Сёньня ў другой палове дня на кватэры баранавіцкага грамадзкага актывіста, былога выкладчыка гуманітарных дысцыплін эканамічна-юрыдычнага каледжа Віктара Сырыцы прайшоў ператрус, які доўжыўся тры гадзіны. Рабілі яго тры міліцыянты і тры чалавекі ў цывільным.

Як зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам "НН" сп. Сырыца, пастанову аб ператрусе падпісаў намесьнік пракурора Баранавічаў сп. Бесан. Падстава -- была скрадзена жаночая сумачка, і міліцыянты праводзілі рэйд па "падазроных кватэрах". Падчас ператрусу ў шафе была знойдзена скрыня з 20 баявымі патронамі. Сп. Сырыца адмаўляе сваю датычнасьць да яе: "Мая зброя - слова, а ня гэтыя здаровыя, блішчастыя патроны". Апроч патронаў, былі таксама канфіскаваныя два сыстэмныя блёкі ад кампутара, улёткі, перавыбарчая дакумэнтацыя.

Пасьля ператрусу Віктара Сырыцу адвезьлі ў Баранавіцкі РУУС, дапыталі ў справе "зьнікненьня сумачкі" ды завялі крымінальную справу адносна захоўваньня патронаў. Увечары ён быў адпушчаны, але допыты ў справе захоўваньня патронаў пройдуць найбліжэйшымі днямі.

Сырыцу 53 гады, ён узначальвае Баранавіцкую суполку ТБМ і быў звольнены з працы за ўдзел у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Ён мяркуе, што сёньняшні ператрус - гэта помста за ягоны ўдзел у кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. "Я многа каму дапамагаю падчас гэтае кампаніі", - кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?