З лідараў у банкруты ператварылася фірма-імпарцёр будаўнічых матэрыялаў.

Фірма, якой кіруе Аляксандр, пачала імкліва развівацца ў жніўні 2010 года. Яна займаецца імпартам будматэрыялаў. Але цяпер пра гэта можна з вялікай доляй верагоднасці казаць у мінулым часе. Калі праз тры тыдні сітуацыя не зменіцца да лепшага, заснавальнікі ліквідуюць кампанію і вывезуць капітал. І нават нягледзячы на гэта Аляксандр просіць не называць ягонае прозвішча і назву фірмы.

Бізнэс-партнёры Аляксандра прадказвалі валютны крызіс яшчэ пры канцы мінулага года. Большасць была ўпэўненая, што дэвальвацыя адбудзецца на мяжы зімы-вясны 2011-га.
Калі Нацбанк павялічыў тэрмін рэзервавання сродкаў на куплю валюты да 30 дзён, многія імпарцёры, кампанія Аляксандра ў тым ліку, не рызыкнулі гуляць па новых правілах. Праўда, нейкі час фірма яшчэ выкарыстоўвала легальныя, але складаныя схемы набыцця даляраў па курсе 3200—3500 рублёў за даляр.

Да праблем з валютай дадаліся іншыя моманты. Дзяржаўны мытны камітэт 24 лютага выдаў загад №63-ОД. Згодна з загадам, былі ўведзеныя індыкатывы на спіс імпартных тавараў, вырабленых па-за Мытным саюзам. Што зрабіла мыты на такія тавары значна вышэйшымі (часам у 50 разоў). Акрамя таго, увядзенне індыкатываў зрабіла памеры мытаў непрадказальнымі: імпарцёры пачалі завозіць тавары «ўсляпую», не ведаючы, якой будзе пошліна.

Цяпер на валютнай біржы можна купіць даляры, але па такой цане імпарт губляе сэнс. Каб выжыць, фірма прадае на экспарт беларускія тавары — аўтазапчасткі і нават мяса.
Больш за палову персаналу выправілі ў бясплатны адпачынак, рэшце ўрэзалі заробак. Над прадпрыемствам навісла пагроза банкруцтва. «У любым разе, калі мы і выстаім, то спатрэбіцца год-два, каб акупіць страты ад гэтага крызісу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?