Вось дзіўна, звычайны поп-конкурс, удзельніка якога ў Еўропе праз месяц могуць і не ўзгадаць, для нас і для нашых усходніх суседзяў пераўтвараецца ў абарону гонару краіны.
Для еўрапейцаў куды прэстыжней выступіць на Гластанбэры. Але, пакуль Гластанбэры застаецца для нас недасяжным, а людзі, якія музыкай не цікавяцца, не ведаюць, што гэта такое, нам важна перамагчы на Еўрабачанні. Ну, пабачым, каго падрыхтавалі нам у канкурэнты, і чым Беларусь будзе імкнуцца здзівіць Еўропу.

Dino Merlin — Love in rewind (Bosnia & Herzegovina)

Дзіна Мэрлін, які прадстаўляе Боснію і Герцагавіну, робіць вылазку на тэрыторыю амерыканскага неафолка з песняй Love in Rewind. Выглядае гэта так, быццам нехта з жыхароў паўднёвай часткі ЗША, ўзяўшы зранку ў рукі гітару, раптоўна падумаў, што нядрэнна было б дадаць у класічную фолк песню сінтэзатары, і сінтэтычны гук з 80-х (праз які фолк, дарэчы, у свой час і сапсаваўся). Што дзіўна, вушы сінтэтыка не рэжа — канцэнтрацыя «80-х» у аранжыроўцы не перавышае дапушчальнай нормы, але ставіць грошы на Дзіна Мэрліна я б не стаў:

у фінал ён магчыма і выйдзе, але пра перамогу гаворка не ідзе.

Nadine Beiler — The Secret Is Love (Аўстрыя)

Аўстрыя сёлета прыехала на Еўрабачанне з баладай пра каханне. Скажам шчыра, вакальная партыя ў Надзін Бэйлер складаная, але яна дае рады. Але! Па-першае, такіх балад пра каханне яшчэ з 50-х гадоў было выканана столькі, што адрозніць гэтую ад тысяч такіх самых змогуць толькі фанаты спявачкі. Пры чым гаворка зараз ідзе не толькі пра тэкст: і манера выканання, і мелодыя, і размашыстыя бэк-вакалы — усё гэта разам мы чулі далёка не адзін раз.

Цяпер пытанне ставіцца так: будзем галасаваць за прыгожую дзяўчыну з неблагім вакалам?

Нідэрланды. 3JS — Never Alone

Ізноў балада. Гуртоў, з якіх нідэрландцы бяруць прыклад таксама — ого-го! Не верыце? Уключыце радыё — там паміж 75 адсоткамі беларускай музыкі будзе гучаць нешта падобнае. Адзінае, што звычайна такія песні спяваюць амерыканцы ды англічане. Але цяпер спяваюць усе, і Нідэрланды тут — не вынятак. Калі б гэтую песню ды гадоў на 25 назад, яе б змог спяваць Том Пэці, і яна б стала класікай, а цяпер…. Карацей, у фінал яны могуць і прайсці, але ці будуць Нідэрланды ганарыцца гэтым? Тым не менш, зроблена песня якасна, у адрозненне ад некаторых узгаданых вышэй радыёхітоў.

Witloof Bay — With Love Baby (Бельгія)

А вы любіце вакальныя калектывы? Гэтыя бельгійскія хлопцы і дзяўчаты, якія галасамі замяняюць і бас і бубны — здаецца, фаварыты. Выступіць на Еўрабачнні з прыфанкаванай песняй, якая выконваецца ўвогуле без інструментаў — хіба не здорава? Тым больш песня прымушае ўзгадаць 70-я гады — росквіт фанка, ды і харызма ў спадароў бяльгійцаў такая, што можна выступаць увогуле без шоў, і ўсё адно ўзнікне жаданне паслухаць іх альбом цалкам. Чаго, дарэчы, не скажаш пра папярэдніх выканаўцаў. Такая поп-музыка нам бы не зашкодзіла.

Славакія Twiins — I’m Still Alive

Ведаеце, што самае цяжкае ў аналізе Еўрабачання, хоць і такім суб’ектыўным? Праслухаць столькі песень пра каханне.

Часам пачынае здавацца, што песень не пра каханне проста ў прыродзе не існуе.
Вось, напрыклад, тое, што гучыць зараз. Дзве дзяўчыны-блізняткі з аднолькавымі галасамі паказваюць, што добра вывучылі модную поп-музыку нулявых гадоў. Я, бадай што, вазьму назад свае словы пра 3JS, яны куды больш унікальныя. Адзінае, чым сёстры могуць пахваліцца — прыгожа гучаць два аднолькавыя галасы пры спевах ва ўнісон. Аднак, калі гаворка ідзе пра запісы, то тут усё прасцей: можна двойчы накласці адную і тую ж вакальную дарожку і мець такі самы вынік. З улікам таго, што Еўрабачанне поп-конкурс, мы ўсё разумеем, але ці трэба нам у фіналістах сярэднестатыстычны дзявочы праект?

Украіна. Mika Newton — Angel

Канечне, карціны з пяску нас вельмі-вельмі ўражваюць. Але каб нас гэтаксама ўразіла песня.

Украіна кожны конкурс прапаноўвае нам што-небудзь цікавае, магчыма таму, у 2011 годзе яны вырашылі зрабіць выключэнне.
Канечне, спадарыню Ньютан слухаць прыемна, але цяжка ўявіць, што робіш гэта па-за конкурсам. Тыповая пенся-аднадзёнка, аднак не без шанцаў на выхад у фінал. Пакуль што па густоўнасці ў лідарах для мяне застаецца Бельгія.

Малдова. Zdob si Zdub — So Lucky

Ну, гэта вядомыя героі — трошкі панкі, якія навучыліся шмат чаму ў маладых Ramones, і зараз дэманструюць гэта ў жывым эфіры. Першая вылазка на тэрыторыю рока за сённяшні дзень, і скажам шчыра — удалая. Прысутнасць на такіх конкурсах ужо вядомых калектываў — спрэчнае пытанне. Але ў гэтым выпадку я — толькі за.

Швецыя. Eric Saade — Popular

Ах, як шмат нам абяцаў уступ на бубнах. А пасля пачалася проза жыцця поп-музыканта. Шведы, усё ж такі пасля «Аббы» нічога цікавага на Еўрабачанне не прывозілі. Затое сам Эрык — харызматычны, а песня, заўважу, не пра каханне — адчуваеце каштоўнасць? Я, калі шчыра, ужо адчуваю. Гэтая песня, у адрозненне ад папярэдніх мае адну вельмі важную асаблівасць — яна запамінаецца, а гэта ўжо не мала. Спрачаюся, што яна яшчэ прагучыць у фінале.

Кіпр. Christos Mylordos — San Aggelos S’agapisa, А вось гэта ўжо моцна — прыгожая, этнічная песня можа перакрыць любы поп-хіт, памятаеце House of The Rising Sun? Вось. Калі Кіпр пераможа — я не здзіўлюся. І нават не будзем пра тое, што ў назве (калі яе, канечне, перакладаць) ізноў фігуруюць і анёлы, і каханне.

Проста этніка за стагоддзі свайго існавання змагла даказаць, што ў стане пасунуць любую поп-музыку.
А гэтую канкрэтную песню варта захаваць сабе на будучыню — будзе што пераслухаць, узгадваючы май 2011

Балгарыя.

Другая прыгожая песня запар — згадзіцеся, Еўрабачанне набыло прыемнае адценне. Аднак мелодыя нешта да болю нагадвае, ці не падкажаце? Магчыма, сакрэт у тым, што на такіх меладычных пераходах будуецца чвэрць усіх песен увогуле. Але вакал спадарыні Полі прымушае ўзгадаць адразу такіх людзей як Ніна Сімонэ. Ізноў простая дарога ў фінал.

Македонія. Vlatko Ilievski — Rusinka

Ой, што гэта было? Мне падалося, альбо Македонія вырашыла прывезці на Еўрабачанне неліцэнзійную копію Аляксандра Буйнова? Гэта, канечне, арыгінальна, але ў нашай культурніцкай прасторы такога шчасця, як спяваў адзін украінскі гурт, «па два вядры за траяк». Абсалютна не ўражвае, будзем спадзявацца, што для еўрапейцаў такія спевы — экзотыка, хаця хто не бачыў дзіўны аналаг П’еро з гармонікам? Цяпер ужо ўсе бачылі.

Ізраіль. Dana International — Ding Dong

Ведаеце, я ўзгадаў эстраду пачатку дзевяностых — той жа попс з прэтэнзіяй на стадыённае гучанне. Гэта не дрэнна, не. Прынамсі не будзе нічога дзіўнага, калі мы пачнем наперабой галасаваць за гэтую песню. Бо як паказвае практыка,

ніводная песня не мае ў нашай краіне такога эфекту як тая, што выбівае настальгічную слязу.
Больш і напісаць няма чаго.

Славенія. Maja Keuc — Vanilija

Прынамсі, гэта было прыгожа. Нагадала чымсьці ранні Garbage. Але на фіналіста не цягне, хаця

прыемны голас Маі вельмі і вельмі пасаваў бы для гучання ў рэстаранах, бо, з іншага боку: а дзе яшчэ слухаць музыку з Еўрабачання?
Сэнс у тым, што гэта такі прадукт, які мае асноўную задачу — прыносіць людзям станоўчыя эмоцыі, а ў прадстаўніцы Славеніі гэта атрымліваецца.

Адзінае, што у фінал яна трапіць наўрад ці — падобных песен на сённяшнім конкурсе прагучала ўжо дастаткова. Але калі б яна была адзіная — шансы б былі. І не благія.

Румынія. Hotel FM — Change

Ого!

Румынія лёгкім рухам рукі раптоўна пасоўвае папярэдніх намінантаў.
У вакаліста нешта ёсць ад ранняга Дэвіда Боўі (акрамя назвы песні) — меладычнасць, разумны тэкст (у параўнанні з іншымі), а таксама лёгкасць музыкі, якая спалучае ў сабе нават свінгавыя элементы і лёгкі французскі шансон гадоў 30-х. Румынія прыемна здзіўляе — гэта дакладны фаварыт (для мяне) на ролю фіналіста конкурсу. А песню трэ будзе знайсці.

Эстонія. Getter Jaani — Rockefeller Street

Нечакана бясколерна. Такіх песен сёння прагучала ўжо штук восем. Аднак, чым запомніцца Еўрабачанне: шмат добрых вакалістаў. У мінулы раз такога не было — нават фіналістка запомнілася нейкай размоўнай манерай спеваў. Што тычыцца Эстонііі — прыемна, што ў гэтай краіне ставяцца да Еўрабачання без фанатызму. Ёсць чаго павучыцца.

Беларусь. Anastasiya Vinnikova — I love Belarus

Хто прыдумаў пускаць гэты арнамент?

Нагадвае канцэрт «За Беларусь!, які памылкова адбыўся ў Дзюсэльдорфе, а не ля стэлы «Мінск — горад герой».
Толькі што святлавое шоу мацнейшае будзе. Спявае Віннікава не горш за канкурэнтак, і песня ў нас не пра каханне (а дакладней — як у старым анекдоце — пра «а бывае любоў да Радзімы, вось цяпер слайды»). Будучыня ў спявачкі ёсць. А вось у песні…. Давайце зробім выгляд, што нічога не было? А то, калі ў фінал не выйдзем… Як кажа вядоўца: «Падтрымаем. Гэта ж наша краіна!». Але нашыя густы для нас таксама маюць значэнне, рацыя?

Латвія. Musiqq — Angel In Disguise

Колькі даводзілася жыць у Латвіі, але такой музыкі я там не чуў. Рэч у тым, што сінці-поп ніколі не быў папулярным у Прыбалтыцы, і хітрыя балты, відаць, адпраўляюць такіх музыкантаў выключна на Еўрабачанне. Але зроблена ўсе ў прыбалтыйскім характары — сціпла, але з пачуццем стылю, якога нам, напрыклад, вельмі і вельмі бракуе. Наўрад ці гэтая песня застанецца ў гісторыі конкурсу, але паслухаць іх было прыемна. Пакуль што з усіх балтаў Латвія — найбольш цікавая.

Данія. A Friend In London — New Tomorrow

І тут раптоўна высвятляецца, што канцоўка паўфіналу таксама будзе напружанай. Дацкі гурт паказвае, што папулярная музыка там не скончылася брыт-попам і індзі-рокам, а змяшалася з электронікай і проста якаснымі англійскімі баладамі. За што Даніі дзякуй. Амаль упэўнены, што у суботу мы іх убачым. Гэта было проста прыгожа і з розумам.

Ірландыя. Jedward — Lipstick

Пасля моцнага выступу Даніі, ірландскі гурт проста губляецца, а ў Ірландыі ёсць такая традыцыя народных песень, якой не можа пахваліцца ні адна з вышэй пералічаных краінаў. Класічны выпадак: замест моцнай нацыянальнай культуры выкарыстоўваецца стэрэатыпізаваная масавая культура, замест аўтэнтычнасці — радыйны фармат. Наўрад ці мы яшчэ ўбачым гэты гурт. А на Ірландыю, прынамсі, я спадзяваўся.

Ну што? Самы цікавы момант! Чакаем рэзультатаў — хто галасаваў за нас, за каго галасавалі мы, і хто, урэшце, будзе ў фінале.

І вось спіс з дзесяці краінаў, што трапяць у фінал:

Эстонія Румынія

Малдова Ірландыя

Боснія Данія

Аўстрыя Украіна

Славенія Швецыя

І нават не крыўдна. Усё ж такі да еўрапейскага ўзроўню наша музыка пакуль не дацягвае. Як сёння жартавалі ў транспарце, калі б беларусы маглі галасаваць, у момант быў бы выдадзены Ўказ: хто прагаласуе тройчы — грэчка са зніжкай. Крыўдна, але сёлета гэта быў бы адзіны наш шанец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?