуджаных за Плошчу, з улікам превэнтыўна затрыманых, а затым асуджаных Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобана, дасягнула 22 чалавек.

За ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка. Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

***

Тым часам працягваюцца чатыры суды. На лавах падсуденых знаходзяцца 21 чалавек.

У судзе Ленінскага раёна 11 мая пачаўся працэс над кандыдатамі ў прэзрдэнты Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Усам. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца насіллем над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Разам з былымі кандыдатамі судзяць Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова і Аляксандра Класкоўскага. Па версіі следства, яны з’яўляюцца «найбольш актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў». Першыя чацвёра абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Класкоўскаму прад’яўлена абвінавачанне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы).

У судзе Заводскага раёна Мінска праходзіць працэс над Ірынай Халіп — жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Паўлам Севярынцам — кіраўніком штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага і Сяргеем Марцалевым — кіраўніком штаба Мікалая Статкевіча. Яны абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

У судзе Партызанскага раёна слухаецца справа экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама ўдзельнікаў акцыі Ільі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

У судзе Фрунзенскага раёна судзяць двух былых кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама членаў іх каманд Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту, Насту Палажанку і Сяргея Вазняка. Яны абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Вазняк акрамя гэтага абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 401 КК (заведама непраўдзівае паказанне).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?