Пастанова аб адміністрацыйным правапарушэньні і пратакол правапарушэньня прыйшлі поштай на адрас маладзечанскага аддзела ДАІ ад калег з Удмурцкай рэспублікі Расеі. Паводле дакумэнтаў, наш зямляк парушыў расейскія законы тым, што ... пракруціў лішнюю дзірку мацаваньня задняга нумара грузавіка.

Зайздросную пільнасьць праявіў інспэктар палка дарожна-патрульнай службы Ўдмурціі, малодшы лейтэнант міліцыі І.Ф.Гізатулін. Здарэньне адбылося яшчэ 3 верасьня, у 03.20 ночы. Малодшы лейтэнант Гізатулін спыніў грузавік-фуру ДАФ на 50-м кілямэтры дарогі Елабуга-Перм. За стырном машыны быў кіроўца – жыхар Маладзечна. Падчас агляду машыны даішнік заўважыў, што задні нумарны знак устаноўлены з парушэньнем правілаў дарожнага руху Расейскай фэдэрацыі, а менавіта: «на знаку пракручаныя дадатковыя адтуліны для мацаваньня».

Гізатулін склаў пратакол, выпісаў штраф – 0,5 мінімальнага памеру аплаты працы (50 расейскіх рублёў, каля чатырох тысяч беларускіх). Напэўна, каб законнасьць прэтэнзій да беларуса і законнасьць спагнаньня грошай не выклікала ні ў кога сумненьняў, малодшы лейтэнант умудрыўся пасярод ночы знайсьці сьведку парушэньня правілаў, жыхара гораду Іжэўска Барыса Пятрова, які таксама падпісаў пратакол.

Кіроўца, відаць, зь нейкіх прычынаў штраф не аплаціў, таму камандзір палка дарожна-патрульнай службы Удмурціі С.А.Усатых накіраваў беларускім даішнікам адміністрацыйныя матэрыялы на маладзечанца, а таксама просьбу «ўтрымаць указаную ў матэрыялах суму з заработнай платы парушальніка альбо спагнаць штраф зь яго асабістай маёмасьці». Копіі плацёжных даручэньняў С.Усатых просіць пераслаць на ягоны адрас.

Каб законнасьць узяла верх, расейскія вартавыя парадку нават не пашкадавалі грошай на перасылку дакумэнтаў. Перасылка (паводле наклееных марак) каштавала 26 рублёў 70 капеек – г.зн. палову ад штрафу. Адпаведна, каб пераслаць расейцам копіі плацёжак нашым даішнікам прыйдзецца заплаціць такую ж суму.

Тым ня менш маладзечанскія праваахоўнікі не перастаюць захапляцца прынцыповасьцю і пільнасьцю расейскага міліцыянта і шкадуюць земляка. Кажуць, што бедны кіроўца ДАФ лішняй дзіркай, хутчэй за ўсё, хацеў проста засьцерагчыся ад страты нумарнога знаку на ўдмурцкіх дарогах.

Што тычыцца міліцыянэра, то некаторыя нашы работнікі прапануюць накіраваць расейскаму міністру ўнутраных спраў ліст са шчырымі захапленьнямі прафэсіяналізмам і прынцыповасьцю ў рабоце з падначаленымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?